Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з Канцлерам Германіі
Святы Айцец
21.02.2015 17:03

21 лютага Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Канцлера Федэратыўнай Рэспублікі Германія Ангелу Меркель. Пасля сустрэчы з Пантыфікам яна размаўляла таксама з Дзяржсакратаром Святога Пасаду кардыналам Пьетро Паралінам.

У сувязі з маючым адбыцца ў Баварыі самітам «Вялікай сямёркі» асаблівая ўвага была ўдзелена розным пытанням міжнароднага характару, з асаблівым акцэнтам на барацьбу з беднасцю і голадам, эксплуатацыю чалавека, правы жанчын, праблему развіцця аховы здароўя ў свеце і абарону навакольнага асяроддзя.

Размова ішла таксама пра сітуацыю з правамі чалавека і рэлігійнай свабодай у розных частках свету. Падкрэслівалася важнасць духоўных каштоўнасцяў у жыцці грамадства. У сваёй заяве па выніках сустрэч Прэс-служба Святога Пасаду паведаміла, што падчас іх была разгледжана сітуацыя ў Еўропе і падкрэслена неабходнасць мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.

У якасці падарунка Канцлер уручыла Пантыфіку калекцыю кампакт-дыскаў з творамі Іагана Себасцьяна Баха. Яна таксама ахвяравала ад федэральнага ўрада суму грошай для дзяцей-бежанцаў на Блізкім Усходзе. Папа падзякаваў Ангеле Меркель на нямецкай мове і ўручыў сувенірны медаль з выявай св. Марціна.

Гэта быў другі візіт Канцлера ў Ватыкан падчас бягучага Пантыфікату. У маі 2013 г. Ангела Меркель сустракалася з Папам Францішкам на прыватнай аўдыенцыі, а ў сакавіку 2013 г. прыняла ўдзел у яго інаўгурацыйнай святой Імшы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.