
1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, у магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу, падчас якой заахвоціў вернікаў не толькі ўшаноўваць святых, але і самім імкнуцца да святасці ў штодзённым жыцці.
Разам з біскупам маліўся пробашч магілёўскай катэдры, новапрызначаны ксёндз канонік Уладзімір Русак.
Падчас гаміліі біскуп звярнуў увагу на біблійнае бачанне вялікага натоўпу з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, які стаіць перад тронам Бога і Ягнём (пар. Ап 7, 9). Паводле іерарха, гэтае бачанне нагадвае, што святасць не з'яўляецца прывілеем толькі нешматлікіх выбраных людзей, але пакліканнем кожнага ахрышчанага.
«Святасць не азначае адсутнасці цяжкасцяў. Святасць азначае прысутнасць Бога ў нашых цяжкасцях»,
— падкрэсліў біскуп.
Разважаючы над першым чытаннем, іерарх адзначыў, што святыя — гэта не людзі, якія ніколі не памыляліся, не перажывалі слабасці ці выпрабаванняў. Гэта тыя, хто, прайшоўшы праз жыццёвыя цяжкасці, не страціў сувязі з Богам і дазволіў Хрысту ачысціць іх сваёй ласкай.
Звяртаючыся да другога чытання, біскуп нагадаў словы апостала Яна: «Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы маглі называцца дзецьмі Божымі. І мы імі з’яўляемся» (1 Ян 3, 1).
Іерарх падкрэсліў, што менавіта Божая любоў з'яўляецца пачаткам шляху да святасці. Чалавек пакліканы не проста выконваць рэлігійныя абавязкі або імкнуцца стаць крыху лепшым, але станавіцца падобным да Бога і ўдзельнічаць у Яго жыцці і любові.
Асаблівую ўвагу ў гаміліі біскуп прысвяціў васьмі благаслаўленням, якія Езус абвясціў сваім вучням на гары (пар. Мц 5, 3–10). Іерарх назваў іх не проста прыгожымі словамі, але сапраўднай праграмай хрысціянскага жыцця і партрэтам чалавека, які імкнецца наследаваць Хрыста.
Разважаючы пра міласэрнасць, чыстасць сэрца і міратворчасць, біскуп звярнуў увагу на актуальнасць гэтых евангельскіх заклікаў у сучасным свеце. «Свет сёння мае патрэбу не толькі ў людзях, якія гавораць пра мір, але і ў тых, хто сапраўды будуе мір», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што мір пачынаецца ў чалавечым сэрцы, сям'і, паміж суседзямі і ў парафіяльнай супольнасці.
Біскуп таксама заахвоціў вернікаў задаць сабе асабістае пытанне: ці сапраўды яны хочуць быць святымі? Паводле яго, шлях да святасці пачынаецца не абавязкова з вялікіх учынкаў або выключных подзвігаў, але з малых штодзённых крокаў: малітвы, удзелу ў Эўхарыстыі, прабачэння, дапамогі бліжнім, сумленнага выканання сваіх абавязкаў і вернасці ўласнаму пакліканню.
«Святыя не заўсёды рабілі надзвычайныя рэчы. Але надзвычайнай была іх любоў у звычайных рэчах»,
— падкрэсліў біскуп Аляксандр.
Напрыканцы гаміліі іерарх нагадаў, што ўрачыстасць Усіх Святых адкрывае перад вернікамі перспектыву нябеснай хвалы і нагадвае пра сапраўдную мэту хрысціянскага жыцця — вечную еднасць з Богам. «Не боймася імкнуцца да святасці! Бо Бог чакае нас не толькі ў канцы нашага зямнога жыцця. Ён хоча ўжо сёння жыць у нашых сэрцах і праз нас асвячаць свет», — заклікаў біскуп.
Урачыстасць Усіх Святых з'яўляецца для Касцёла асаблівым днём падзякі Богу за ўсіх, хто дасягнуў нябеснай хвалы, і адначасова нагадваннем кожнаму верніку пра ўсеагульнае пакліканне да святасці.









































