Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец наведаў бедныя кварталы Найробі
Святы Айцец
27.11.2015 15:10

27 лістапада Папа Францішак сустрэўся з жыхарамі квартала Канджэмі – аднаго з самых бедных раёнаў кенійскай сталіцы Найробі. Святы Айцец наведаў яго ў рамках свайго Апостальскага падарожжа ў Афрыку, якое здзяйсняе ў гэтыя дні.

Сустрэча прайшла ў мясцовай парафіі Св. Юзафа, рамесніка. У ёй прынялі ўдзел жыхары іншых бедных кварталаў Найробі. Пантыфік выслухаў некалькі сведчанняў і паглядзеў кароткі фільм аб жыцці мясцовага насельніцтва, яго штодзённых цяжкасцях і радасцях.

«На самой справе, тут я адчуваю сябе як дома, раздзяляючы гэты момант з братамі і сёстрамі, якія, не пасаромлюся сказаць, займаюць асаблівае месца ў маім жыцці і маіх рашэннях. Я тут таму, што хачу, каб вы ведалі, што вашы радасці і надзеі, вашы трывогі і пакуты мне не абыякавыя. Я ведаю пра цяжкасці, з якімі вы сустракаецеся дзень за днём. Як можна не асудзіць несправядлівасць, якую вы перажываеце?» – сказаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што бедныя кварталы характарызуюцца асаблівай мудрасцю, крыніца якой у каштоўнасцях, пра якія грамадства дабрабыту, здранцвелае ад няспыннага спажывецтва, здаецца, ужо забыла.

«Вы ў стане завязваць сувязі прыналежнасці і суіснавання, ператвараючы шматлюднасць у досвед супольнасці, дзе ламаюцца сцены ўласнага “я” і пераўзыходзяцца бар’еры эгаізму», – сказаў Пантыфік.

Гэта, па словах Папы, каштоўнасці, якія грунтуюцца на прызнанні таго, што кожны чалавек важнейшы за ідала, імя якому грошы. «Дзякую за тое, што нагадалі пра існаванне іншага тыпу культуры, якая магчыма», – падкрэсліў Святы Айцец.

«Прызнанне гэтых праяваў добрага жыцця, якія развіваюцца сярод вас штодзённа, ніякім чынам не азначае ігнаравання жудаснай несправядлівасці гарадской маргіналізацыі. Гэта раны, якія наносяць меншасці, што трымаюць уладу, багацці і іх эгаістычна растрачваюць, у той час як растучая большасць павінна ўцякаць на пакінутыя, забруджаныя, занядбаныя перыферыі», – сказаў Папа Францішак.

Цяжкай праблемай, па словах Пантыфіка, з’яўляецца адсутнасць доступу да інфраструктуры і базавых паслугаў, асабліва пітной вады. У такіх умовах павялічваецца ўзровень насілля з боку арганізаванай злачыннасці, якая дзеля эканамічных і палітычных інтарэсаў даходзіць да выкарыстання дзяцей у якасці «гарматнага мяса» ў сваіх крывавых справах. Гэта ўсё з’яўляецца наступствам новых формаў каланіялізму, якія разглядаюць Афрыку ў якасці часткі механізму і імкнуцца «легітымізаваць актуальную мадэль размеркавання, у якой меншасць адчувае сябе ў праве спажываць у такіх прапорцыях, што немагчыма абагульніць».

Папа Францішак асудзіў таксама стратэгіі штучнага стрымання нараджальнасці, якія навязаваюцца афрыканскім краінам, і заклікаў аплаціць экалагічную пазыку жыхарам кантынента праз гарантаванне ім сакральнага права на зямлю, дом і працу.

Напрыканцы сваёй прамовы Пантыфік звярнуўся з заклікам да ўсіх хрысціян, асабліва душпастыраў, абнавіць свой місійны запал, узяць ініцыятыву супраць шматлікіх несправядлівасцяў, уключыцца ў вырашэнне праблем гараджан, суправаджаць іх у барацьбе, бараніць плёны калектыўнай працы і разам святкаваць кожную малую і вялікую перамогу.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.