Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прыняў удзел ва ўрачыстасці разам з прадстаўнікамі сваёй умілаванай Магілёўшчыны, перадаў віншаванні ад імя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўручыў ганаровыя граматы людзям, якія шмат гадоў прысвячаюць сябе служэнню справе міру.
30 кастрычніка ў Вялікім тэатры Беларусі адбылася ўрачыстасць з нагоды 65-годдзя Беларускага фонду міру — адной з найстарэйшых міратворчых арганізацый краіны. Святочнае мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў розных пакаленняў, прафесій і рэгіёнаў Беларусі — людзей, якіх аб’ядноўвае імкненне служыць міру, чалавеку і грамадству.
За 65 гадоў сваёй дзейнасці Беларускі фонд міру рэалізаваў мноства дабрачынных і гуманітарных ініцыятыў, стаўшы важным партнёрам у сацыяльнай сферы і прадстаўніком міратворчай дзейнасці на міжнародным узроўні. Сёлетні юбілей праходзіць пад дэвізам «Адзінства дзеля міру».
Старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, падкрэсліў, што мір — найвялікшая каштоўнасць для кожнага чалавека. Ён адзначыў, што за яго трэба змагацца пастаянна, бо мір не з’яўляецца чымсьці само сабой зразумелым, а патрабуе штодзённай працы і адказнасці кожнага члена грамадства.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі на ўрачыстасці прадстаўляў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўдзельнічаў у свяце ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Юзафа Станеўскага.
На юбілей біскуп прыбыў разам з прадстаўнікамі сваёй умілаванай Магілёўшчыны — рэгіёна, за які ён адказвае і якому ўжо адзінаццаць гадоў прысвячае сваё біскупскае служэнне. Разам з ім у мерапрыемстве прыняў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які прадстаўляў дэлегацыю Віцебскай вобласці, а таксама святары — канонікі Франц Рудзь, Юрый Санько і Віктар Гайдукевіч.
У сваёй віншавальнай прамове біскуп Аляксандр Яшэўскі перадаў сардэчныя віншаванні ад імя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і падкрэсліў глыбокую каштоўнасць міру і адзінства для чалавечага жыцця, трываласці грамадства і будучыні нашай Бацькаўшчыны.
«Мір — гэта вялікі Божы дар, а яго захаванне — наш супольны абавязак. Адзінства ж не азначае аднолькавасці: яно нараджаецца з узаемнай павагі, даверу, салідарнасці і здольнасці бачыць у кожным чалавеку найперш бліжняга»,
— адзначыў іерарх.
Біскуп звярнуў увагу на тое, што сапраўднае служэнне міру пачынаецца з чалавечага сэрца, сям’і і штодзённай адказнасці за свае словы і ўчынкі. Асаблівае значэнне ў гэтай справе маюць любоў да бліжняга, павага да чалавечай годнасці і клопат пра будучыя пакаленні.
«Менавіта ў імкненні да агульнага дабра, у гатоўнасці чуць адзін аднаго і будаваць масты паразумення раскрываецца сапраўдная сіла чалавечай супольнасці»,
— падкрэсліў біскуп.
Напрыканцы прамовы ён пажадаў Беларускаму фонду міру Божага благаслаўлення, мудрасці і моцы ў далейшым выкананні яго высакароднай місіі, новых плённых ініцыятыў і надзейных паплечнікаў у справе ўмацавання міру і згоды.
Ганаровыя граматы, падпісаныя Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, былі ўручаны з нагоды 65-годдзя Беларускага фонду міру за шматгадовае самаадданае служэнне справе міру, актыўную дабрачынную і гуманітарную дзейнасць, а таксама значны асабісты ўклад у рэалізацыю высакароднай місіі арганізацыі.
Узнагароды атрымалі:

Алена Гіль — старшыня праўлення Маскоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» г. Мінска;
Наталля Субко — старшыня праўлення Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру (Віцебская вобласць);
Яніна Шамецька — старшыня праўлення Талачынскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру (Віцебская вобласць);
Марыя Карпуць — галоўны бухгалтар Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру;
Ірына Бараненка — намеснік старшыні праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру;
Сяргей Мінько — старшыня праўлення Дзяржынскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру (Мінская вобласць);
Тацяна Вітушка — член праўлення Мінскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру.
Асабліва кранальным для біскупа Аляксандра стаў адзін невялікі, але вельмі сімвалічны момант. Людзі, якім ён уручаў ганаровыя граматы, віталі яго традыцыйным хрысціянскім прывітаннем: «Пахвалёны Езус Хрыстус!» Гэта шчырае прывітанне, якое прагучала сярод юбілейнай урачыстасці, стала для іерарха прыемнай нечаканасцю і сведчаннем таго, што вера, хрысціянскія карані і духоўныя каштоўнасці займаюць важнае месца ў жыцці людзей, якія служаць грамадству.
Гэтыя ўзнагароды сталі знакам удзячнасці людзям, чыя праца часта застаецца па-за ўвагай шырокай грамадскасці, але штодзённа прыносіць канкрэтную карысць іншым: падтрымлівае тых, хто мае патрэбу, дапамагае будаваць салідарнасць і ўмацоўвае сувязі паміж людзьмі.
Уручэнне грамат суправаджалася пажаданнямі Божых ласкаў, моцы духу і далейшых плённых поспехаў у служэнні чалавеку і грамадству.
Мір нараджаецца не толькі з вялікіх рашэнняў, але і з мноства добрых учынкаў, з павагі, узаемнай дапамогі і адкрытасці да іншага чалавека. Менавіта штодзённая праца людзей розных перакананняў і прафесій дазваляе захоўваць надзею і будаваць грамадства, у якім кожны можа адчуваць сябе патрэбным і абароненым.
Віншуючы Беларускі фонд міру з 65-гадовым юбілеем, Каталіцкі Касцёл у Беларусі выказвае ўдзячнасць усім, хто сваім служэннем, дабрынёй і неабыякавасцю працуе дзеля міру.
Важным сведчаннем імкнення да далейшага развіцця ўзаемадзеяння стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларускім фондам міру, Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Гэта пагадненне адкрывае новыя магчымасці для сумесных дабрачынных і гуманітарных ініцыятыў, умацавання духоўных і маральных каштоўнасцяў, а таксама рэалізацыі праектаў, скіраваных на служэнне чалавеку, падтрымку тых, хто мае патрэбу, і будаванне міру і згоды ў грамадстве.
Няхай Пан Бог благаслаўляе кожнага, хто сее зерне міру, умацоўвае адзінства паміж людзьмі і захоўвае нашу беларускую зямлю ў міры!

























