Пантыфік: Медыцына павінна служыць, а не выбіраць |
Святы Айцец
|
26.05.2016 14:05 |
Пра неабходнасць абароны жыцця, у тым ліку ненароджанага, нагадаў Папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму «Бараніць жыццё: перынатальны хоспіс як навуковы, этычны і чалавечны адказ на перадродавы дыягназ».
Форум прайшоў 25 мая ў рымскай клініцы «Джэмэлі» з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці.
У пасланні за подпісам Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна Святы Айцец цёпла прывітаў удзельнікаў падзеі, жадаючы ім «пастаянна ставіць сабе новыя мэты на службе людзям і развіцці медыцынскай навукі». Пры гэтым Папа заклікаў заўсёды спасылацца «на вечныя чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, спрабуючы максімальна і з найбольшай любоўю адказаць на праблему, якой з’яўляецца сітуацыя дзіцяці з цяжкімі паталогіямі, пашыраючы разуменне медыцыны як той, якая служыць, а не выбірае».
Выказваючы сваё задавальненне дасягненнямі перасаналу клінікі «Джэмэлі», Папа Францішак заклікаў урачоў і навукоўцаў штодзённа «рэалізоўваць Божую задуму аб жыцці, баронячы яго з адвагай і любоўю, у духу блізкасці, пры гэтым трымаючыся на адлегласці ад культуры адчужэння, якая прапануе толькі шляхі смерці, думаючы пра спыненні пакутаў праз знішчэнне пакутуючага».
Святы Айцец папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі і свайго служэння на Пасадзе св. Пятра, скіроўваючы сардэчныя прывітанні біскупам, усім арганізатарам і ўдзельнікам канферэнцыі і ўдзяляючы ім сваё благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|