Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Трэба жыць братэрскім стылем»
Слова Папы
19.02.2015 15:28

«Cёння, як ніколі, важна паставіць братэрства ў цэнтр нашага тэхнакратычнага і бюракратычнага грамадства», — адзначыў Папа Францішак 18 лютага падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. 

 

Працягваючы цыкл катэхез на тэму сям’і, Пантыфік распавёў пра адносіны паміж братамі і неабходнасць будавання братэрства для перамогі над нянавісцю і насіллем.

 

«Братэрства — цудоўнае. Езус Хрыстус давёў да поўні таксама і гэты чалавечы досвед — быцця братамі і сёстрамі — уключаючы яго ў трынітарную любоў і ўмацоўваючы яго такім чынам, каб сягаў далей за сваяцкую сувязь і мог пераўзысці любую сцяну адчужанасці», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што разбурэнню братэрскай сувязі часта спадарожнічаюць канфлікты, нянавісць і здрада, і нагадаў пра першы ў гісторыі прыклад падзелу паміж братамі, які працягвае адбівацца рэхам на працягу гісторыі.

«Пасля забойства Абэля Бог спытаў Каіна: “Дзе Абэль, брат твой?” Гэтае пытанне Пан працягвае паўтараць у адносінах да кожнага пакалення. І, на жаль, у кожным пакаленні не перастае паўтарацца драматычны адказ Каіна: “Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго”. Калі разбураецца сувязь паміж братамі, адбываецца дрэнная, вельмі кепская справа для чалавецтва», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік заўважыў, што братэрская сувязь фарміруецца ў сям’і, у атмасферы навучання дзяцей адкрытасці да іншых. «Сям’я — гэта вялікая школа свабоды і міру», — адзначыў Святы Айцец.

«У сям’і браты вучацца чалавечаму суіснаванню, вучацца таму, як трэба жыць разам у грамадстве. Магчыма, мы не заўсёды гэта ўсведамляем, але менавіта праз сям’ю братэрства ўваходзіць у свет! Пачынаючы з гэтага першага досведу братэрства, умацаванага любоўю і сямейным выхаваннем, братэрскі стыль выліваецца як надзея на ўсё грамадства і на адносіны паміж народамі», — падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра каштоўнасць братэрства, Святы Айцец заўважыў, што без яго нават свабода і роўнасць могуць напоўніцца індывідуалізмам, канфармізмам і карыслівасцю, чаму існуе шмат прыкладаў у гісторыі.

Папа падкрэсліў, што асаблівым чынам братэрства ззяе ў клопаце, цярплівасці і любові, якімі ў сям’і атуляюцца «самыя слабыя брацікі і сястрычкі, хворыя, носьбіты інваліднасці». Папа прызнаўся, што перад аўдыенцыяй прывітаў сям’ю з дзевяццю дзецьмі і выказаў захапленне дапамогай, якую старэйшыя з іх аказваюць бацькам у клопаце пра малодшых.

«Мець брата ці сястру, які любіць цябе, — гэта моцны, бясцэнны дар, незаменны нічым досвед. Гэта тычыцца таксама і хрысціянскага братэрства. Самыя малыя, самыя слабыя, самыя бедныя павінны рабіць нас мякчэйшымі: яны маюць “права” авалодваць нашай душой і сэрцам. Так, яны з’яўляюцца нашымі братамі, і мы павінны любіць іх і адносіцца да іх так. Калі гэта адбываецца, калі бедныя адчуваюць сябе як дома, ажывае таксама і наша хрысціянскае братэрства. Хрысціяне ідуць насустрач бедным і слабым не таму, што падпарадкоўваюцца пэўнай ідэалагічнай праграме, але таму, што слова і прыклад Пана ім кажуць, што мы ўсе з’яўляемся братамі паміж сабой», — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў у цішыні ўзгадаць пра сваіх братоў і сясцёр і памаліцца за іх. На заканчэнне аўдыенцыі Папа нагадаў пра неабходнасць добрага і адказнага выкарыстання часу Вялікага посту, які пачаўся ў гэты дзень, для ўмацавання духоўнага жыцця.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.