Біскуп, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што ў гэты дзень у Касцёле на Гродзеншчыне гучыць асаблівая просьба да Бога, багатага на міласэрнасць і ласку, — адарыць вечным жыццём спачылых святароў і кансэкраваных асобаў, якія з вялікай адданасцю служылі ў дыяцэзіі.
Іерарх папрасіў маліцца, каб прыклад спачылых святароў натхняў жывых людзей, асабліва духавенства, да вернасці свайму пакліканню, да любові да Касцёла і да кожнай даручанай ім душы. Таксама біскуп заахвоціў выразіць удзячнасць праз дар малітвы за спачылых.
У гаміліі біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне ксёндз канонік Віталій Сідорка, сказаў, што спачылыя духоўныя асобы «абвяшчалі Божую праўду, па меры сваіх сіл дапамагалі нам пазнаваць Бога» і што «сёння мы можам падзякаваць ім за гісторыю іх жыцця і ўклад у Касцёл».

Ксёндз Віталій дадаў, што многія святары загінулі мучаніцкай смерцю ў час Другой сусветнай вайны і што «Хрыстус, Добры Пастыр, паказаў ім, што Ён перамагае смерць». Святар таксама нагадаў пра тых святароў і кансэкраваных асобаў, якія адышлі ў вечнасць у апошнія гады.
«Сёння мы просім, каб працаўнікі на ніве Пана, спачылыя святары і законныя сёстры, былі ў Божым Валадарстве»,
— адзначыў ксёндз Віталій.

У канцы Імшы біскуп Уладзімір Гуляй падзякаваў прысутным вернікам за памяць пра спачылых душпастыраў, а таксама заахвоціў маліцца аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб на беларускай зямлі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе сакрамэнты.
Удзельнікі літургіі прамовілі малітву «Анёл Панскі» у інтэнцыі спачылых духоўных асобаў.
У гэты ж дзень ганаровы канонік ксёндз доктар Віталій Сідорка быў прызначаны грэміяльным канонікам Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра. Адпаведная ўрачыстая цырымонія прайшла ў гродзенскай катэдральнай базыліцы Святога Францішка Ксавэрыя.