5 лістапада адышла ў вечнасць Ядвіга Дзям'янка, маці біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі. З гэтай прычыны Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе свайму субрату ў біскупскім служэнні, а таксама ўсім яго родным, блізкім і знаёмым словы глыбокіх спачуванняў.
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Антоній!
Паважаныя родныя і блізкія памерлай Ядвігі!
З глыбокім смуткам я ўспрыняў вестку пра адыход у вечнасць Вашай дарагой мамы Ядвігі. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад сябе асабіста выказваю Вам, Вашай сям’і і ўсім блізкім самыя шчырыя спачуванні.
Зямны жыццёвы шлях маці — гэта заўсёды асаблівы дар любові, веры і ахвярнасці.
Апошнія гады жыцця Ядвігі прайшлі ў старажытным Навагрудку, ля старадаўняй Навагрудскай Фары, якая была сведкай розных гістарычных падзеяў, і пры парафіяльным касцёле Святога Міхала Арханёла, які некалі Вы, глыбокапаважаны біскуп Антоній, самі ўзносілі з матэрыяльных і духоўных руінаў. Менавіта з гэтага месца яна штодзённа ахінала Вас сваёй мацярынскай малітвай. Спадарыня Ядвіга, маці каталіцкага біскупа, несла на сабе нялёгкі, але пачэсны крыж малітоўнага суправаджэння Вашага пастырскага служэння. Мы дзякуем Пану за сведчанне яе доўгага жыцця, хрысціянскай стойкасці і за тую глыбокую веру, якую яна беражліва перадала Вам і вашым родным.
Сёння, калі зямное пілігрымаванне Ядвігі завяршылася, нашыя сэрцы, хоць і сумныя па прычыне расставання, напоўнены цвёрдай надзеяй на сустрэчу з ёй у дзень ўваскрашэння.
З Навагрудка, які стаў для Вашай мамы зямным прытулкам у апошні час, яе шлях скіроўваецца да месца апошняга спачыну — на могілкі ў парафіі Дзераўная, на родную зямлю, дзе калісьці ўсё пачыналася...
Памятаючы словы Хрыста: «Я — уваскрашэнне і жыццё; хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25), мы даручаем спачылую Ядвігу бязмежнай Божай міласэрнасці.
Узношу свае малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Суцяшэння, каб Яе заступніцтва прынесла супакой Вашаму сэрцу ў гэты час выпрабаванняў. Няхай міласцівы Пан прабачыць спачылай усе яе грахі і правіны і няхай ласкава прыме яе ў шэраг збаўленых там, «дзе няма ні хваробы, ні смутку, але жыццё бясконцае».
Вечны адпачынак дай ёй, Пане, а святло вечнае няхай ёй свеціць. Няхай адпачывае ў супакоі вечным. Амэн.
З дарам братэрскай малітвы,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







