Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Алтар гродзенскай катэдры, які быў знішчаны пажарам, адноўлены
Анонсы
02.08.2011 19:34

13 ліпеня 2006 г. пажарам была знішчана частка алтарнага ансамбля гродзенскага катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя. Алтарны ансамбль аўтара Ёхана Шмідта, выкананы з дрэва, паходзіць з сярэдзіны XVIII стагоддзя і з'яўляецца  гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Урачыстае адкрыццё адноўленага алтара, адноўленага намаганнямі кс. Яна Кучынскага, адбудзецца 5 жніўня гг. а 12 гадзіне.

 Як паведаміў для grodnensis.by кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнага касцёла ў Гродне, "будуць некаторыя адрозненні ў адноўленым алтары. Ён будзе выглядаць інакш, стане больш жывы і набудзе першапачатковы выгляд з пачатку XVIII ст. Калі 31 ліпеня 1736 г. падпісвалася ўмова паміж айцамі езуітамі і Ёханам Шмідтам, было адзначана, што пры будаўніцтве алтара яго неабходна падрыхтаваць да пазалоты. На жаль, гэтая ідэя не была рэалізавана. Толькі праз тры стагоддзі нам удалося зрабіць гэта. Адразу ж пасля пажару адбыліся паседжанні Камісій пры Міністэрстве культуры Беларусі і Міністэрстве культуры Польшчы. Польскі бок узяў на сябе правядзенне прац па адбудове і рэстаўрацыі алтара. Уся праца была праведзена ў некалькі этапаў. Першым этапам стала даследаванне ўцалелай часткі алтара, другім – адбудова спаленай канструкцыі разам са скульптурамі (былі знішчаны адна чацвёртая частка алтара і 4 скульптуры), трэцім этапам было фарбаванне і залачэнне. Безумоўна, падчас працы ўзнікалі розныя праблемы і складанасці, часам даводзілася і патарапіць, і пачакаць, але дзякуючы Богу і людзям добрай волі за 5 гадоў мы змаглі скончыць гэтыя тры этапы".

"Урачыстае адкрыццё адбудзецца 5 жніўня ў 12.00 у прысутнасці біскупаў Беларусі, прадстаўнікоў Міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама вялікай колькасці гасцей з Гродна і з-за мяжы. У 11.30 запланавана кароткая прэзентацыя гісторыі алтара да пажару і пасля яго, а таксама ходу рэстаўрацыйных прац. Затым адбудзецца прывітанне гасцей. А 12-й гадзіне з сакрыстыі да алтара пройдзе працэсія, святары займуць прызначаныя ім месцы, а біскупы застануцца перад алтаром. Пасля прывітання вернікаў біскуп, які будзе ўзначальваць урачыстасць, асвяціць алтар", — паведаміў святар.

Ксёндз Ян Кучынскі запрашае жыхароў Гродна і гасцей прыняць удзел ва ўрачыстасці з нагоды адкрыцця алтара і супольнай падзякі Богу за адноўленую святыню. 

Праграма ўрачыстасці

4 жніўня

19.00 – св. Імша
20.00 – аднаўленне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ружанец з разважаннем радасных таямніц (парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Гродна - Паўднёвы)
21.00 – зварот. Час на прадстаўленне асабістых просьбаў і інтэнцый (кола адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту)
22.00 – Ружанец з разважаннем балесных таямніц (парафія Адшукання св. Крыжа, Гродна - Пабернардынскі)
23.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (сёстры назарэтанкі)
24.00 – св. Імша 

5 жніўня

01.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (Акадэмічнае Душпастырства)
02.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля, Гродна - Дзевятоўка)
03.00 – Гадзіна Міласэрнасці (парафія Божай Міласэрнасці, Гродна - Вішнявец)
04.00 – Ружанец з разважаннем хвалебных таямніц (парафія Св. Юзафа, Гродна, вул. Сухамбаева)
05.00 – Гадзінкі ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі
06.00 – Ружанец з разважаннем таямніц святла (парафія Маці Божай Анельскай, Гродна, айцоў францішканаў)
07.00 – св. Імша перад алтаром Маці Божай Кангрэгацкай
08.00 – св. Імша
09.00 – св. Імша
10.00 – аднаўленне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту (парафія Маці Божай Міласэрнасці - аўгустовак)
11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту (моладзь катэдральнай парафіі)
11.25 – заканчэнне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту
11.30 – прэзентацыя гісторыі галоўнага алтара
12.00 – адпустовая св. Імша

Затым адбудзецца адкрыццё галоўнага алтара.
 Паводле grodnensis.by 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.