Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з украінскімі біскупамі
Святы Айцец
20.02.2015 16:42

20 лютага Папа Францішак сустрэўся з украінскімі біскупамі, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам «ad limina Apostolorum». «Я з увагай пазнаёміўся з вашымі праблемамі, якіх нямала, а таксама з вашымі душпастырскімі праграмамі», — адзначыў Пантыфік, звяртаючыся да іерархаў лацінскага і грэка-каталіцкага епіскапатаў.

У першую чаргу Папа выказаў блізкасць украінскаму народу і запэўніў у сваёй малітоўнай падтрымцы. Святы Айцец заклікаў усе бакі трываючага ва Украіне канфлікту да міру, рэалізацыі дасягнутай згоды і павагі да прынцыпаў міжнароднага права і пажадаў, каб захоўвалася нядаўна заключанае перамір’е.

Папа адзначыў, што знаёмы з падзеямі, якія пакінулі цяжкі след у гісторыі краіны і ўсё яшчэ захоўваюцца ў калектыўнай памяці народа. Па словах Пантыфіка, часткова гэтыя праблемы маюць палітычную аснову і біскупы не нясуць за іх адказнасць, але пытанні сацыяльна-культурнага характару і гуманітарныя драмы патрабуюць іх непасрэднага ўдзелу.

Папа заклікаў украінскіх іерархаў уважліва слухаць галасы людзей, давераных іх пастырскаму клопату. Пантыфік дадаў, што ўкраінскаму народу ўласцівыя такія каштоўнасці, як адкрытасць, супрацоўніцтва, здольнасць вырашаць спрэчныя пытанні, іншымі словамі пошук магчымага міру.
Святы Айцец нагадаў іерархам, што яны з’яўляюцца паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны і маюць права выказваць свае думкі адносна яе лёсу, казаць пра каштоўнасці, пра неабходнасць дасягнення згоды і агульнага дабра, пазбягаючы, аднак, «спрыяння канкрэтнаму палітычнаму рашэнню», і запэўніў іх у падтрымцы з боку Святога Пасаду, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях.

Папа заўважыў, што крызіс нанёс цяжкі ўдар па жыцці ўкраінскіх сем’яў. Акрамя таго, няправільнае разуменне эканамічнай свабоды дазволіла вузкай групе людзей абагаціцца за кошт большасці грамадзянаў. На жаль, адзначыў Святы Айцец, гэтая з’ява закранула і дзяржаўныя ўстановы і прывяла да пашырэння беднасці ў шчодрай і багатай краіне. Пантыфік нагадаў, што пачуццё справядлівасці і праўды адносіцца не да палітычнай, а да маральнай сферы, а значыць, пастырскі абавязак – заўсёды нагадваць пра яго вернікам.

Папа закрануў пытанні адносін паміж — «братамі ў епіскапаце» — прадстаўнікамі лацінскай і грэка-каталіцкай духоўных традыцый. Застаецца неаспрэчным, па словах Святога Айца, той факт, што, нягледзячы на розныя абрады і традыцыі, абодва епіскапаты з’яўляюцца каталіцкімі і ўкраінскімі. Каб загаіць існуючыя раны і пераадолець непаразуменні, патрэбны лекар – Хрыстус, якому іерархі служаць ад усяго сэрца, адзначыў Пантыфік.

Папа выказаў упэўненасць, што адзінства Касцёла ва Украіне можа аказаць неацэнную паслугу ў сведчанні не толькі перад вернікамі, але і перад усёй нацыяй, у культурным, грамадскім і духоўным плане.

Абедзве традыцыі яднаюць агульныя каштоўнасці і скарбы: вера і народ Божы. «Будзьце шчодрымі і размаўляйце па-братэрску!» — заклікаў Папа ўкраінскіх біскупаў.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец заахвоціў іерархаў быць блізка да святароў і вернікаў, будаваць паважлівыя і плённыя адносіны з дзяржаўнымі ўладамі, быць клапатлівымі і ўважлівымі да бедных, беспрацоўных, слабых, хворых, пенсіянераў, інвалідаў і бежанцаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.