Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўводзіць дадатковыя агульныя аўдыенцыі
Святы Айцец
02.08.2015 22:08

У сувязі з запланаваным Юбілеем Міласэрнасці раз у месяц, па суботах, будуць праходзіць дадатковыя агульныя аўдыенцыі з удзелам Святога Айца. Яны кожны раз будуць прысвечаны тэме Святога Года.

Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё прэфект Папскага дома арцыбіскуп Георг Генсвайн – асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI.

Першая пасля летняга перапынку агульная аўдыенцыя адбудзецца ў сераду 5 жніўня. Днём раней Папа Францішак сустрэнецца на плошчы св. Пятра з міністрантамі, а 7 жніўня – з італьянскім Эўхарыстычным моладзевым рухам. 26 жніўня пройдзе 100-я агульная аўдыенцыя гэтага пантыфікату. Прэфект Папскага дома таксама паведаміў, што пасля абрання Папы Францішка ў сустрэчах з ім падчас серадовых аўдыенцый, нядзельных сустрэч на малітве “Анёл Панскі” і ў іншых адмысловых сустрэчах прынялі ўдзел каля 15 млн. чалавек.

Арцыбіскуп Генсвайн адзначыў, што сустрэчы са Святым Айцом для іх удзельнікаў заўсёды звязаны з вялікім духоўным досведам, гэта “нешта вельмі жаданае”. Вернікі чуюць і бачаць Папу, “гэта прамы кантакт для многіх, магчыма, адзіны ў жыцці, і гэта робіць на іх уражанне на ўсё жыццё”, сказаў прэфект Папскай дома. Іерарх дадаў, што важныя не толькі словы Пантыфіка, але і атмасфера, і нават яго позірк; “гэта таксама сустрэча пачуццяў, што для Францішка вельмі важна, і не толькі для яго, але і для нашых вернікаў і нашых пілігрымаў”.

Арцыбіскуп паведаміў, што першая “дадатковая” суботняя агульная аўдыенцыя пройдзе 30 студзеня 2016 г. Іерарх дадаў, што пакуль не ведае, як дакладна будзе выглядаць яе план, улічваючы яе асаблівы характар, звязаны з юбілейным годам.

Арцыбіскуп таксама адзначыў, што ў цэлым можна бачыць, як добра адчувае сябе Папа Францішак падчас гэтых серадовых сустрэч з пілігрымамі. “Святы Айцец часта кажа пра культуру сустрэчы, і бачна, што жыве тым, аб чым кажа. Ён лёгка навязвае кантакт падчас сустрэч з вернікамі, дазваляе дакранацца да сябе, можа паказаць эмоцыі. Перш за ўсё, можна ўбачыць, як ён ставіцца да хворых, людзей з праблемамі. Ён заўсёды дае сябе, але і атрымлівае. Гэта вялікі дар Францішка”, - сказаў арцыбіскуп Генсвайн.

Коратка параўноўваючы цяперашні пантыфікат з папярэднім, іерарх выказаў упэўненасць у тым, што Папа Францішак “кранае сэрца, і таму тут больш удзельнічае вока”, а падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI “больш актыўным было вуха”.

Таксама іерарх паведаміў, як правёў свой летні адпачынак у Кастэль Гандольфа Папа на пенсіі. Арцыбіскуп нагадаў, што Папа Францішак “шчыра прасіў яго правесці больш працяглы перыяд у Кастэль Гандольфа”. Бэнэдыкт XVI у рэшце рэшт пагадзіўся і на працягу двух тыдняў прабываў у папскай летняй рэзідэнцыі, дзе заўсёды адчуваў сябе вельмі добра, і цяпер таксама, дадаў яго шматгадовы асабісты сакратар. Потым Папа на пенсіі зноў вярнуўся ў кляштар “Mater Ecclesiae” ў Ватыкане, дзе праводзіць час так, як заўсёды: моліцца, медытуе, чытае. Неўзабаве прыедзе яго брат, сказаў арцыбіскуп Генсвайн.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.