Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы: Папа не змяншае цяжар граху аборту
Святы Айцец
02.09.2015 16:28

Даючы ўсім святарам прывілей адпушчэння граху аборту ў Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, Папа не імкнецца змякчыць ці мінімізаваць яго цяжар, патлумачыў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі ў размове з журналістамі.

Паводле слоў прадстаўніка Святога Пасаду, «міласэрнасць ёсць», але святары павінны дапамагчы зразумець цяжкасць «злачынства», якім з’яўляецца аборт, і дапамагчы тым, хто яго ўчыніў, на шляху навяртання.

Кіраўнік Прэс-службы адзначыў, што Святы Айцец «дэманструе сваё жаданне і намаганні, каб пазачарговы Юбілей быў перажыты ўсімі з вялікім даверам і надзеяй», а яго рашэнне павінна выражаць «асаблівую шырыню міласэрнасці Пана».

Айцец Ламбардзі нагадаў, што звычайна адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго, шкадуюць за яго і просяць аб прабачэнні, можа мясцовы біскуп ці прызначаны ім святар. У сувязі з ж Юбілеем Міласэрнасці і на працягу яго Пантыфік даў гэтае права кожнаму святару. 

Звяртаючыся да адпаведнага тэксту Папы Францішка, а. Ламбардзі заўважыў, што многія людзі разумеюць аборт павярхоўна, не ўсведамляючы цяжару гэтага  вялікага зла. Прабачэнне павінна адкрыць дзверы навяртання тым, хто здзейніў аборт і паспавядаўся з гэтага граху са шчырым сэрцам, адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.