Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа назваў сябе «прадстаўніком цярпення ўкраінцаў»
Святы Айцец
26.02.2015 14:16

«Усё, што адбываецца зараз ва Украіне, можна падсумаваць адным словам – вайна. Прычым гэта не нейкі грамадзянскі канфлікт, а менавіта вайна, якую ніхто не аб’яўляў і якой ніхто не чакаў», — лічыць архіепіскап Святаслаў Шаўчук, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Паводле афіцыйных даных у выніку падзей на Украіне зарэгістравана каля мільёна бежанцаў з Данбаса. Неафіцыйная статыстыка большая ў два разы. З’яўляюцца звесткі аб выпадках смерці ад голаду ў рэгіёне, ахопленым вайной. У самой Украіне і за яе межамі з’явіліся тысячы валанцёраў, гатовых дапамагчы сваім суайчыннікам. Многія кляштары і парафіі Украіны ператварыліся ў цэнтры дапамогі і лячэння. Аб гэтым архіепіскап Кіева-Галіцкі сказаў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 23 лютага ў сядзібе Ватыканскага радыё.

Іерарх распавёў пра сустрэчу ўкраінскага епіскапату з Папам, якая адбылася ў рамках візіту «ad limina Apostolorum» 21 лютага.

Архіепіскап паведаміў, што Папа Францішак атрымаў запрашэнне наведаць Украіну. Пантыфік слухаў біскупаў з «айцоўскім сэрцам» і спытаў, як жывуць людзі, не толькі католікі, але і праваслаўнае насельніцтва, як яны ўспрымаюць тое, што адбываецца. Украінскі архіепіскап зацытаваў Святога Айца, які сказаў: «Я разам з вамі, я на службе вам!» Пантыфік назваў сябе «прадстаўніком цярпення ўкраінцаў».

Архіепіскап падкрэсліў, што адзіная пазіцыя Грэка-Каталіцкай Царквы – быць разам з народам.

«Мы — не палітыкі, мы — голас грамадства», — сказаў іерарх і прызнаўся, што ўкраінскі епіскапат вяртаецца на Радзіму «напоўнены надзеяй», хоць і з пачуццём няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.