Пошук

26.10.2026 07:05   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Ганна Якімовіч, Рыта Ляховіч / Catholic.by

24 кастрычніка ў магілёўскай конкатэдры з раніцы панаваў напружаны і святочны настрой. Кожны ― ад біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказнага за Магілёўскі рэгіён, да тых, хто рыхтаваў касцёл, настройваў апаратуру і фотаапараты, ― чакаў ўрачыстага моманту распачацця святкавання. 5 год таму галоўнай урачыстасцю быў афіцыйны ўваход арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на біскупскую катэдру ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і конкатэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Цяпер усе сабраныя ўрачыста святкавалі першы 5-гадовы юбілей гэтай гістарычнай падзеі.

На распачацце ўрачыстасці біскуп Яшэўскі і прысутныя канонікі Мінскага катэдральнага капітула перад уваходам у касцёл сустрэлі арцыпастыра, які прыбыў у Магілёў. Прыгожым словам і хлебам-соллю яго прывіталі прадстаўнікі магілёўскіх парафіянаў. Затым у зладжанай працэсіі духавенства правяло арцыбіскупа перад алтар на кароткую малітву. Хор конкатэдральнай парафіі ў суправаджэнні аргана ў гэты час спяваў моцнае Ecce sacerdos magnus ― «Вось вялікі святар».

Напачатку біскуп Яшэўскі ўрачыста прывітаў галоўнага цэлебранта ― юбіляра, запэўніваючы яго ў супольным дары малітвы за ўдзеленыя Богам ласкі, «пастырскую руплівасць, сведчанне веры, вернасць Евангеллю і нястомны клопат пра Божы народ», давераны яго апецы. Ён таксама скіраваў прывітанне Генеральнаму вікарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупу Юрыю Касабуцкаму, канонікам Мінскага катэдральнага капітула, святарам, кансэкраваным асобам, «якія сваёй малітвай і служэннем штодзённа ўзбагачаюць жыццё Касцёла ў Беларусі», а таксама вернікам, якія прыбылі на ўрачыстасць «з розных куткоў нашай архідыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі», каб маліцца за Мітрапаліта ў яго юбілей.

Асобна са словамі віншаванняў біскуп Яшэўскі звярнуўся да святароў, якія напрыканцы Імшы будуць абвешчаны першымі канонікамі новастворанага «Магілёўскага калегіяльнага капітула Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія, заснаванага Мітрапалітам Юзафам 3 верасня 2026 года», акрэсліваючы гэтую падзею «нараджэннем новай старонкі ў жыцці магілёўскага Касцёла».

Адказны за Магілёўшчыну іерарх з пачуццём глыбокай пашаны прывітаў прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, мясцовага кіравання і самакіравання, кіраўнікоў і прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, і падзякаваў ім за прысутнасць і «за добрае узаемадзеянне паміж дзяржаўнымі інстытутамі, грамадскімі арганізацыямі і Каталіцкім Касцёлам дзеля духоўнага, культурнага і маральнага дабра нашага народа». Сярод названых ім прадстаўнікоў улады былі запрошаныя і прысутнічалі на ўрачыстасці:

  • старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, спорце, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Анатольевіч Малашка разам з жонкай Ірынай Леанідаўнай;
  • намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Міхайлавіч Жудро;
  • старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Мікалаеўна Сташэўская;
  • галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Мікалаевіч Лабаноўскі;
  • начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Мікалаеўна Ігнаценка;
  • старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Андрэй Аляксандравіч Нікіцін.

Інтэнцыяй, у якой маліўся біскуп Аляксандр і прысутнае духавенства, была просьба да «Хрыста, Найвышэйшага і Добрага Пастыра, каб Ён і надалей вёў свайго слугу, Мітрапаліта Юзафа, шляхам святасці, умацоўваў дарамі Святога Духа, адорваў здароўем, мудрасцю і душэўным супакоем, а праз яго служэнне шчодра благаслаўляў увесь Касцёл і наш народ на беларускай зямлі».

Юбіляр на пачатку сваёй уступнай прамовы прывёў выказванне: «Дзяржава і Касцёл ― гэта сям'я сем'яў», адзначаючы: «Мы сабраліся як адна сям'я Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі ў яе ўсходняй частцы, горадзе Магілёве, у гістарычнай магілеўскай архікатэдры, якая была сядзібай самай буйной па тэрыторыі каталіцкай дыяцэзіі ў свеце». Арцыпастыр дадаў: «Прысутнасць біскупаў, святароў і манаскіх асоб, вернікаў з Мінска і шматлікіх прадстаўнікоў дзяржаўных органаў мясцовага значэння сімвалічна і паказвае адзінства ў разнастайнасці». 

Мітрапаліт Юзаф Станеўскі з падзякай узгадаў пра тых, хто стаяў ля вытокаў сённяшняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: біскупаў, духавенства і вернікаў, ― і адзначыў: «Мы з надзеяй глядзім ў будучыню». Падчас Імшы іерарх дзякаваў Богу за 5-гадовы сумесны шлях і прасіў Яго аб новых пакліканнях да святарства і ў інтэнцыі, «каб сем'і былі моцныя Богам».

Святая Імша цэлебравалася з фармуляра «Аб новых і святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця», які паказваў клопат арцыбіскупа-юбіляра аб будучых руплівых працаўніках на жніве Пана.

Гамілію падчас Імшы прамовіў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. «Сёння ў гэтай гістарычнай магілёўскай катэдры асаблівым чынам сустракаюцца гісторыя і сучаснасць магілёўскага Касцёла», ― распачаў ён, падкрэсліваючы, што менавіта тут некалі распачыналася гісторыя Магілёўскай мітраполіі, а цяпер адбываецца святкаванне 5-годдзя інгрэсу таго, хто «працягвае місію сваіх славутых папярэднікаў» ― Мітрапаліта Юзафа Станеўскага.

У тым месцы, дзе «гісторыя сустракаецца з вечнасцю, а памяць Касцёла становіцца жывым сведчаннем Божай вернасці», біскуп прывёў некаторыя факты, якія сведчаць пра гістарычную значнасць Магілёва і яго катэдры.

«Менавіта адсюль, з архікатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, распачыналася вялікая гісторыя Магілёўскай архідыяцэзіі, якая па Божым Провідзе стала першай каталіцкай мітраполіяй на абшарах тагачаснай Расійскай імперыі. Тут служыў першы мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч; […] тут былі заснаваны дзве жаночыя манаскія кангрэгацыі, што сталі каштоўным плёнам духоўнага жыцця Магілёўскай архідыяцэзіі».

Пераходзячы да цяперашняй урачыстасці, прамоўца назваў яе сапраўдным святам адзінства, днём, калі вакол арцыпастыра збіраецца ўся архідыяцэзіяльная сям’я. У гэты дзень прысутным біскупам, святарам, кансэкраваным асобым і вернікам спадарожнічаюць прадстаўнікі дзяржаўнай улады, якім біскуп падзякаваў «за служэнне агульнаму дабру нашага народа». «Касцёл заўсёды верыць, што сапраўдная веліч любой улады раскрываецца праз адказнасць за чалавека, праз клопат пра мір, справядлівасць і грамадскую згоду», ― заўважыў біскуп Яшэўскі і дадаў, што падчас Імшы даручае Богу ў малітве таксама тых, «хто нясе адказнасць за жыццё нашай краіны і мясцовых супольнасцяў».

Абапіраючыся на Божае слова, якое прагучала падчас Імшы, іерарх зазначыў, што сам Езус у Евангеллі падае праграму жыцця і служэння пастыраў:

«Пастыр пакліканы не проста кіраваць даручаным яму Божым народам, але ісці разам з ім. Ён пакліканы ведаць сваіх людзей, раздзяляць іх радасці і смуткі, несці разам з імі цяжар жыццёвых выпрабаванняў і быць для іх знакам прысутнасці Езуса Хрыста ― Добрага Пастыра».

Таксама за святым апосталам Паўлам біскуп падкрэсліў, што «ўсе пакліканні і служэнні ў Касцёле маюць адну мэту: будаванне Хрыстовага Цела». Адсюль яго выснова: «Сапраўдны пастыр не будуе сваю ўласную супольнасць і не шукае сваёй славы. Ён дапамагае кожнаму чалавеку адкрыць сваё месца ў Касцёле і карыстацца атрыманымі ад Бога дарамі дзеля агульнага дабра».

Далей іерарх прывёў словы Хрыста пра сваіх авечак: «Я ведаю сваіх, а мае ведаюць Мяне» (Ян 10, 14) і звярнуў увагу, што ў Святым Пісанні веданне азначае не столькі пазнанне, колькі «сувязь любові, блізкасці і вернасці». Менавіта так, па яго словах, біскуп павінен ведаць сваю паству і несці яе ў сваім сэрцы.

У святле разумення гэтых слоў біскуп Аляксандр перайшоў да разважання над біскупскім дэвізам арцыпастыра: «Радасць Евангелля ― Хрыстус жыве».

Радасць Евангелля ― «гэта не проста добры настрой, не чалавечы аптымізм і не імгненнае пачуццё духоўнага спакою». Паводле прамоўцы, гэта адчуванне блізкасці Бога і таго, што ён побач з Яго вызнаўцамі нават у гадзіну іх выпрабавання. Гэта выражае тытул Хрыста ― Добры Пастыр. Ведаць яго ― значыць «любіць, быць побач, разумець і падзяляць жыццё іншага чалавека».

Другая частка дэвізу адкрывае крыніцу хрысціянскай радасці: «Хрыстус жыве!» Гэта, паводле іерарха, не проста вызнанне веры, але сэрца хрысціянскага вучэння. Уваскрослы Пан, жывы і прысутны ў сваім Касцёле, прамаўляе праз сваё слова, корміць сваім Целам, выходзіць насустрач у кожным чалавеку. Сустрэча з жывым Хрыстом заўсёды нараджае радасць.

Прыводзячы выраз святога Аўгустына: «Для вас я біскуп, разам з вамі я хрысціянін», біскуп Яшэўскі адкрыў слухачам яшчэ адно правіла біскупскага служэння:

«Біскуп пакліканы ісці наперадзе народа Божага як пастыр, аднак сам застаецца вучнем Хрыста, які пастаянна слухае Яго голас і ідзе за Ім».

Імкнучыся паказаць гэтую таямніцу ў жыцці арцыбіскупа юбіляра, прамоўца адзначыў «некалькі каштоўных дароў», якімі Бог узбагаціў архідыяцэзію праз служэнне яе арцыпастыра:

  • Дар блізкасці ― праз шматлікія сустрэчы, пастырскія візітацыі, размовы са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі Мітрапаліт Юзаф імкнецца ўвасабляць евангельскі вобраз Добрага Пастыра.
  • Нястомнае абвяшчэнне надзеі ― у сваіх пасланнях і гаміліях арцыпастыр няспынна нагадвае, што надзея чалавека існуе не дзякуючы чалавечым намаганням, але яе крыніца ― Уваскрослы, які з’яўляецца Панам гісторыі.
  • Айцоўскі клопат пра святароў і новыя пакліканні ― шматгадовы досвед фарматара семінарыстаў і выхавацеля святароў спрыяе таму, што тэма пакліканняў з’яўляецца адной з найбольш важных у яго пастырскім служэнні. Таму стварэнне Магілёўскага калегіяльнага капітула і аб’яўленне новых канонікаў ― гэта бачны знак клопату Мітрапаліта «пра ўмацаванне еднасці прэзбітэрыя, развіццё духоўнага жыцця рэгіёна і захаванне багатай духоўнай і культурнай спадчыны Бялыніцкай зямлі і ўсёй Магілёўшчыны».
  • Клопат пра марыйныя святыні Беларусі, асабліва пра развіццё Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
  • Нястомнае будаванне адзінства ― абапіраючыся на фрагмент Пасланне апостала Паўла да Эфесцаў пра ўзрастанне Містычнага Цела ― Касцёла ― дзякуючы Хрысту, біскуп адзначыў: «Касцёл жыве тады, калі кожны верна выконвае сваё пакліканне: біскуп і святар, асоба кансэкраванага жыцця, прадстаўнік дзяржаўнай улады і грамадскі дзеяч, бацька і маці сям’і, моладзь і людзі сталага ўзросту. Калі кожны нясе адказнасць за даручанае яму служэнне, усё Цела Хрыстова ўзрастае ў любові». Кожны мае ўласнае пакліканне і адказнасць, але, па словах пастыра, усіх людзей аб’ядноўвае клопат пра чалавека, пра захаванне духоўных і маральных каштоўнасцяў, пра мір, згоду і дабро нашай Бацькаўшчыны. Адкрытасць Мітрапаліта да дыялогу і супрацоўніцтва садзейнічалі рэалізацыі многіх духоўных, культурных і дабрачынных ініцыятыў на карысць людзей і ўсяго грамадства.

Падсумоўваючы, біскуп вылучыў 7 асноўных адметнасцяў служэння арцыпастыра:

  • радасць Евангелля,
  • сведчанне пра жывога Хрыста,
  • блізкасць пастыра да Божага народа,
  • айцоўскі клопат пра святароў,
  • любоў да Будслава і Бялынічаў,
  • місійны дух,
  • нястомнае будаванне адзінства Касцёла і ўсяго грамадства.

Напрыканцы гаміліі, яшчэ раз дзякуючы Мітрапаліту Юзафу Станеўскаму за сведчанне веры і пастырскую руплівасць, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB заклікаў усіх прысутных да захавання адзінства і абнаўлення веры і завяршыў сваю прамову наступным пажаданнем-малітвай:

«Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай і Бялыніцкай, святога Юзафа, святога Станіслава, біскупа і мучаніка, а таксама святога Антонія Магілёўскага, просім Усемагутнага Бога, каб Ён благаславіў Мітрапаліта Юзафа багатымі ласкамі, адарыў яго добрым здароўем, супакоем сэрца, святлом Святога Духа і многімі гадамі служэння дзеля дабра Касцёла і на большую хвалу Божую».

Напрыканцы святой Імшы наступіў доўгачаканы і гістарычны для магілёўскай конкатэдры момант ― арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абвясціў дэкрэты на ўстанаўленне канонікаў Магілёўскага калегіяльнага капітула Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага.

Затым святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі ўлады і паасобныя групы вернікаў урачыста віншавалі Мітрапаліта з юбілеем. Кожны прамаўляў шчыра і ад сэрца, а віншаванне самых малодшых вернікаў нікога не пакінула абыякавым ― усе прысутныя з вялікім хваляваннем радасна пляскалі ў далоні.

Завяршылася ўрачыстасць пастырскім благаслаўленнем, супольным фотаздымкам з новапрызначанымі канонікамі і смачным фуршэтам.

Абноўлена 26.10.2026 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця