Пошук

22.09.2026 21:19   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант, Жанна Мецеж / Фота: Яўген Далгалёў / Catholic.by

У зале імя святога Яна Паўла ІІ Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі 19 верасня прайшоў навукова-гістарычны сімпозіум «35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні». Удзельнікі — ад іерархаў да студэнтаў Тэалагічнага каледжа — разважалі пра шлях Касцёла на Гродзеншчыне ад падполля да кананічнай паўнаты, а завяршэннем сустрэчы стала Эўхарыстыя, падчас якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў словы, пачутыя ў 1961 годзе: «Усё, касцёла больш няма!»

«Гродзенская дыяцэзія стала жывой супольнасцю веры»

Сімпозіум адкрыў ксёндз доктар Андрэй Скамарошка, прэфект семінарыі і арганізатар мерапрыемства. Ён прывітаў прысутных іерархаў: біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, біскупа Пінскага Антонія Дзям'янку, арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з Магілёва, біскупа Андрэя Зноску з Пінска, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі айца Лявонція Тумоўскага, архімандрыта Сяргея Гаека, пастара Уладзіміра Татарнікава з Гродна, спадара Эдмунда Станіслававіча Ярмусіка, прафесара гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітета, а таксама святароў, кансэкраваных асоб, студэнтаў Гродзенскага тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра і іншых гасцей.

Як адзначыў прамоўца, 35 гадоў таму новаўтвораная Гродзенская дыяцэзія стала «жывой супольнасцю веры». Але ў той жа час, святкуючы аднаўленне іерархічных структур Касцёла ў Беларусі, ён заклікаў прысутных запытацца ў сябе: якія каштоўнасці мы перанялі ад нашых продкаў за гэты час і якія з іх перададзім тым, хто прыйдзе пасля нас? Напрыканцы прамовы арганізатар пажадаў усім удзельнікам поспехаў і плённых дыскусій.

Біскуп Уладзімір Гуляй, вітаючы высокіх гасцей і ўдзельнікаў, нагадаў, што 13 красавіка 1991 года папа Ян Павел ІІ заснаваў Гродзенскую дыяцэзію ў межах Мінска-Магілёўскай мітраполіі і прызначыў яе пастырам біскупа Аляксандра Кашкевіча.

«Заснаванне Гродзенскай дыяцэзіі — гістарычны паваротны момант, які распачаў новы этап гісторыі Касцёла на нашых землях»,

— адзначыў пастыр.

Ён заахвоціў прысутных перажыць сімпозіум у духу падзякі Богу і людзям за адраджэнне веры, а таксама за служэнне біскупаў Тадэвуша Кандрусевіча і Аляксандра Кашкевіча. Тадэвуш Кандрусевіч, дзейнічаючы як Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду, стаў у тыя няпростыя часы «першай ластаўкай» у адраджэнні Касцёла, у «будаванні падмурку Касцёла». Дзякуючы яму паўстала Вышэйшая духоўная семінарыя, курыя, Caritas, былі выдадзены першы катэхізіс і студыйныя тэксты Імшы па-беларуску.

Другі з біскупаў, Аляксандр Кашкевіч, на працягу доўгіх 33 гадоў фармаваў аблічча Гродзенскай дыяцэзіі. Таму біскуп Гуляй сцвердзіў, што можа залічыць сябе да «пакалення біскупа Аляксандра». Іерарх узгадаў таксама іншых людзей — дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, — якія дапамагалі гродзенскаму Касцёлу ў духоўным і матэрыяльным плане, дзякуючы чаму ён хутка адзначыўся «маштабам і незвычайным дынамізмам». Не абмінуў увагай пастыр і «касцёльных бабуль», якіх назваў «гігантамі веры». Біскуп пажадаў, каб сімпозіум быў падзякай за дар адраджэння каталіцкай веры, а таксама шляхам у новую будучыню Касцёла.

Пасля прывітальных слоў біскупа Уладзіміра Гуляя да ўдзельнікаў сімпозіума звярнуўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа — яго паведамленне было зачытана ў зале. Іерарх у сваім звароце падкрэсліў, што гісторыя — гэта не проста архіў для кансультацый, а абавязак, які неабходна прыняць:

«Памяць вяртае нас да каранёў і да супольнасці, якая захоўвала веру на працягу стагоддзяў».

Нунцый нагадаў, што за гэтыя гады супольнасць прайшла шлях ад стану Касцёла, які прымаў дапамогу, да Касцёла, здольнага нараджаць місію — дзякуючы росту пакліканняў святароў і кансэкраваных асоб, а таксама падрыхтоўцы свецкіх вернікаў, якія паступова надалі дыяцэзіі яе ўласнае аблічча. У гэтым сэнсе Гродзенская дыяцэзія адыграла рашучую ролю.

Як адзначыў арцыпастыр, Касцёл жыве не для самога сябе, а дзеля дабра грамадства. «Гэта служэнне нараджаецца з веры», падкрэсліў іерарх. 35-годдзе беларускага Касцёла гэта час касцёльнага экзамену, і тут гаворка ідзе не проста пра падлік спраў, але і пра тое, каб задумацца пра якасць веры. «Гэта спрыяльны час, каб ацаніць стан сённяшняй супольнасці і глыбіню літургічнага жыцця», дадаў пастыр і назваў гэтую гадавіну запрашэннем да распазнання шляхоў далейшага развіцця.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння Касцёл пакліканы зрабіць яшчэ адзін крок — працэс сінадальнасці, распачаты папам Францішкам і працягнуты Папам Львом XIV.

«Гэта не новая структура, а спосаб бачыць касцёльны стыль, які прадугледжвае распазнанне і сумеснае крочанне»,

— патлумачыў іерарх.

Сінадальнасць заклікае да сталасці, якая не абмяжоўваецца захаваннем атрыманага, але больш рашуча адкрываецца на місію прымання і накіравання святароў туды, дзе яны больш патрэбныя. «Пасля перыяду, адзначанага падтрымкай, прыходзіць час, калі дыяцэзія паклікана шчодра дзяліцца атрыманымі дарамі, прапаноўваючы евангельскую прысутнасць, якая дасягае іншыя касцёлы і супольнасці», адзначыў нунцый Іньяцыё Чэффаліа.

Ён выказаў асаблівую ўдзячнасць «дакладчыкам і даследчыкам, чый уклад дазваляе глыбей пазнаць гісторыю Гродзенскай дыяцэзіі», падкрэсліўшы, што даследаванне — гэта яшчэ і каштоўнае служэнне, якое дапамагае зразумець, чым Касцёл быў, чым стаў і чым пакліканы быць.

«Памяць асвятляе сучаснасць і адкрывае будучыню, дазваляючы распазнаць атрыманыя дары і адказнасць, што вынікае для кожнага»,

сказаў нунцый і выказаў спадзяванне, што «гэты сімпозіум паспрыяе ўмацаванню касцёльнай еднасці, супрацоўніцтву паміж інстытутамі і якаснаму сведчанню пра Евангелле. «Касцёл расце, калі слухае, калі суправаджае, калі служыць, калі дае сябе весці Божаму слову і канкрэтнаму жыццю людзей», — завершыў сваю прамову іерарх.

«Ад надзвычайнасці — да нормы, ад маўчання — да адказнай свабоды»

З першым дакладам «Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур» выступіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Дзякуючы навуковаму і лагічнаму падыходу, а таксама прыгатаванай слайд-прэзентацыі, іерарх акцэнтаваў тэзіс аб тым, што адраджэнне іерархічных структур Касцёла ў нашай краіне не было стварэннем новых структур, але было аднаўленнем кананічнай нармальнасці і працягам развіцця касцёльнай супольнасці пасля часу яе надзвычайнай дзейнасці.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі прапанаваў паглядзець на гэтую гадавіну як на «аснову для асэнсавання сучаснага этапу развіцця Касцёла ў Беларусі ў святле яго гістарычнай пераемнасці і эклезіяльнай адказнасці».

Чырвонай ніткай праз усё выступленне іерарха прайшла думка, што аднаўленне Касцёла не было проста механічным вынікам змен у дзяржаве і грамадстве. Нават калі працэсы другой паловы 1980-х паслабілі татальны кантроль над рэлігійным жыццём, пераход ад ecclesia in silentio да адкрытага існавання патрабаваў свядомых кананічных рашэнняў.

Біскуп назваў канец ХХ стагоддзя «паваротным момантам» — «часам кананічнай рэабілітацыі і аднаўлення іерархічных структур». Ён падкрэсліў, што тады Касцёл у Беларусі перайшоў «ад надзвычайнасці — да нормы, ад маўчання — да адказнай свабоды». Іерарх падкрэсліў, што ў другой палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя адбыўся сапраўдны пералом у гісторыі Касцёла. Ён яшчэ раз нагадаў, што аднаўленне не было аўтаматычным вынікам палітычных працэсаў. Па яго словах, яно патрабавала рашэнняў, здольных аднавіць не толькі публічную прысутнасць, але і эклезіяльную паўнату мясцовага Касцёла.

Першым вырашальным крокам біскуп лічыў паступовае вяртанне легальнай магчымасці пастырскага служэння. Па меркаванні пастыра, ключавой падзеяй з кананічнага пункту гледжання стала прызначэнне ў 1989 годзе Апостальскага адміністратара для католікаў у Беларусі — біскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

«Упершыню пасля дзесяцігоддзяў ecclesia in silentio мясцовы Касцёл атрымаў пастыра на законных умовах»,

— сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што той дзейнічаў не толькі de facto, але і de iure. З гэтага моманту Касцёл пачаў выходзіць з надзвычайнага стану і вяртацца ў норму кананічнага жыцця.

Кульмінацыяй працэсу біскуп назваў рэструктурызацыю касцёльнай іерархіі ў пачатку 1990-х. Ён нагадаў, што 13 красавіка 1991 года Апостальская Сталіца прыняла рашэнне аб аднаўленні паўнавартаснай дыяцэзіяльнай структуры ў Беларусі. Тады ж была заснавана і Гродзенская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Аляксандр Кашкевіч. Далей іерарх апісаў 1990-я гады як перыяд «інтэнсіўнага і шматвымернага аднаўлення». Найбольш складаным і доўгатэрміновым выклікам ён назваў аднаўленне ўласнай сістэмы фармацыі духавенства.

Ацэньваючы сучаснае становішча Касцёла, біскуп адзначыў, што ён «распачаў якасна новы этап свайго існавання». Галоўным выклікам цяпер становіцца не фізічнае выжыванне і не арганізацыйны рост, а змест і якасць прысутнасці ў грамадстве. Ён заўважыў, што з пачатку ХХІ стагоддзя ўсё выразней праяўляецца змена кантэксту, у якім Касцёл ажыццяўляе сваю місію. Сучасны этап іерарх ахарактарызаваў як пераход да эклезіяльнай сталасці і сінадальнага спосабу існавання. Вырашальным тут становіцца пытанне, ці здольны Касцёл быць пераканаўчым, інтэлектуальна сумленным і духоўна глыбокім сведкам Евангелля. «Менавіта тут адноўленыя структуры знаходзяць свой сапраўдны сэнс — не як мэта, але як інструмент супольнага і адказнага сведчання», — сказаў іерарх.

Поўны тэкст даклада ТУТ>>>

«Бог застаецца валадаром гісторыі»

Наступным дакладчыкам быў сведка і ўдзельнік адраджэння Касцёла ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падзяліўся цікавымі фактамі з гістарычных і архіўных крыніц і сваімі ўспамінамі гэтых знакавых для Касцёла ў Беларусі падзей.

Арцыбіскуп Кандрусевіч асабліва падкрэсліў, што Бог застаецца валадаром гісторыі, бо пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў Касцёл атрымаў «вымаленую і выпакутаваную свабоду веравызнання». Іерарх нагадаў, што рашэнне папы Яна Паўла ІІ аб адраджэнні структур «не нарадзілася імгненна, але саспявала доўгі час». Ён заўважыў, што Божы Провід дазволіў яму асабіста прымаць удзел у падрыхтоўцы гэтага рашэння.

Каб паказаць глыбіню працэсу, арцыбіскуп звярнуўся да гісторыі Касцёла на беларускіх землях — ад Крэўскай уніі 1385 года і заснавання Віленскай дыяцэзіі да Брэсцкай уніі 1596 года. Ён падкрэсліў, што Кацярына ІІ у 1772 годзе заснавала Беларускае біскупства без згоды Апостальскай Сталіцы, і Ватыкан апынуўся ў складанай сітуацыі. Папа Пій VI у 1783 годзе кананічна заснаваў Магілёўскую архідыяцэзію, прычым дзейнічаў самастойна, зыходзячы з рэалій, а не з падачы імператрыцы. Іерарх падкрэсліў, што ў 1798 годзе была заснавана Мінская дыяцэзія, але з часам адносіны паміж Касцёлам і царскай уладай пагаршаліся.

Іерарх засяродзіўся на трагічным перыядзе XX стагоддзя, калі пасля рэвалюцыі 1917 года пачаліся жорсткія ганенні. Ён нагадаў, што Магілёўскія арцыбіскупы Эдвард Роп і Ян Цепляк былі арыштаваны і высланы, а Мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі вымушаны быў пакінуць сваю катэдру. Папа Пій ХІ у 1926 годзе прызначыў біскупа Мішэля д'Эрбіні Апостальскім легатам у Савецкім Саюзе з правам тайна рэарганізаваць структуры. Іерарх падкрэсліў, што нават у такіх умовах касцёльная іерархія існавала ў асобах трох генеральных вікарыяў, якія падпісвалі дэкрэты аб прызначэнні святароў.

Пастыр таксама ўзгадаў, што напрыканцы 1980-х гадоў у паветры лунала «свабода» веравызнання, а візіт кардынала Юзафа Глемпа ў Беларусь у 1988 годзе стаў важным знакам зменаў.

Ён прызнаўся, што ў 1989 годзе папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі, і пачаўся «час адраджэння і станаўлення Касцёла».

Арцыбіскуп распавёў, што ў пачатку 1991 года ў маленькай плябаніі францішканскай парафіі ў Гродне ён прадставіў нунцыю план новых структур, намаляваўшы фламастэрам межы дыяцэзій на карце. Ён звярнуў увагу, што дату 13 красавіка 1991 года выбраў невыпадкова, бо «фацімскае прароцтва аб навяртанні нашых зямель збывалася».

У завяршэнні арцыбіскуп падкрэсліў, што галоўны сучасны выклік — гэта крызіс веры, бо чалавек адкідвае Божы закон і ўводзіць свой. Ён заўважыў, што аднаўленне структур і інстытуцыянальныя рэформы недастатковыя для аднаўлення веры — патрэбна глыбокая духоўная фармацыя і сведчанне хрысціянскага жыцця. Іерарх выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу і ўсім, хто адраджаў Касцёл на працягу 35 гадоў. Ён пажадаў Гродзенскай дыяцэзіі захаваць «духоўны імунітэт» і завяршыў словамі Ad multos annos!

Поўны тэкст даклада ТУТ>>>

«Касцёл паўстаў, як фенікс з попелу»

Пасля кава-паўзы ўсе прысутныя былі запрошаны ў касцёл Адшукання Святога Крыжа, дзе прайшла святая Імша — цэнтральны духоўны пункт сімпозіума. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх, прывітаўшы прысутных, распачаў сваю ўступную прамову ад шакуючай фразы: «Усё, касцёла больш няма!» Арцыпастыр растлумачыў, што гэтыя словы ён, жывучы ў Гродне і будучы старэйшым школьнікам, пачуў у аўтобусе па дарозе ў школу ў 1961 годзе. Хтосьці глядзеў у акно аўтобуса і ўбачыў, што ад Фары Вітаўта нічога не засталося. Пасля школьных заняткаў будучы іерарх прыйшоў на месца, дзе стаяў касцёл — ад яго засталася толькі вялікая колькасць цэглы і металу пасля ўзрыву.

Аднак, як падкрэсліў ён, «прыйшлі іншыя часы, і рака веры выплыла навонкі». Тады Касцёл паўстаў, «як фенікс з попелу», і пачаў развівацца. «Касцёл ёсць і будзе жыць! — усклікнуў арцыбіскуп. — Бо Хрыстус сказаў, што нават пякельныя брамы не перамогуць яго».

Арцыпастыр падчас Эўхарыстыі маліўся за Гродзенскую дыяцэзію, за духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў, выпрошваючы для іх патрэбныя ласкі і мужнасць у супрацьстаянні выклікам часу.

Гамілію прамовіў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які пачаў са слоў: «Памяць вяртае нас да каранёў». Іерарх адзначыў: «Адраджэнне касцёльных структур не было аўтаматычным працэсам, але актам касцёльнай справядлівасці, дзякуючы якому мясцовы Касцёл адшукаў паўнату сваёй суб'ектнасці і місіі». На думку пастыра, будучыня запрашае нас з адказнасцю глядзець на цяперашні этап, дзе выклік ужо не ў тым, каб адбудаваць страчанае, а каб зрабіць сведчанне Евангелля пераканаўчым у сучасным грамадстве.

Пасляваенны час ХХ стагоддзя для Гродзеншчыны быў часам як «грубага пераследу», так і «вытанчанага ціску ўладаў, якія навязвалі вернікам сваю атэістычную ідэалогію». Працэс адраджэння веры, які распачаўся ў часы так званай «перабудовы» і працягваўся далей, як заўважыў гродзенскі іерарх, не меў спантаннага характару і не праходзіў хаатычна, але адбываўся «пад мудрым кіраваннем пастыраў». Іерарх параўнаў веру з зернем, чый лёс залежыць ад таго, на якую глебу яно ўпадзе, і заўважыў, што «багаты ўраджай успрымаецца людзьмі як знак Божага благаслаўлення», але ні ў якай меры не варта прыніжаць заслугаў людзей, якія ўдзельнічаюць у прарастанні гэтага зерня.

«Без штодзённай працы не будзе ўраджаю»,

— падкрэсліў біскуп. Так і веды вернікаў пра нашу веру падобныя да гэтага зерня, і без пільнай увагі земляробаў не будзе адпаведнага плёну.

Біскуп прыгадаў, як у часы атэізму шмат хто з тых, хто імкнуўся захоўваць веру, у той жа час казаў, што «канчаецца зерне» — канчаецца іх жыццё, і няма каму перадаць свае веды. «Не было ніякіх знакаў надзеі, нічога не сведчыла, што сітуацыя ў Касцёле зменіцца», — нагадаў іерарх. Але дзякуючы Божаму Провіду Касцёл аднавіўся. «Евангельскі вобраз з зернем кажа нам глядзець з павагай на земляробаў і іх штодзённую працу», — заклікаў біскуп Уладзімір.

Сакральнае мастацтва як «дынамічны сакральны тэкст»

Пасля абедзенага перапынку сімпозіум працягнуўся дакладам кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Ляўшука «Мастацтва бачыць: аб увасабленні генетычнага кода Гродзенскай дыяцэзіі ў інтэр'еры яе святыняў». Даследчык заўважыў, што калі папрасіць вернікаў распавесці пра ўнутранае аздабленне касцёла, то, паводле яго, абсалютная большасць адкажа: «У нас вельмі прыгожа», аднак яны не растлумачаць, што канкрэтна ім найбольш падабаецца. Таму даследчык прапанаваў паглядзець на сакральнае мастацтва і архітэктурна-дэкаратыўнае ўбранне гродзенскіх святыняў не як на збор асобных помнікаў, а як на «унікальную візуальную мову, якая фарміруе духоўную і культурную ідэнтычнасць» дыяцэзіі.

Даклад быў пабудаваны вакол чатырох сюжэтных вузлоў. Першы — ідэйная праграма фасаду гродзенскай катэдры святога Францішка Ксаверыя і двух «гістарычных алтароў» у яго трансэпце, звязаных з памяццю пра святых Бруна з Кверфурта і Казіміра Ягелона. Другі — рэканструкцыя тэалагічнай задумы галоўнага алтара былога кляштара святой Брыгіты, у якой адлюстравалася спецыфіка духоўнага ўплыву ордэна ў рэгіёне, а таксама заўвагі пра візуальныя рэплікі культуры крыжакоў, што захаваліся ў кляштары. Трэці — ідэйная праграма фасаду былога бэрнардынскага касцёла і гісторыя яго Ларэтанскай капліцы як цэнтра ўшанавання Маці Божай і транслятара еўрапейскіх сакральных мадэляў на гродзенскую глебу. Чацвёрты — раскрыццё ідэйна-мастацкай праграмы алтароў касцёла Маці Божай Анёльскай, якая дэманструе францішканскую тэалагічную традыцыю, выяўленую праз гродзенскае барока.

Аналізуючы аздабленне беларускіх касцёлаў, Уладзімір Ляўшук паказаў, як праз гэтыя элементы праяўляюцца гістарычная памяць і тэалагічная праграма канкрэтных мясцін.

На прыкладзе галоўных каталіцкіх святыняў Гродзеншчыны было даведзена, што інтэр'ер святыні — гэта «не проста дэкаратыўная прастора, а дынамічны сакральны тэкст». Такі падыход дазваляе гаварыць пра «мастацтва бачыць» як пра ўменне «злічваць тэалагічныя і гісторыка-культурныя сэнсы, закладзеныя ў мастацкіх вобразах і дэталях убрання».

Ключавым паняццем у даследаванні стаў «генетычны код» інтэр'еру святыняў дыяцэзіі. Пад ім аўтар разумее ўстойлівы сінтэз архітэктурных стыляў — готыкі, барока, класіцызму і віленскага барока — з мясцовымі рамесніцкімі традыцыямі і канфесійнай спадчынай. Менавіта гэта спалучэнне, на думку даследчыка, надае гродзенскім святыням непаўторнасць.

Восем стагоддзяў манаскай прысутнасці

У завяршэнне сімпозіума выступіла кандыдат навук Раіса Зянюк з дакладам «Каталіцкія манаскія ордэны і кангрэгацыі на Гродзеншчыне ў XVIII–XX стагоддзях: эвалюцыя накірункаў і форм дзейнасці». Даследчыца падала вялікую колькасць статыстычнай і факталагічнай інфармацыі пра дзейнасць прадстаўнікоў манаства ў згаданы адрэзак гісторыі.

Як было адзначана, гісторыя дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў на гэтых землях налічвае амаль восем стагоддзяў. За гэты час ордэны ўключаліся ў шматвектарныя накірункі дзейнасці: частка з іх адпавядала харызмату самога ордэна, а другая была адказам на патрабаванні часу і грамадства. Даследчыца заўважыла, што ў залежнасці ад грамадска-палітычнай сітуацыі гэтыя кірункі цыклічна змянялі формы — ад легальнай да тайнай, аднак практычна ўсе яны на працягу разгледжанага перыяду рэалізоўваліся.

Сярод накірункаў, у якія ў канцы XVIII – XX стагоддзях ордэны і іх кляштары ўключаліся найбольш актыўна, былі названы арганізацыя ўнутранага жыцця, душпастырства, адукацыя, грамадска-палітычная дзейнасць, дабрачыннасць і ахова здароўя, а таксама культура, у тым ліку выдавецкая дзейнасць.

Дыскусія, якая выйшла за межы акадэмічнай залы

Завяршальнай часткай сімпозіума стала жывая і захапляльная дыскусія, якая па сутнасці перарасла з фармату навуковай сустрэчы ў сапраўдную размову пра лёс Касцёла. Кожны меў магчымасць задаць дакладчыкам пытанні ці падзяліцца сваімі заўвагамі.

Асаблівую актыўнасць у дыскусіі праявілі студэнты Гродзенскага тэалагічнага каледжа. Іх пытанні былі не фармальнымі — адчувалася, што маладыя людзі ўспрымаюць гісторыю дыяцэзіі як непасрэдна сваю гісторыю, а размову пра адраджэнне — як размову пра ўласную будучыню ў Касцёле. Менавіта таму іх голас гучаў асабліва ўважліва.

У кантэксце адраджэння веры і аднаўлення касцёльных структур самым хвалюючым аказалася пытанне пра далейшае пашырэнне ролі свецкіх людзей у Касцёле.

Гэта тэма прайшла праз усё мерапрыемства: ад успамінаў пра падпольныя часы, калі менавіта свецкія вернікі нярэдка захоўвалі веру і перадавалі яе наступным пакаленням, да сучасных выклікаў, калі Касцёл шукае новыя формы прысутнасці ў грамадстве. Пытанне пра месца свецкіх у жыцці парафій, у катэхізацыі, у дабрачыннасці і ў прыняцці рашэнняў гучала не як абстрактная тэарэтычная праблема, а як наспелая патрэба часу.

Кожны, хто задаў пытанне, атрымліваў змястоўны і паводле магчымасці поўны адказ. Дакладчыкі не ўхіляліся ад складаных тэм і нават часам прызнавалі, што пэўныя пытанні патрабуюць далейшага асэнсавання. Менавіта такая гатоўнасць да сумленнай размовы і надала сустрэчы асаблівую каштоўнасць.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі прысутныя маглі падзяліцца ўражаннямі ад сімпозіума, распавесці, як яны рэалізуюць веру ў штодзённым жыцці і як удзельнічаюць у жыцці Касцёла. Такім чынам, навуковая сустрэча натуральна перайшла ў сустрэчу братоў і сясцёр па веры — і менавіта гэта, бадай, найлепш адлюстроўвае сэнс 35-гадовага шляху Гродзенскай дыяцэзіі.

Абноўлена 23.09.2026 07:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.