
Догляд за могілкамі — важная частка падрыхтоўкі да ўрачыстасці Усіх Святых, якой сёння займаюцца вернікі па ўсёй краіне. Студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне не абмежаваліся малітвай і разважаннем — яны ўзялі ў рукі прылады, каб вярнуць годны выгляд пакінутым магілам.
Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў будучыя святары выйшлі на могілкі горада, каб прывесці ў парадак пакінутыя і забытыя магілы. Гэта не проста прыбіранне тэрыторыі, а справа памяці і павагі да папярэдніх пакаленняў, а таксама магчымасць спыніцца над месцам супакою пахаваных і засведчыць, што ніхто не забыты.

Па словах гродзенскіх семінарыстаў, такое штогадовае сведчанне памяці пра памерлых — штосьці большае, чым проста фізічная праца.
Гэта «выраз жывой памяці і любові да тых, хто апярэдзіў нас на шляху ў вечнасць», а таксама «вызваленне гісторыі з забыцця, бо старыя гродзенскія могілкі — адкрытыя кнігі гісторыі горада і рэгіёна».
Семінарысты называюць прыбіранне могілак перад днямі ўспаміну памерлых — асаблівага роздуму пра іх — «дасканалым часам для асабістага разважання над тым, што мінае», і дадаюць, што такая праца «нагадвае пра найважнейшае, вучыць пакоры перад немінучасцю смерці».
Прыбраўшы могілкі, семінарысты разам памаліліся на магілах пахаваных там святароў.



























