Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак звярнуўся з пасланнем на 30-ы Сусветны дзень моладзі
Святы Айцец
17.02.2015 16:46

«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» — гэтыя словы з пятага раздзелу Евангелля паводле Мацвея сталі лейтматывам паслання Папы Францішка на 30-ы Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ва ўсіх дыяцэзіях свету ў Пальмовую нядзелю, 29 сакавіка.

Пасланне складаецца з чатырох частак. Першая прысвечана таму, што мае ў сабе кожны малады чалавек — жаданню шчасця. Папа нагадаў, што пасля першароднага граху быў згублены «ўнутраны компас», якія вёў чалавека па шляху шчасця, была згублена кропка апоры, а імкненне да ўлады, валодання і задавальнення любой цаной прывяло да гора і пакут. «Дарагія юнакі і дзяўчаты, у Хрысце знаходзіцца спаўненне вашых мараў аб дабры і шчасці. Толькі Ён можа задаволіць вашыя чаканні, так часта расчараваныя ілжывымі абяцаннямі свету», — напісаў Святы Айцец.

У другой частцы, азагалоўленай «Шчаслівыя чыстыя сэрцам...», Пантыфік заклікаў прааналізаваць, як гэта благаслаўленне рэалізуецца ў жыцці. Яно датычыць, у першую чаргу, адносін з іншымі. «Кожны з нас павінен навучыцца распазнаваць, што можа “забрудзіць” яго сэрца, павінен фарміраваць у сабе правільнае і адчувальнае сумленне, здольнае “пазнаць, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае” (Рым 12, 2 ). Калі патрэбны здаровы клопат пра абарону стварэння, пра чыстае паветра, ваду і ежу, яшчэ больш мы павінны абараняць чысціню, што з’яўляецца найбольш каштоўнай: нашых сэрцаў і нашых адносін. Гэтая “экалогія чалавека” дапаможа нам дыхаць чыстым паветрам, якое выходзіць з прыгожых рэчаў, з сапраўднай любові, са святасці», — адзначыў Папа.

Пантыфік дадаў, што маладосць з’яўляецца часам, калі «развіваецца вялікае эмацыйнае багацце» і «глыбокае жаданне сапраўднага кахання», і заклікаў не дазволіць, каб гэты каштоўны скарб быў пашкоджаны або знявечаны. Так адбываецца, па словах Папы, калі ў адносіны закладаецца «выкарыстанне іншага для сваіх карыслівых мэтаў, часам толькі ў якасці аб’екту для задавальнення».
Папа з жалем нагадаў, што ў сённяшнюю «культуру часовасці» закладзена ідэя хуткага задавальнення і неадказнага атрымання асалоды ад бягучага моманту. «Але я прашу вас, каб вы былі рэвалюцыйнымі, ішлі супраць плыні. Так, я прашу, каб вы паўсталі супраць гэтай культуры часовасці, якая па сутнасці думае, што вы не ў стане быць адказнымі, што вы не ў стане па-сапраўднаму любіць. Я веру ў вас, маладыя, і малюся за вас», — адзначыў Святы Айцец.

У трэцяй частцы пад назвай «...бо яны Бога ўбачаць» Папа напісаў, што запрашэнне Пана да сустрэчы з Ім накіравана да кожнага, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой той знаходзіцца, — трэба ўсяго толькі прыняць рашэнне, быць гатовым да сустрэчы з Ім, шукаць Яго пастаянна кожны дзень. Перш за ўсё гаворка ідзе пра штодзённае чытанне Святога Пісання і дапамогу патрабуючым і пакінутым.

Шукаць Пана — гэта адказваць на Яго пакліканне, звярнуў увагу Святы Айцец. «Некаторыя з вас чуюць або пачуюць Божы заклік да сужэнства, сям’і. Многія сёння лічаць, што гэты заклік ўжо стаў “нямодным”, але гэта не так!» — дадаў Папа, а таксама заахвоціў маладых людзей задумацца аб пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця.

«Па дарозе у Кракаў» — назваў апошнюю частку свайго паслання Пантыфік, спачылаючыся на Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ў 2016 г. у гэтым польскім горадзе. Папа нагадаў, што гэтую ініцыятыву заснаваў 30 гадоў таму святы Ян Павел ІІ. З таго часу на гэтым шляху адбылося шмат цудоўных адкрыццяў, а Касцёл, дзякуючы Сусветным дням, працягвае быць для свету вялікай і гасціннай сям’ёй, напісаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.