
27 кастрычніка ў магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце. У супольнай малітве ўдзельнічалі вернікі і прадстаўнікі Магілёўскага аддзялення Беларускага Фонду міру.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі далучыўся ў гэты дзень да малітоўнай ініцыятывы Папы Льва XIV, пакліканай аб’яднаць вернікаў у просьбе аб спыненні войнаў, паяднанні паміж народамі і ўсталяванні справядлівага міру.
Дата 27 кастрычніка мае асаблівае значэнне: сорак гадоў таму, у 1986 годзе, святы Ян Павел II сабраў у Асізі прадстаўнікоў розных рэлігій свету, каб разам маліцца аб міры. Гэтая гістарычная сустрэча стала знакам таго, што імкненне да міру можа аб’ядноўваць людзей розных веравызнанняў і культур.
Падчас гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу на асаблівы боль, які выклікае вайна паміж суседнімі Украінай і Расіяй. Ён нагадаў пра людзей, якія гінуць, пра разбураныя гарады і вёскі, разлучаныя сем’і, дзяцей, якія растуць пад гукі паветраных трывог, і тых, хто вымушаны пакідаць родныя мясціны.
Іерарх падкрэсліў, што «за кожнай навіной пра абстрэл і баявыя дзеянні стаяць чалавечыя жыцці, чыесьці маці і бацькі, сыны і дочкі, мужы і жонкі, чые мары і надзеі разбураюцца вайной. Для беларусаў гэтая трагедыя асабліва балючая, бо Украіна і Расія — нашы суседзі, з якімі нас звязваюць шматлікія чалавечыя, сямейныя і культурныя сувязі».
Падчас Імшы вернікі маліліся за ўсіх, хто церпіць ад вайны, за загінулых і параненых, за сем’і, якія страцілі сваіх блізкіх, за людзей у палоне і бежанцаў, а таксама за тых, хто чакае вяртання родных дадому. Асаблівай інтэнцыяй стала просьба аб спыненні кровапраліцця і дасягненні справядлівага і трывалага міру.
Разважаючы над евангельскім урыўкам пра гарчычнае зерне і закваску (Лк 13, 18–21), біскуп звярнуў увагу на тое, што вялікія перамены могуць пачынацца з малога і непрыкметнага.
«Што можа змяніць мая малітва? Што можа зрабіць адзін чалавек перад абліччам вайны, якая нясе столькі болю нашым суседзям?»
— такое пытанне, паводле разважанняў іерарха, можа ўзнікнуць у кожнага.
Адказ Евангелля — вобраз гарчычнага зерня і закваскі. «Адзін чалавек, які прабачыў крыўдзіцелю, сям’я, якая зрабіла крок насустрач і аднавіла згоду, супольнасць, якая выбрала паразуменне замест варожасці, або шчырая малітва Ружанцам у інтэнцыі міру — усё гэта можа здавацца малым, але Божая ласка здольная прынесці з гэтага вялікі плён».
Біскуп нагадаў, што малітва не павінна заставацца толькі словамі. Яна павінна перамяняць чалавечае жыццё і весці да канкрэтных учынкаў міласэрнасці, дыялогу і прымірэння.
«Перад тым як гаварыць пра мір паміж народамі і дзяржавамі, варта задумацца пра мір у сваім сэрцы: ці не захоўваем мы крыўдаў, ці не адказваем на зло яшчэ большым злом, ці не дазваляем нянавісці авалодаць нашымі думкамі і словамі. Мір пачынаецца там, дзе чалавек адмаўляецца ад помсты, выбірае праўду замест хлусні, дыялог замест пагарды, міласэрнасць замест абыякавасці.
Пры гэтым сапраўдны мір не азначае заплюшчваць вочы на несправядлівасць. Ён павінен грунтавацца на праўдзе, справядлівасці і павазе да чалавечай годнасці. Гэта не толькі адсутнасць стрэлаў, але і магчымасць жыць без страху, вяртацца дадому, гадаваць дзяцей і глядзець у будучыню з надзеяй».
Сёлета Беларускі Фонд міру адзначае сваё 65-годдзе. Гэтая гадавіна стала нагодай нагадаць пра важнасць служэння міру, узаемаразуменню і салідарнасці паміж людзьмі. Удзел прадстаўнікоў Магілёўскага аддзялення Фонду ў супольнай малітве падкрэсліў значнасць агульнай адказнасці за захаванне міру ў грамадстве.
У завяршэнне Імшы вернікі прасілі Езуса Хрыста, Князя супакою, спыніць кровапраліцце ва ўсім свеце, суцешыць усіх, хто аплаквае сваіх блізкіх, абараніць нявінных і даць кіраўнікам народаў мудрасць і мужнасць шукаць шляхоў да справядлівага міру.
Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы міру, удзельнікі малітвы даручылі Богу ўсіх, хто церпіць ад наступстваў войнаў, і прасілі, каб зерне Божага Валадарства расло ў чалавечых сэрцах і прыносіла плён міру для ўсяго чалавецтва.































