Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Павел VI, дзякуй за тваё пакорнае і прароцкае сведчанне любові да Хрыста і Яго Касцёла!»
Святы Айцец
19.10.2014 14:56

У пакоры Паўла VI заззяла яго веліч, адзначыў Папа Францішак падчас беатыфікацыйнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў на плошчы св. Пятра 19 кастрычніка. У Імшы прынялі ўдзел Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI, сінадальныя айцы і тысячы вернікаў.

Пасля ўрачыстага абвяшчэння Паўла VI благаслаўлёным на алтар была вынесена рэліквія – яго акрываўленая футболка, якая служыць напамінам пра замах, здзейснены на Пантыфіка ў 1970 г. У гаміліі Папа Францішак нагадаў “іранічныя і геніяльныя” словы Езуса, скіраваныя да фарысеяў: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае Богу”. Аддаваць Божае Богу значыць, па словах Пантыфіка, прызнаваць і вызнаваць – перад абліччам любой улады – што толькі Бог, і ніхто іншы, Пан чалавека.

Таксама, дадаў Святы Айцец, аддаваць Божае Богу азначае адкрывацца на Яго волю і прысвячаць Яму сваё жыццё, супрацоўнічаць з Яго валадарствам міласэрнасці, любові і супакою. “У гэтым наша сіла, зачын, які дапамагае росту, і соль, якая дае смак кожнаму чалавечаму намаганню супраць пануючага песімізму, які нам прапануе свет”, - сказаў Папа.

Надзея Божая – гэта, патлумачыў Пантыфік, не ўцяканне ад рэальнасці і не алібі, але адданне Богу таго, што Яму належыць. “Хрысціянін глядзіць на будучую рэальнасць, Божую рэальнасць – каб жыць поўняй жыцця, – моцна стаючы на зямлі і мужна адказваючы на шматлікія новыя выклікі”, - адзначыў Папа.

Менавіта гэта, па словах Пантыфіка, адбывалася ў перыяд Сінода Біскупаў, з Касцёлам, “пакліканым без маруджання лячыць кроватачывыя раны і зноў запальваць надзею у людзей, якія яе згубілі”. “Мы сеялі і працягнем сеяць”, - сказаў Папа і працытаваў словы Паўла VI пра мэту заснавання Сінода: “Уважліва ўзіраючыся ў знакі часу, паспрабуем адаптаваць шляхі і метады... да ўзросшых патрэб нашых дзён і зменлівых умоваў грамадства”.

“Перад гэтым вялікім Папам, гэтым адважным хрысціянінам, гэтым нястомным апосталам, перад Богам сёння мы не можам не сказаць простага, але настолькі шчырага і важнага слова: “дзякуй”. Дзякуй, наш дарагі і любімы Папа Павел VI! Дзякуй за тваё пакорнае і прароцкае сведчанне любові да Хрыста і Яго Касцёла!” - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра пакору новага благаслаўлёнага, якая перамянілася ў веліч, калі яму давялося з мудрасцю, радасцю і даверам Пану весці лодку святога Пятра, у той час як наперадзе замаячыла секулярызаванае і варожае грамадства.

Пасля беатыфікацыйнай Эўхарыстыі Папа прывітаў шматлікіх вернікаў і памаліўся разам з імі “Анёл Панскі”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.