Пошук


Апостальская нунцыятура — пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду.

Адрас: пр-т Незалежнасці, 46-Д, 220005 г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Тэлефон: +375 17 257 45 05
Факс: +375 17 257 45 04
e-mail: nuntius@catholic.by
сайт: nunciature.catholic.by

Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч

Фота Віталія Палінеўскага

Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 у горадзе Трыль (Харватыя). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 чэрвеня 1992 г. як святар Спліт-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай дыпламатычнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. З 2003 г. па 2009 г. быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 г. быў прызначны адказным за студыйную місію Святога Пасаду ў Ганконгу.

2 лютага 2019 г. Папа прызначыў кс. Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы.

Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. арцыбіскуп-намінат трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў шпіталі ў крытычным стане.

Пасля яго вяртання да здароўя, 21 мая 2020 г. Папа Францішак прызначыў Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі.

16 верасня таго ж года Антэ Ёзіч прыняў біскупскае пасвячэнне ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя).

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату Антэ Ёзічу ўдзяліў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Галоўным супасвячаючым быў арцыбіскуп Марын Барышыч, пастыр Спліт-Макарскай архідыяцэзіі, з якой паходзіць Антэ Ёзіч.

Апостальскі нунцый валодае акрамя роднай, харвацкай, таксама італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай, партугальскай, нямецкай, кітайскай, рускай і польскай мовамі.

***

З гісторыі нунцыятуры ў Беларусі

Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў беларускай дзяржаве, была заснаваная ў дзень ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь, 11 лістапада 1992 года. У гэты дзень Папа Ян Павел ІІ выдаў Апостальскі ліст у форме брэвэ — Quantam tandem — аб заснаванні Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь і яе адкрыцці.

ПАПА ЯН ПАВЕЛ ІІ
на вечную памяць пра падзею

Ужо раней кожнаму было цалкам відавочна, наколькі пажаданыя мір і дабрабыт, колькі, акрамя таго, зачаткаў сацыяльнага прагрэсу звычайна прыносіць самой грамадзянскай супольнасці афіцыйнае заключэнне сяброўства паміж Апостальскай Сталіцай і асобнымі народамі свету, а таксама няспыннае і стараннае падтрыманне адносінаў з ёю. І самі Мы з кожным днём усё больш у гэтым пераконваемся.

Гэта падалося Нам вельмі важкай падставай для таго, каб усталяваць з народам Беларусі больш цесныя сувязі праз заснаванне Апостальскай нунцыятуры і ў далейшым часе праз дзейнасць нашага легата ў беларускім народзе. Таму, паспяхова распачаўшы такія афіцыйныя ўзаемадачыненні і ўзважыўшы ўсе аспекты гэтай справы, Мы Нашай Апостальскай уладай і на падставе гэтага Апостальскага ліста законна зацвярджаем і засноўваем Апостальскую нунцыятуру, якую адначасова надзяляем усімі асаблівымі прывілеямі, абавязкамі, індультамі, уласцівымі Пасольству такога ўзроўню паводле святых канонаў.

Размяшчаючы сядзібу Нунцыятуры ў горадзе, які носіць назву Мінск, Мы надзяляем Пантыфікальнага легата ў Беларусі паўнамоцтвамі і правамі, якія, акрамя дамоваў, заключаных са згаданым грамадзянскім урадам, датычаць яго ў адпаведнасці з канонамі 362-367 Кодэкса кананічнага права. Жадаючы, нарэшце, каб Нашыя рашэнні прынеслі вялікую карысць для касцёльных і грамадзянскіх спраў, хочам, каб усё, што Мы тут выказалі і пастанавілі, мела ў будучым такую моц, як і ў цяперашні час, чаму не павінны перашкаджаць ніякія супярэчлівыя прычыны. Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, пад пярсцёнкам Рыбака, 11 лістапада 1992 года, у пятнаццаты год Нашага Пантыфікату.

М.П.
✠ Кард. Аджэло Садана
Дзяржаўны Сакратар

Абноўлена 09.11.2022 15:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа