Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы і старшыні Папскіх радаў сустрэліся з Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам
Дзяржава Ватыкан
27.06.2015 19:59

26 чэрвеня ў Ватыкане адбылася сустрэча Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна са старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам.

Падчас размовы бакі абмяняліся меркаваннямі па шырокім коле пытанняў, уключаючы ўзаемаадносіны паміж праваслаўнымі і католікамі ў Расіі, Украіне і Беларусі. Мітрапаліт Іларыён падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняга наведвання Беларусі ў складзе дэлегацыі, якая суправаджала Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, і выказаў задавальненне пазітыўным развіццём праваслаўна-каталіцкіх адносін у гэтай краіне.

Была адзначана неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва дзвюх Цэркваў для пошуку мірнага ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны і дапамогі патрабуючым.

Асаблівая ўвага ў размове была нададзена сітуацыі на Блізкім Усходзе, дзе праліваецца кроў хрысціян і гуманітарная катастрофа дасягнула беспрэцэдэнтных маштабаў.

У той жа дзень з Мітрапалітам Іларыёнам сустрэўся старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Было абмеркавана шырокае кола тэм, якія датычацца агульнай адказнасці праваслаўных і католікаў у справе абароны традыцыйнай сям’і. Арцыбіскуп Вінчэнца Палья запрасіў Мітрапаліта Іларыёна прыняць удзел у Кангрэсе сем’яў, які пройдзе ў Філадэльфіі (ЗША) у верасні.

Потым з Мітрапалітам Іларыёнам сустрэўся старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Суразмоўцы закранулі шырокі спектр пытанняў, якія адлюстроўваюць актуальны стан праваслаўна-каталіцкіх адносін. Мітрапаліт Іларыён падзяліўся ўражаннямі аб ходзе пасяджэнняў Рэдакцыйнага камітэта Змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Рыма-Каталіцкім Касцёлам, прысвечаных працы над праектам дакумента “На шляху да агульнага разумення саборнасці і першынства Касцёла ў першым тысячагоддзі”.

Паводле сайта Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.