Пошук

Пятніца, 15 снежня 2023
Панядзелак, 11 снежня 2023
Чацвер, 7 снежня 2023
Аўторак, 5 снежня 2023
Панядзелак, 4 снежня 2023
04.12.2023 10:00
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! Сёння мы адзначаем у літургіі Касцёла першую нядзелю Адвэнту – пачатак новага літургічнага года. Перад намі гадавы цыкл касцёльных урачыстасцяў і святаў, а таксама літургічных перыядаў, якія, змяняючы адно аднаго, нагадваюць нам пра найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення і дазваляюць нанова іх перажыць. Гэта гісторыя любові Бога да чалавека, а найдасканалейшым чынам гэтую любоў нам аб’явіў Езус Хрыстус, Сын Божы, які для нас стаўся чалавекам, каб праз муку, смерць і ўваскрасенне адкупіць усё чалавецтва. Адвэнт, які пачынаецца, – гэта запрашэнне ўвайсці ў настрой суму па Збаўцу і чакання Яго прыйсця. У Старым Запавеце чытаем, як Пан Бог спрадвеку рыхтаваў свой народ да сустрэчы з абяцаным Месіяй. Натхнёныя Богам прарокі нястомна павучалі ізраэлітаў, указвалі на шматлікія выпадкі іх нявернасці і грахі, абвінавачвалі ў жорсткасці сэрца і пагардзе да Божага слова. Адначасова ў пасланнях прарокаў мы можам пачуць заклік апамятацца, распачаць пакаянне і навяртанне, разам з запэўніваннем, што Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці акажа грэшнікам прабачэнне і літасць, а Яго ласка пераменіць і адновіць чалавечыя сэрцы. “Завялі мы, як лісце, – вызнае сёння з пакорай прарок Ісая, – а правіны нашыя, як вецер, нясуць нас. І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё, хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе. […] Але, Пане, Ты – Айцец наш, мы – гліна, а Ты – наш ганчар. І ўсе мы – справа рукі Тваёй” (Iс 64, 5-7). У перыяд Адвэнту Касцёл запрашае нас з такой жа ахвотай, у духу шчырага навяртання, з верай у Божую міласэрнасць і прабачэнне падрыхтаваць сэрцы да сустрэчы з Езусам Хрыстом, які да нас прыходзіць у таямніцы Нараджэння. Хоць Адвэнт не мае характару вузка пакаяннага, традыцыя Касцёла заахвочвае нас адмовіцца ад павярхоўных пацехаў і гучных забаваў, унутрана сцішыцца і звярнуць большую ўвагу на духоўныя справы. Не дазволім, каб гарачка перадсвяточных закупак, прысутныя паўсюль рэкламы ці спакуслівыя прапановы ў крамах заглушылі ў нас жаданне таго, што самае істотнае: больш інтэнсіўнай малітвы, больш уважлівага слухання Божага слова, больш стараннага прыняцця святых сакрамэнтаў. Няхай Адвэнт стане часам глыбокага аднаўлення нашай веры, ажыўлення надзеі, узрастання ў любові да Бога і бліжняга. Двухтысячагадовая традыцыя Касцёла выпрацавала разнастайныя адвэнтавыя практыкі, якія могуць быць карыснымі ў актыўным і свядомым перажыванні гэтага асаблівага часу ласкі. У многіх парафіях арганізоўваюцца рэкалекцыі і дні засяроджання, якія маюць на мэце нагадаць нам важныя праўды, звязаныя з верай, і дапамагчы прыняць адпаведныя адвэнтавыя пастановы, якія палегчаць нам пераадоленне ўласных слабасцяў і грахоў. Ужо цяпер сплануем час так, каб мы маглі ўзяць удзел у гэтых духоўных практыкаваннях, такіх важных і вельмі патрэбных. Па меры магчымасці пастараемся ўдзельнічаць у раратніх святых Імшах, якія традыцыйна цэлебруюцца ў Адвэнт у гонар Маці Божай. Паклапоцімся асабліва аб тым, каб у гэтых Імшах бралі ўдзел дзеці і моладзь. Няхай духоўнае знаходжанне побач з Найсвяцейшай Паннай Марыяй у чаканні прыйсця Сына Божага прынясе ва ўсіх нас плён паглыблення Марыйнай пабожнасці і яшчэ глыбейшага перажывання радасці Божага Нараджэння. Не забудзем прыступіць у перыяд Адвэнту да сакрамэнту паяднання, каб мы маглі сустрэць Хрыста, які прыходзіць, у стане асвячальнай ласкі ў нашых сэрцах. Няхай паяднанне з Панам Богам будзе для нас заахвочваннем да паяднання з бліжнімі шляхам узаемнага прабачэння, даравання правінаў і кампенсавання ўчыненых крыўдаў. Перыяд Адвэнту – гэта таксама час агарнуць асаблівым клопатам тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і аказаць ім сардэчную, бескарыслівую дапамогу. У гэты святы час агледзімся вакол сябе і заўважым людзей бедных, самотных, беспрацоўных, хворых, пажылога ўзросту, тых, якія перажываюць розныя жыццёвыя крызісы і цяжкасці. Пачуем іх нямое маленне аб дапамозе, зацікавімся імі, выкажам ім братэрскае спачуванне, падзелімся тым, што маем, і не пашкадуем для іх хвіліны часу, добрага слова і крупінкі сэрца. Будзем памятаць пра словы Езуса Хрыста: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Умілаваныя браты і сёстры! Сёлетні перыяд Адвэнту надзвычай кароткі. Ужо праз тры тыдні мы сядзем сем’ямі за вігілійным сталом, падзелімся аплаткай, выкажам адзін аднаму віншаванні і ў чарговы раз у жыцці адчуем выключную радасць, цеплыню, дабро, мір і любоў – штосьці, што мы часта называем магіяй святаў. Спытаемся ў сябе сёння, на пачатку Адвэнту: чаму мы так мала прыкладваем старанняў, каб падобная атмасфера любові, дабрыні і міру панавала ў нашых дамах штодзень, а не толькі ў святы? Можа, варта ўжо цяпер пачаць штосьці змяняць у нашым сямейным жыцці, каб зрабіць яго паўнейшым і прыгажэйшым, больш падобным да найдасканалейшага ўзору, якім з’яўляецца для нас, хрысціян, жыццё Святой Сям’і з Назарэта? Няхай пуцяводным святлом для кожнай сям’і будуць прыгожыя словы Папы Францішка з апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia пра любоў у сям’і: “Уцелаўленне Слова ў чалавечай сям’і ў Назарэце, – піша Святы Айцец, – ўзрушвае сваёй навізной гісторыю свету. Мы павінны паглыбіцца ў таямніцу нараджэння Езуса, у „так“ Марыі, сказанае падчас нябеснага звеставання, калі ў Яе ўлонні было зачата Слова; таксама ў „так“ Юзафа, які даў імя Езусу і паклапаціўся пра Марыю; у радасць пастухоў пры яслях; у пакланенне трох Мудрацоў; у таямніцу ўдзелу Езуса ў пакутах свайго выгнанага, пераследаванага і прыніжанага народу. […] Далей трэба паглыбіцца ў перыяд трыццаці доўгіх гадоў, калі Езус зарабляў на сваё жыццё, працуючы сваімі рукамі, узносячы малітвы і захоўваючы рэлігійныя традыцыі свайго народу, выхоўваючыся ў веры сваіх айцоў, клапоцячыся, каб яна дала плён ў таямніцы Валадарства. Гэта таямніца Божага Нараджэння і таямніца Назарэта, […] з яе таксама чэрпаюць прыклады хрысціянскія сем’і, каб аднавіць сваю надзею і радасць. Запавет любові і вернасці, якім жыве Святая Сям’я з Назарэта, пралівае святло на прынцып, які надае форму кожнай сям’і і дазваляе ёй лепш спраўляцца са зменлівасцю жыцця і гісторыі. На гэтым падмурку кожная сям’я таксама ў сваёй слабасці можа стаць святлом у змроку свету. […] Няхай Назарэт сам нагадае, чым ёсць сям’я, чым ёсць еднасць любові, яе суровая і простая прыгажосць, яе святы і непарушны характар” (AL, 65-66). З усяго сэрца жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, цудоўнага і глыбокага, поўнага сэнсу і шчодрага на духоўныя плёны перажывання Адвэнту. Няхай гэты святы час будзе ўзбагачаны асабістай малітвай, прыняццем святых сакрамэнтаў і ўважлівым слуханнем Божага слова. Няхай не будзе ў вас недахопу ва ўнутранай цішыні і засяроджанасці, якія дазволяць пачуць у сэрцы далікатны і поўны любові Божы голас. Памятаю пра вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, у маіх малітвах, даручаю ваш шлях адвэнтавага чування клапатлівай апецы Беззаганнай Панны Марыі і на плённую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння ўсіх з усяго сэрца благаслаўляю. Aляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі Гродна, 27.11.2023 г.
Пятніца, 1 снежня 2023
Чацвер, 30 лістапада 2023
Серада, 29 лістапада 2023
Панядзелак, 27 лістапада 2023
Чацвер, 23 лістапада 2023
Серада, 22 лістапада 2023
Панядзелак, 20 лістапада 2023
Пятніца, 17 лістапада 2023
Серада, 15 лістапада 2023
Аўторак, 14 лістапада 2023
Панядзелак, 13 лістапада 2023
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа