Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVІ аб святым Францішку з Асізі: паміж святасцю і радасцю існуе непарыўная сувязь
Слова Папы
27.01.2010 16:38

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 27 студзеня 2010 г. у Апостальскай Сталіцы, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвоціў вернікаў імкнуцца да жыцця ва ўбостве і стрыманасці. Катэхезу Пантыфік прысвяціў постаці «волата веры» — святога Францішка з Асізі.

Як адзначыў Папа, у 1208 г. будучы святы адчуў пакліканне да ўбогага жыцця прапаведніка, а праз год накіраваўся ў Рым, каб прадставіць папу Інакенцію ІІІ праект новай формы хрысціянскага жыцця. Праект быў адобраны Папам, які адчуў Боскае паходжанне новага руху. Бядак з Асізі, у сваю чаргу, разумеў, што кожная харызма з’яўляецца дарам Духа Святога і таму павінна служыць Касцёлу як містычнаму Целу, і з гэтай прычыны заўсёды дзейнічаў у згодзе з касцёльнымі ўладамі. У гэтым кантэксце Бэнэдыкт XVI заўважыў, што «ў жыцці святых не бывае канфлікту паміж прароцкай харызмай і харызмай улады — калі ж адчуваецца пэўная напружанасць, яны ведаюць, што належыць цярпліва чакаць умяшальніцтва Духа».

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў ролю св. Францішка ў дыялогу з ісламам. «Узброены толькі верай і асабістай лагоднасцю, ён паспяхова крочыў шляхамі дыялога», — адзначыў Папа. Таксама Пантыфік звярнуўся да тэмы першых гадоў дзейнасці новага ордэна, калі вучні святога засноўвалі кляштары ў розных краінах Еўропы і нават у Марока. У 1219 г. св. Францішак атрымаў дазвол на тое, каб выехаць у Егіпет дзеля размовы з мусульманскім султанам Мелек эль-Камелем і абвяшчэння ў гэтай афрыканскай краіне Евангелля. Па словах Бэнэдыкта XVI, св. Францішак — сапраўдны ўзор для наследавання хрысціянамі і мусульманамі ў сваіх узаемаадносінах, узор кіравання каштоўнасцямі справядлівасці, узаемнай павагі і разумення.

Таксама Папа ўзгадаў пра пілігрымку св. Францішка ў Святую Зямлю і пра асаблівы клопат францішканаў аб святых мясцінах. З гэтай нагоды Папа выказаў удзячнасць францішканам Кустодыі Святой Зямлі за іх дзейнасць, падкрэсліўшы разам з гэтым значэнне сведчання ўбоства, якое дазваляе «ўзрастаць у любові да Бога, сумяшчаючы яе з умеркаванасцю і адарванасцю ад матэрыяльных дабротаў».

Па словах Пантыфіка, святыя з’яўляюцца таксама найлепшымі інтэрпрэтатарамі Святога Пісання, якія рэалізуюць Божае слова ў сваім жыцці. Святы Францішак імкнуўся падкрэсліць фундаментальную вартасць унутранага і знешняга ўбоства, вучачы гэтаму і сваіх духоўных сыноў.

Папа звярнуў увагу таксама на любоў і клопат святога ў адносінах да прыроднага свету. «З любові да Хрыста нараджаецца любоў да людзей і да ўсіх Божых стварэнняў», — дадаў Пантыфік. Было ўзгадана таксама значэнне характэрнага для францішканаў паўсюднага братэрства і прызнання таго, што ў стварэнні праяўляюцца мудрасць і дабрыня Стварыцеля. «Святы Францішак разумеў прыроду як мову, якая гаворыць нам аб Богу і якой мы таксама можам гаварыць аб Ім, — адзначыў Бэнэдыкт XVI. — Францішак быў вялікім святым і радасным чалавекам. Яго прастата, пакора, вера, любоў да Хрыста і дабрыня ў адносінах да кожнага чалавека дапамагалі яму заставацца радасным у любой сітуацыі. Паміж святасцю і радасцю існуе цесная і непарыўная сувязь».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.