Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Мексіцы: Вялікі пост – час, каб адкрыць вочы на несправядлівасці, якія атакуюць задуму Бога
Святы Айцец
14.02.2016 22:05

14 лютага ў межах візіту ў Мексіку Папа Францішак наведаў горад Экатэпек-дэ-Марэлас, дзе ўзначаліў святую Імшу.

Пантыфік нагадаў, што ў мінулую сераду ў Каталіцкім Касцёле пачаўся перыяд Вялікага посту – час падрыхтоўкі да святкавання вялікага свята Пасхі. Гэты перыяд, паводле слоў Папы, з'яўляецца цудоўным момантам для абнаўлення радасці і надзеі, якія дазваляюць адчуць сябе ўмілаванымі дзецьмі Айца. “Гэты Айцец нас чакае, каб пазбавіць адзення стомленасці, апатыі, недаверу і апрануць у годнасць, якую толькі сапраўдны бацька і сапраўдная маці здольныя даць сваім дзецям, у адзенне, якое ўтвараецца пяшчотнасцю і любоўю”, – сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ў сэрцы чалавека прысутнічае глыбокае жаданне Бога – гэта мара многіх людзей на працягу гісторыі, якая засведчана крывёю шматлікіх мучанікаў учора і сёння.

Падчас Вялікага посту, па словах Святога Айца, можна ўбачыць, як гэтаму жаданню заўсёды пагражае “бацька падману”, той, хто імкнецца раздзяліць людзей, ствараючы грамадства падзеленае і канфліктнае, грамадства выбраных і для выбраных. “Як часта мы адчуваем на сябе, ці на сваёй сям'і, на нашых сябрах ці блізкіх боль, які ўзнікае ад неадчування прызнання той годнасці, якую носім у сабе”, – сказаў Пантыфік.

Вялікі пост, адзначыў Святы Айцец, – гэта час, каб урэгуляваць пачуцці, адкрыць вочы на несправядлівасці, якія непасрэдна атакуюць мару і задуму Бога. Гэта час, каб сарваць маскі з трох вялікіх спакусаў: прыватызацыі дабротаў, празначаных для ўсіх, пошуку прывілеяў, “пяціхвіліннай хвалы”, заснаваных на адчужэнні “тых, хто з'яўляецца нікім”, а таксама пыхі і адчування сябе вышэй за “простых смяротных”, сказаў Папа. Па словах Пантыфіка, гаворка ідзе пра тыя самыя тры спакусы, з якімі Езус сустракаўся ў пустыні і якія імкнуцца знішчыць радасць і евангельскую свежасць.

“Мы выбралі Езуса, а не сатану; хочам ісці за Ім, але ведаем, што гэта нялёгка”, – падкрэсліў Папа Францішак і дадаў, што менавіта для гэтага Касцёл дае вернікам час Вялікага посту і запрашае да навяртання.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.