Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкая парафія ў Тэхасе адкрыла рэстаран, каб даць працу беспрацоўным
21.04.2016 14:52

Рэстаран мексіканскага грыля «La Tilma», які знаходзіцца пад кіраўніцтвам адной з парафій у горадзе Эль-Паса, не корміць бясплатна, затое нядорага прадае смачную ежу і дае працу і заробак частцы беспрацоўных.

«La Tilma» не атрымлівае прыбытак і з'яўляецца дабрачыннай ініцыятывай — парафія арганізавала яго, каб проста падтрымаць людзей, якія не маюць працы.

Заробленых грошай хапае на ўтрыманне рэстарана і заробкі патрабуючым — гэтага парафіянам дастаткова. Дзякуючы гэтаму «La Tilma» прапануе лепшыя кошты на мексіканскія прысмакі ва ўсім горадзе.

«Можна называць гэта сацыяльным прадпрымальніцтвам. Наша мэта — стварыць працоўныя месцы для людзей у гэтым раёне», — сказаў менэджэр рэстарана Джэймс Марцінэс.

«Людзі прыходзяць і купляюць, таму што кошты вельмі нізкія. А ў выпадку крайняй патрэбы мы можам і нічога не ўзяць за ежу», — дадае ён.



Зараз у рэстаране працуюць восем чалавек поўны працоўны дзень, а таксама наймаюцца часовыя дадатковыя працоўныя пры вялікіх замовах.

Плацяць $9,09 у гадзіну, што вышэй за сярэдні мінімальны заробак у Тэхасе — $7,25 у гадзіну.

Акрамя працы і заробка рэстаран дае людзям магчымасць атрымаць новыя навыкі, каб заняцца ўласным бізнесам.

«Нам не патрэбная рэклама. Калі нас клічуць забяспечыць ежу на вечарыне ці мерапрыемстве, нехта нас рэкамендуе. Вось як большасць мясцовых людзей пра нас даведалася», — кажа менэджэр.

Аляксандр Гелагаеў паводле catholiccourier.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.