
Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы, якая адбылася ў магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з нагоды пятай гадавіны служэння Мітрапаліта Юзафа Станеўскага, яму адрасавалі віншаванні прадстаўнікі духавенства, манаскіх супольнасцяў, дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Першымі да Мітрапаліта звярнуліся прадстаўнікі духавенства архідыяцэзіі. Ад імя Мінскага катэдральнага капітула вішнаванні юбіляру склаў ксёндз прэлат канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі ў суправаджэнні ксяндза каноніка Андрэя Далянскага і ксяндза каноніка Віктара Гайдукевіча SDB.
Ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі арцыпастыра павіншавалі ксёндз Вадзім Мізер MIC і ксёндз Казімір Шыдэлка SDB, якога Мітрапаліт абвясціў ганаровым канонікам Магілёўскага калегіяльнага капітула.
Віншавальнае слова старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі зачытаў Антон Мікалаевіч Лабаноўскі, галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Шчырыя віншаванні Мітрапаліту Юзафу таксама выказалі намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Міхайлавіч Жудро і старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Мікалаеўна Сташэўская.
Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі грамадскасці: старшыня Беларускага фонду міру Максім Уладзіміравіч Місько і кіраўнік праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення нацыянальнай міратворчай арганізацыі Андрэй Аляксандравіч Нікіцін.
Ад імя дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі словы віншавання і найлепшыя пажаданні перадаў брат Анатоль Ярошка OFMCap разам з прадстаўнікамі архідыяцэзіяльнага Caritas.
Свайго арцыпастыра павіншавалі і вернікі. Ад імя ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі да Мітрапаліта звярнуліся дарослыя і дзеці магілёўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Ад імя малітоўных рухаў і супольнасцяў віншаванні склалі вернікі парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. А прадстаўнікі колаў Жывога Ружанца архідыяцэзіі — вернікі парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Беразіно — перадалі Мітрапаліту віншаванні і запэўнілі яго ў малітоўнай падтрымцы.

Урачыстыя словы і малітоўныя пажаданні сталі знакам павагі, удзячнасці і еднасці ўсёй архідыяцэзіі са сваім Пастырам.







































































