20 ліпеня была апублікавана афіцыйная праграма аднадзённага візіту Папы Францішка ў Асізі. Пантыфік адправіцца ў пілігрымку 4 жніўня, нагодай для яе стане 800-годдзе адпусту «Portiuncula».
Трыма пунктамі візіту стануць асабістая малітва ў храме «Portiuncula», медытацыя, а затым сустрэча з хворымі братамі і святарамі з інфермерыі, якая дзейнічае пры кляштары францішканаў.
Прыбыццё Папы ў Асізі запланавана на другую палову дня. У 15.40 ватыканскі верталёт чакаюць на спартыўнай пляцоўцы горада. Святога Айца сустрэнуць касцёльныя і муніцыпальныя ўлады. Пасля прывітання Пантыфік адразу скіруецца ў базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі ў Асізі, унутры якой знаходзіцца капліцай «Portiuncula». Тут Папу Францішка чакаюць у 16.00.
Пантыфік застанецца некаторы час у «Portiuncula» на асабістай малітве, а затым прапануе вернікам сваё разважанне, заснаванае на фрагменце Евангелля паводле Мацвея, калі Пётр спытаў Езуса: «Калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму?» (Мц 18, 21-35). Святы Айцец таксама прывітае біскупаў і настаяцеляў Ордэна францішканаў, прысутных у базыліцы, а затым адправіцца ў інфермерыю, дзе наведае хворых братоў і святароў і паразмаўляе з персаналам гэтай установы.
Пасля гэтай кароткай сустрэчы Папа выйдзе з базылікі, каб прывітаць вернікаў, сабраных на плошчы перад ёй. Адсюль каля 18.00 Пантыфік адправіцца ў аўтамабілі на тую ж спартыўную пляцоўку, каб адтуль на верталёце вярнуцца ў Ватыкан.
Назва адпусту «Portiuncula» (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць св. Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць. Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і святой Камуніі наведае гэтае месца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|