Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: скрайне строгія хрысціяне аддаляюць людзей ад Бога
Святы Айцец
29.05.2015 12:31

Існуюць хрысціяне, якія аддаляюць людзей ад Езуса. Звычайна гэта асобы, зацікаўленыя выключна ўласнымі адносінамі з Богам і дасягненнем прыватных мэтаў. На шчасце, у Касцёле ёсць і тыя, хто па-сапраўднаму прыслухоўваецца да воклічу людзей, патрабуючых Бога, заўважыў Папа Францішак 28 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над евангельскім апавяданнем пра аздараўленне Езусам сляпога жабрака Бартымея. Калі Хрыстус выходзіў з Ерыхона, сляпец пачаў крычаць і прасіць аб міласэрнасці, а вучні спрабавалі прымусіць яго замоўкнуць, нагадаў біблійную гісторыю Папа. Спасылаючыся  на яе, Святы Айцец вылучыў тры катэгорыі вернікаў.

Першая — гэта, па словах Пантыфіка, асобы, заклапочаныя толькі ўласнымі, «закрытымі і эгаістычнымі» адносінамі з Богам. Яны не чуюць крыку людзей, застаюцца абыякавымі, задаволенымі знаходжаннем у сваёй маленькай групцы; яны не звяртаюць увагу на людзей, якія патрабуюць збаўлення. «Гэта эгаістычныя асобы, што жывуць самі для сябе. Яны няздольныя пачуць голас Езуса», — падкрэсліў Папа.

Іншая група — гэта тыя, якія чуюць крык аб дапамозе, але жадаюць прымусіць яго сціхнуць. Сярод іх ёсць «дзяльцы» — асобы, якія толькі называюцца хрысціянамі, але ў душы марныя. Яны прабываюць побач з Езусам, але выкарыстоўваюць народ Божы і Касцёл дзеля ўласных мэтаў. Некаторыя з іх вельмі строгія: яны ўскладаюць на плечы вернікаў непасільныя цяжары, замест таго, каб падтрымаць.

Трэцяя катэгорыя хрысціян, на якую звярнуў увагу Папа — гэта тыя, хто дапамагае наблізіцца да Хрыста. У іх прысутнічае адпаведнасць паміж верай і жыццём.

Папа Францішак заклікаў кожнага зрабіць рахунак сумлення і запытаць сябе, да якой групы ён належыць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.