Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа наведаў паўднёваітальянскі горад Казерта
Святы Айцец
28.07.2014 13:20

Больш за 200 тысяч чалавек прынялі ўдзел 26 ліпеня 2014 г. у Імшы ў паўднёваітальянскім горадзе Казерта, які наведаў Папа Францішак. Пасля Лампедузы, Кальяры, Асізі, Касана-алё-Ёніё, Кампабаса і Ізэрніі гэта была шостая паездка Пантыфіка ў межах Італіі. Вядома, што Казерта і рэгіён лічацца цэнтрам арганізаванай злачыннасці.

Падчас Імшы Папа заахвоціў сабраных не губляць надзею і падкрэсліў, што яе дае толькі Езус, які ніколі не расчароўвае. Пантыфік спаслаўся на прыпавесць аб Божым Валадарстве і патлумачыў, што Валадарства прысутнічае ў асобе Езуса. У кожнага свой уласны шлях да Яго, дадаў Папа. “Для аднаго сустрэча з Езусам - нешта доўгачаканае і пажаданае, вынік доўгіх пошукаў, для іншых гэта нешта нечаканае, раптоўнае. Гэтыя розныя дарогі нагадваюць нам, што Бог заўсёды пакідае нам выбар спосабу сустрэчы з Ім. Ён заўсёды першым чакае спаткання з намі і прыйшоў, каб быць “Богам з намі”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што Бог таксама шукае тых, хто не шукае Яго.

Па словах Пантыфіка, Езус вельмі выразна паказаў, як дасягнуць Божага Валадарства: не хопіць толькі энтузіязму або радасці адшукання скарбу, але трэба паставіць каштоўную пярліну Валадарства вышэй за любы іншы зямны скарб, паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, вышэй за ўсё. “Дазволіць першынства Богу - значыць мець мужнасць казаць “не” злу, насіллю, злоўжыванням; жыць, служачы адзін аднаму на карысць правоў і агульнага дабра”, - перакананы Папа. У гэтым кантэксце, адзначыў Пантыфік, асабліва важна ахоўваць і клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, мець мужнасць супрацьстаяць усім формам карупцыі і беззаконня.

Перад Эўхарыстыяй Папа правёў сустрэчу за зачыненымі дзвярыма з духавенствам мясцовай дыяцэзіі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.