Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з хрысціянкай, вызваленай з суданскай турмы
Святы Айцец
25.07.2014 13:36

24 ліпеня Папа Францішак прыняў у Доме св. Марты ў Ватыкане суданку Мэрыям Ях’я Ібрагім Ісхак, асуджаную ў сваёй краіне на смяротнае пакаранне за адмову ад ісламу, а затым вызваленую пад ціскам сусветнай грамадскасці. Яна прыбыла з мужам і двума маленькімі дзецьмі ў Рым. Жанчына цёпла падзякавала Святому Айцу за падтрымку, а Папа выказаў падзяку за яе сведчанне.

Аб гэтым праінфармаваў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі. Святар паведаміў, што падчас “вельмі сардэчнай і прыязнай” размовы гаворка ішла ў тым ліку аб будучыні суданкі і яе сям’і. Кіраўнік Прэс-службы дадаў, што жэст Святога Айца - гэта “выраз блізкасці да ўсіх тых, хто пакутуе за сваю веру, па прычыне цяжкасцяў або перашкод, і, такім чынам, мае сімвалічнае значэнне, якое сягае глыбей, чым сама прыгожая сустрэча”.

Мэрыям Ібрагім прыбыла ў сталіцу Італіі 24 ліпеня. У аэрапорце яе вітаў прэм’ер-міністр Італіі Матэо Рэнцы з жонкай Аньезай і міністр замежных спраў Фрэдэрыко Магерыні. Па прычыне прыезду сям’і суданкі кіраўнік італьянскай дыпламатыі затрымаў пачатак свайго двухдзённага папярэдне запланаванага візіту на Балканы.

Справа 27-гадовай Мэрыям мабілізавала міжнародную грамадскую думку, асабліва ў Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі. У Італіі найбольшы ўдзел у гэтай справе прыняў каталіцкі штодзённік “Avvenire” і яго чытачы. Пра лёс жанчыны, прысуджанай да смяротнага пакарання за адмову ад ісламу і прыняцце хрысціянства, а затым вызваленай, казаў некалькі месяцаў таму ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу прэм’ер-міністр Рэнцы. Згадваючы пра яе і дзевяць нігерыйскіх дзяўчат, якія былі выкрадзены ў апошнія месяцы тэрарыстамі “Бока Харам”, кіраўнік італьянскага ўраду заявіў: “Калі на гэта няма еўрапейскай рэакцыі, мы не можам адчуваць сябе годнымі называцца еўрапейцамі”.

Мэрыям у 2011 г. выйшла замуж за Даніэля Вані, католіка, і прыняла яго веру. Пазней, аднак, адзін з мусульманскіх сваякоў абвінаваціў яе па гэтай прычыне ў чужаложстве і вераадступніцтве. Яна была пастаўлена перад судом, які 15 мая 2014 г. прызначыў ёй смяротнае пакаранне, хоць яна сцвярджала, што заўсёды была хрысціянкай і не змяняла рэлігіі (яе маці была праваслаўнай і выхавала яе ў сваёй веры). Знаходзячыся ў турме, 27 мая яна нарадзіла другое дзіця – дзяўчынку. 24 чэрвеня Мэрыям павінна была ляцець у Злучаныя Штаты, якія прызналі ёй грамадзянства, але была ізноў арыштавана са сваёй сям’ёй на борце самалёта па патрабаванні аднаго з сваякоў. Праз два дні яна была ўсё ж вызвалена, але павінна была хавацца з сям’ёй у пасольстве ЗША ў Хартуме да канчатковага зацвярджэння яе паездкі. У рэшце рэшт яна пакінула Судан і прыляцела ў Рым, адкуль праз некалькі дзён накіруецца за акіян.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.