Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Абхазіі забаранілі аборты
10.02.2016 12:44

Прэзідэнт непрызнанай рэспублікі Абхазіі Рауль Хаджымба падпісаў закон, які забараняе аборты.

«Гэты закон прайшоў праз парламент Абхазіі і падпісаны вышэйшым кіраўніком», — паведаміў для «Интерфакс-Религия» выканаўчы дырэктар Фонда свяціцеля Рыгора Багаслова Леанід Севасцьянаў.

Заснавальнікам Фонда свяціцеля Рыгора Багаслова з’яўляецца кіраўнік сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Раней гэты фонд, каб супрацьстаяць практыцы абортаў, заснаваў аўтаномную некамерцыйную арганізацыю «Захаваем жыццё разам».

«Мы праводзілі сваю праваабарончую дзейнасць на тэрыторыі Абхазіі з тым, каб кіраўніцтва рэспублікі пабачыла неабходнасць забароны абортаў, абароны права дзіцяці на нараджэнне. Гэта прэцэдэнт, які ўвойдзе ў гісторыю праваабарончага руху», — заявіў суразмоўца агенцтва.

Ён спадзяецца, што прыняцце згаданага закона паслужыць падставай для таго, каб і расійскія рэгіёны перагледзелі сваё заканадаўства ў плане супрацьабортнай дзейнасці.

«Мы ведаем, што на тэрыторыі Чачні, Татарстана ўжо ідзе абмеркаванне ініцыятывы, распачатай у Абхазіі, і разглядаецца магчымасць забароны абортаў», — дадаў Леанід Севасцьянаў.

Выступаючы ў канцы студзеня на IV Калядных парламенцкіх сустрэчах, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у чарговы раз заклікаў вывесці аборты з сістэмы АМС (Абавязковага медыцынскага страхавання), заканадаўча абараніць права на жыццё з моманту зачацця, выключыць са свабоднага продажу хімічныя абартыўныя сродкі, праводзіць абавязковыя кансультацыі жанчын, якія адважыліся на аборт, з псіхолагамі.

«І калі нас нехта пачынае супакойваць, казаць, што вашы прапановы неэфектыўныя, што хтосьці там супраць, скажыце, калі ласка, што можа быць важней, чым выратаваць жыцці гэтых ненароджаных, забітых мільёнаў нашых дзяцей? Мы будзем гаварыць на гэтую тэму да таго часу, пакуль не зменіцца сітуацыя!» — падкрэсліў іерарх.

(AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.