Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з праваслаўнай дэлегацыяй
Святы Айцец
28.06.2015 16:03

Сумесны ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры з’яўляецца адным з маіх галоўных клопатаў, прызнаўся Папа Францішак. 27 чэрвеня Пантыфік прыняў дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Дэлегацыю ўзначальвае Мітрапаліт Пергамскі Іаан (Зізіўлас).

Папа ўзгадаў пра свой мінулагодні візіт у Стамбул і супольную малітву напярэдадні свята св. Андрэя аб як мага хутчэйшым аднаўленні бачнага адзінства Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. Святы Айцец падкрэсліў, што мэтай працэсу паяднання з’яўляецца магчымасць сумеснага ўдзелу ў Эўхарыстычнай Ахвяры. Пантыфік заахвоціў да частых сустрэч, абмену і супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі, так, каб, паглыбляючы паразуменне і павагу, можна было пераадолець усе забабоны і непаразуменні, прымаючы ў праўдзе, але і ў братэрскім духу, яшчэ існуючыя цяжкасці.

Папа выказаў сваю падтрымку працы Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Пантыфік падкрэсліў, што праблемы, якія могуць паўстаць у ходзе тэалагічнага дыялогу, не павінна прыводзіць да знеахвочання і адмовы. “Паглыблены аналіз таго, як выяўляюцца ў жыцці і служэнні прынцыпы сінадальнасці і служэння таго, хто ўзначальвае, унясе істотны ўклад у прагрэс адносін паміж нашымі Цэрквамі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве і малітве многіх католікаў за падрыхтоўку да Усеправаслаўнага Сабору ў 2016 г. і папрасіў праваслаўную дэлегацыю маліцца за кастрычніцкае пасяджэнне Сінода Біскупаў, у якім прыме ўдзел таксама дэлегацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.