Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пахавальную Імшу ў пінскай катэдры ўзначаліць кардынал Станіслаў Дзівіш
Анонсы
21.07.2011 11:05

У панядзелак, 25 ліпеня 2011 г., у пінскай катэдры (вул. Леніна, 18) адбудзецца пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка. Цырымонія распачнецца ў 12.00. Пахавальную святую Імшу ўзначаліць былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў добрым сябрам кардынала Свёнтка.

 Парэшткі кардынала Свёнтка будуць складзены ў мармуровым саркафагу ў пахавальнай крыпце пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе некалі таксама быў пахаваны першы біскуп Беларусі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Пазней рэліквіі біскупа Лазінскага былі перанесены у спецыяльную капліцу пінскай катэдры.

Даведка

У 1966–1978 гг. сённяшні кардынал Дзівіш з’яўляўся асабістым сакратаром арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Караля Вайтылы, а ў 1978–2005 гг. — асабістым сакратаром папы Яна Паўла ІІ.

Станіслаў Дзівіш нарадзіўся 27 красавіка 1939 г. у польскай вёсцы Раба Выжна. Скончыў Кракаўскую духоўную семінарыю, тэалагічны факультэт Кракаўскага ўніверсітэта і Папскі факультэт тэалогіі ў Кракаве. Атрымаў святарскае пасвячэнне 23 чэрвеня 1963 г.

Пазней, з’яўляючыся сакратаром арцыбіскупа Караля Вайтылы, будучы іерарх выкладаў літургіку ў Вышэйшым катэхетычным інстытуце Кракава, быў рэдактарам афіцыйнага выдання біскупскай курыі «Notificationes e Curia Metropolitana Cracoviensi».

У 1995 г. прызначаны канонікам саборнага капітула Львова (Украіна), у 1997 г. — канонікам саборнага капітула Кракава. Выконваў абавязкі віцэ-старшыні Фонду Яна Паўла ІІ. 7 лютага 1998 г. быў прызначаны тытулярным біскупам Сан-Леонэ і ад’юнкт-прэфектам Прэфектуры папскага дому. 19 сакавіка 1998 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне, а 29 верасня 2003 г. папа Ян Павел ІІ узвысіў яго да годнасці арцыбіскупа.  

24 сакавіка 2006 г. арцыбіскуп Дзівіш быў узведзены ў кардыналы. У маі 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў іерарха членам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме