Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане абмеркавалі фінансавыя прынцыпы дзейнасці манаскіх структур
Дзяржава Ватыкан
29.11.2016 18:03

У Ватыкане апублікавалі камюніке па выніках Другога эканамічнага сімпозіума, арганізаванага Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

На форум, які праходзіў у Ватыкане ў мінулыя дні пад назвай «У вернасці харызмату пераасэнсаваць эканоміку», прыехала каля 1000 генеральных эканомаў манаскіх супольнасцяў.  

«Надзея, пра якую мы гаворым, — сказаў прэфект Кангрэгацыі кардынал Жуан Брас дзі Авіс, — не грунтуецца на лічбах або на праектах, але на Ім, на якім засноўваем наш давер і для якога няма нічога немагчымага». З вуснаў іерарха да прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў прагучаў моцны заклік да сумеснага падарожжа ў паслухмянасці Богу і калегіяльнасці.

«Думаць пра эканоміку азначае ўключыцца ў працэс гуманізацыі», — падкрэсліла сястра Нікла Спецаці, падсакратар вышэйзгаданай Кангрэгацыі.
«Мудрае ўпраўленне нашым чалавечым станам, у паслухмянасці ўласцівым яму законам і атрыманаму пакліканню, — гэта першы падмурак эканомікі, заснаванай на кансэкраваным жыцці», — дадала яна. «Законнік не можа прысвячаць сябе справам сацыяльнай справядлівасці і працаваць для палягчэння пакут бедных без кіравання ўласным жыццём да эфектыўнай беднасці. Мы не можам практыкаваць індывідуальную і “супольнасную” беднасць, якая не выяўляецца ў непасрэднай блізкасці да патрабуючых», — падкрэсліла манахіня.

Арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, назваў крытэрыі, якія павінны стаць асновай фінансавага боку дзейнасці манаскіх кангрэгацый.

На першае месца ватыканскі іерарх паставіў вернасць харызмату. Таксама клопат аб касцёльнай маёмасці іграе не апошнюю ролю, бо гарантуе эканамічную жыццяздольнасць манаскай супольнасці. Патрэбна і ўстойлівасць падыходу да праектаў; сюды ўваходзіць папярэдні агляд і вывучэнне здольнасці рэалізаваць справу, а таксама яе адпаведнасць харызмату і эканамічнаму балансу.

Важную ролю іграе і падсправаздачнасць: вызначыць мэты і метады працы, кіравацца павагай да кананічнага і грамадзянскага права. Завяршае спіс крытэрыяў “беднасць”, якая ўключае, між іншым, выкарыстанне маёмасці ў адпаведнасці з мэтамі, да якіх яна прызначана, і адмову ад прыватнай канцэпцыі ўласнасці.

Канешне, дадзеныя крытэрыі могуць быць дапоўнены кіруючымі прынцыпамі, адпаведнымі рысам дадзенага інстытута кансэкраванага жыцця або таварыства апостальскага жыцця. Гаворка ідзе пра спецыфіку дзейнасці, колькасны склад і структуры, тэрытарыяльны кантэкст працы, дзяржаўнае заканадаўства і арганізацыйныя рашэнні, патлумачыў сакратар ватыканскай дыкастэрыі генеральным эканомам манаскіх кангрэгацый.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.