Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа правёў у Ерэване экуменічную малітву аб міры
Святы Айцец
25.06.2016 23:57

Вечарам 25 чэрвеня Папа Францішак разам з Вярхоўным Патрыярхам і Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ правёў у Ерэване экуменічную сустрэчу за мір.

Пантыфік выказаў надзею, што прыйдзе дзень, калі Каталіцкі Касцёл і Армянская Апостальская Царква з’яднаюцца перад алтаром Пана ва эўхарыстычным адзінстве. Гэты шлях да ўз’яднання, па словах Папы, асвятляюць прыклады шматлікіх сведкаў, у тым ліку хрысціянскіх мучанікаў. Святы Айцец узгадаў Каталікоса ўсіх армян св. Нэрсэса Шноралі, які быў перакананы, што для адзінства ўсіх хрысціян недастаткова «добрай волі некага ў Касцёле»: патрэбна паўсюдная малітва. «Менавіта аб дары малітвы я прыйшоў сёння прасіць вас», — прызнаўся Пантыфік.

Папа нагадаў аб вучэнні св. Нэрсэса, які заклікаў узрастаць ва ўзаемнай любові, бо толькі яна «здольная аздараўляць памяць і залечваць раны мінулага». «Па яго прыкладзе мы закліканы з адвагай пазбаўляцца зацвярдзелых перакананняў і ўласных інтарэсаў у імя любові, якая прыніжаецца і прыносіць сябе ў дар, у імя пакорлівай любові: яна з’яўляецца благаслаўлёным алеем хрысціянскага жыцця, каштоўнай духоўнай маззю, якая вылечвае, узмацняе і асвячае», — сказаў Пантыфік.

Словы «спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю» з Евангелля паводле Яна (Ян 14, 27), які быў прачытаны падчас экуменічнай малітвы, заклікаюць, як сказаў Папа, выпрошваць у Бога дар міру. У ім мае вялікую патрэбу сучасны свет, пазначаны войнамі і канфліктамі, жорсткасцю і пераследамі, непаважлівым стаўленнем да чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра слабых, бедных і тых, хто просіць толькі годных умоў жыцця, дадаў Святы Айцец.

У гэтым кантэксце Пантыфік узгадаў вынішчэнне армян на тэрыторыі Асманскай імперыі ў 1915 г. і сказаў, што аб гэтых падзеях неабходна памятаць, каб яны служылі «перасцярогай ва ўсе часы, каб свет больш ніколі не пападаў у спіраль падобных памылак».

Папа звярнуўся і да армянскай моладзі, якой «належыць будучыня», у тым ліку намаганні па прымірэнні паміж народамі Арменіі і Турцыі і пабудове міру ў Нагорным Карабаху.

На завяршэнне сваёй прамовы Пантыфік узгадаў св. Грыгорыя з Нарэка, абвешчанага доктарам Паўсюднага Касцёла, а яго знакамітую «Кнігу пакутных песняў» назваў «духоўнай канстытуцыяй армянскага народа». «Яго ўніверсальная салідарнасць з усім чалавецтвам з’яўляецца вялікім хрысціянскім пасланнем міру, журботным крыкам, які выпрошвае міласэрнасць для ўсіх», — адзначыў Папа.

Экуменічная малітва аб міры адбылася на плошчы Рэспублікі ў Ерэване ў прысутнасці каля 50 тыс. чалавек. Яна завяршыла афіцыйную праграму другога дня Апостальскага візіту Святога Айца ў Арменію.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.