Святы Айцец: быць сапраўдным хрысціянінам — мець мысленне Хрыста |
Святы Айцец |
02.09.2014 15:55 |
Калі хрысціяне не разумеюць справы Святога Духа і не даюць сведчання — то не маюць ідэнтычнасці. Мець мысленне Хрыста — у гэтым заключаецца сапраўдная хрысціянская тоеснасць. Хрысціянская ўлада нараджаецца дзякуючы Святому Духу, а не чалавечай мудрасці ці дыплому па тэалогіі, аб гэтым казаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 2 верасня. Народ дзівіўся навучанню Хрыста, бо Яго слова «мела ўладу», заўважыў Пантыфік, каментуючы літургічны фрагмент з Евангелля. Езус, паводле Святога Айца, не быў звычайным прапаведнікам, таму што Яго «ўлада» паходзіла ад «асаблівага намашчэння Святым Духам». Ён быў Сынам Божым — намашчаным і пасланым «несці збаўленне і свабоду». «Стыль Езуса», Яго ідэнтычнасць і свабода, аднак, абуралі некаторых, адзначыў Пантыфік. «І мы можам спытаць у саміх сябе: якая наша хрысціянская ідэнтычнасць? Павел сёння кажа вельмі добра: “Мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці”. Ён прапаведваў не таму, што скончыў Латэранскі ці Грыгарыянскі ўніверсітэт... Не, не, не! Не дзякуючы чалавечай мудрасці! Але таму што быў навучаны Духам: Павел прапаведваў дзякуючы намашчэнню Духам, выказваючы духоўныя рэчы духоўнымі паняццямі. Чалавек, які абапіраецца на ўласныя сілы, не ў стане зразумець справы Духа Божага», — сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |