Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак у Пальмовую нядзелю: выбіраць шлях пакоры
Святы Айцец
30.03.2015 01:38

Выбіраць шлях пакоры, а не поспеху, заклікаў Папа Францішак падчас урачыстасці Пальмовай нядзелі 29 сакавіка ў Ватыкане. Святы Айцец адзначыў, што шлях пакоры - гэта служэнне іншым і, у першую чаргу, тым, хто церпіць пераслед толькі таму, што з’яўляецца хрысціянінам, а шлях поспеху – мірскі падыход, які базуецца на ганарыстасці і славалюбстве.

На працягу 30 гадоў Пальмовая нядзеля ў Касцёле адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні як Сусветны дзень моладзі. Яго дэвіз - гэта словы Хрыста: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8).

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на словы гімна з Паслання св. Паўла да Філіпянаў: “прынізіў сябе”, і падкрэсліў, што яны “адкрываюць нам стыль Бога і хрысціяніна – пакору”. Пантыфік адзначыў, што “Бог прыніжае сябе, каб крочыць са сваім народам, каб зносіць яго здрады”. Папа спаслаўся на фрагмент з Кнігі Зыходу, дзе яўрэі наракалі на Бога, які вывеў іх з рабства і прывёў праз пустыню ў зямлю свабоды.

“На гэтым тыдні, Вялікім тыдні, які вядзе нас да Вялікадня, мы будзем ісці па гэтым шляху прыніжэння Езуса. Толькі ў гэтым выпадку ён будзе “святым” таксама і для нас, - звярнуў увагу Папа. - Мы пачуем аб пагардзе правадыроў Яго народа і іх махлярствах, каб выклікаць Яго падзенне”.

Папа нагадаў аб здрадзе, захопе, судзе, крыжовым шляху і смерці Езуса Хрыста. “Гэта шлях Бога – шлях пакоры. Гэта шлях Езуса, і іншага няма. І няма пакоры без прыніжэння. Ідучы глыбінёй гэтага шляху, Сын Божы прыняў “постаць слугі”. Сапраўды, пакора азначае служэнне, азначае пакіданне месца для Бога, адрачэнне ад сябе, “прыніжэнне”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на іншы шлях, якім можа пайсці чалавек, супярэчны са шляхам Хрыста, - ім з’яўляецца “мірскі падыход”. “Мірскі падыход прапануе нам шлях славалюбства, ганарыстасці, поспеху... Гэта іншы шлях”, - сказаў Папа, і нагадаў пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. “Але Езус адмовіўся ад яго без ваганняў”, - дадаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што з Езусам “таксама і мы можам пераадолець гэту спакусу, не толькі ў асаблівых выпадках, але і ў звычайных умовах жыцця”, і спаслаўся на прыклад многіх людзей, якія “ў цішыні, схавана кожны дзень адмаўляюцца ад сябе, каб служыць іншым: хвораму роднаму, самотнаму пажылому чалавеку або інваліду”.

Святы Айцец нагадаў пра прыніжэнне тых, хто “дзякуючы сваёй паставе вернасці Евангеллю падвяргаецца дыскрымінацыі і асабіста плаціць за гэта”, хто “падвяргаецца пераследу таму, што ён хрысціянін”. Папа назваў гэтых асобаў “сучаснымі мучанікамі”, якія не адмаўляюцца ад Езуса і з годнасцю зносяць абразы і здзекі”. Пантыфік заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра ісці за імі па шляху Хрыста, “з вялікай любоўю да Яго”. “Гэтая любоў павядзе нас і дасць нам сілы. І дзе Ён, там таксама і мы будзем”, - заключыў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.