Пошук

06.11.2026 13:56   grodnensis.by / Catholic.by

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй выказвае біскупу Пінскаму Антонію Дзям'янку, маці якога Ядвіга 5 лістапада адышла ў вечнасць, спачуванні з выразамі братэрскай падтрымкі і абяцаннем малітвы за памерлую.

У звароце да біскупа Пінскага іерарх піша:

З глыбокім смуткам і жалем прыняў звестку аб адыходзе да Пана Вашай любай маці Ядвігі. Скончылася зямное пілігрымаванне той, якая кожны дзень свайго жыцця ўмела зрабіць цудоўным вызнаннем простай і моцнай веры, сведчаннем бязмежнай любові да Бога і мацярынскага клопату аб сваёй сям'і, прыцягальным прыкладам чалавечай дабрыні, цеплыні і прастаты сэрца.

Прашу Вашу Эксцэленцыю прыняць самыя шчырыя спачуванні, якія выказваю ад уласнага імя, а таксама ад імя Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра, усіх святароў, асобаў кансэкраванага жыцця і ўсёй супольнасці вернага народу Гродзенскай дыяцэзіі.

Выразамі глыбокага спачування атуляю таксама сям'ю і родных спачылай Ядвігі і ўсіх, хто, прабываючы ў жалобе, аплаквае адыход у вечнасць блізкай, любай асобы.
Няхай вера ў Пераможцу смерці, Хрыста Уваскрослага, з якой нанова нараджаецца надзея жыцця вечнага, будзе суцяшэннем у болю разлукі і супакоіць акунутыя ў смутак сэрцы.

Няхай Бог, Айцец бясконцай дабрыні, праз заслугі Мукі, Смерці і Уваскрасення свайго Адзінароднага Сына заззяе сваім міласэрным абліччам над спачылай Ядвігай, а Найсвяцейшая Панна Марыя, Суцяшальніца засмучаных, агорне плашчом сваёй мацярынскай апекі найшаноўнага біскупа і ўсю сям'ю ў жалобе.

З выразамі братэрскага спачування і памяццю ў малітве,

 Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 5 лістапада 2026 г.                            

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.