
19 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў навукова-гістарычны сімпозіум «35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні». Ён быў прысвечаны 35-годдзю дыяцэзіі, на ім разглядаліся даследаванні адраджэння ў ёй культуры і дзейнасці Каталіцкага Касцёла.
Прадстаўляем вашай увазе даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас сімпозіума: «35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні».
Вашыя Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, студэнты каледжа, прадстаўнікі іншых веравызнанняў, дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, дарагія браты і сёстры!
1. Хрыстус заснаваў свой Касцёл як боска-чалавечы арганізм, у якім з часам з’явіліся неабходныя для яго функцыянавання адмысловыя касцёльныя структуры — дыяцэзіі, парафіі, манаскія супольнасці і гэтак далей. Па прычыне ганенняў на веру іх дзейнасць у Беларусі была вельмі абмежаванай, а іерархічныя структуры не маглі функцыянаваць.
Але Бог паказаў, што Ён валадар гісторыі і пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў наш Касцёл атрымаў вымаленую і выпакутаваную свабоду веравызнання. 35 гадоў таму папа Ян Павел II адрадзіў прадуглежаныя кананічным правам іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай Айчыне.
Божы Провід дазволіў мне прымаць удзел у падрыхтоўцы гэтага рашэння, якое не нарадзілася імгненна, але саспявала доўгі час.
2. Каб лепей зразумець складаны працэс адраджэння, найперш трэба звярнуцца да гісторыі.
Хрысціянства на нашыя землі прыйшло з Грэцыі каля 990 года. Таму натуральна, што на пачатку вядучым веравызнаннем было хрысціянства Усходняга абраду.
Рыма-каталіцкае хрысціянства пачала развівацца пасля падпісання Крэўскай уніі ў 1385 годзе. У 1388 годзе была заснавана Віленская дыяцэзія, якая ахоплівала значную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1596 годзе была падпісана Брэсцкая ўнія, якая дала пачатак дзейнасці Грэка-каталіцкай Царквы ў нашай Бацькаўшчыне.
Колькасць католікаў, якая з часам павялічвалася, патрабавала стварэння адмысловых іерархічных структур. Царскі ўрад таксама разумеў праблему, аднак вырашаць яе хацеў без удзелу Апостальскай Сталіцы, што супярэчыла кананічнаму праву.
Для рэалізацыі гэтых планаў імператрыца Кацярына ІІ у 1772 годзе заснавала Беларускае біскупства з цэнтрам у Магілёве і прызначыла Віленскага дапаможнага біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча яго ардынарыем. Ватыкан афіцыйна не прызнаў новай структуры, але і не забараніў. Такім чынам ён пакінуў дзверы адчыненымі для вырашэння гэтага важнага пытання.
У 1782 годзе Кацярына ІІ павысіла статус дыяцэзіі да рангу архідыяцэзіі, прысвоіла біскупу Сестранцэвічу тытул арцыбіскупа з правам духоўнай апекі над усімі католікамі ў Расійскай імперыі.
Ватыкан апынуўся ў складанай сітуацыі. З аднаго боку, жыццё патрабавала заснавання іерархічных структур, з іншага — імператрыца настойвала на легалізацыі яе рашэння.
У выніку доўгіх дыпламатычных перамоваў папа Пій VI у 1783 годзе кананічна заснаваў Магілёўскую архідыяцэзію і мітраполію.
Вельмі важна тое, што ў папскай буле гаворка ішла не аб узаконьванні заснаванай Кацярынай II Магілёўскай архідыяцэзіі, а аб яе стварэнні. Гэта азначае, што папа дзейнічаў самастойна, зыходзячы з існуючых рэалій, а не з падачы імператрыцы.
Такім чынам, устаноўленая «росчерком императорского пера», касцёльная структура была легітымізавана згодна з кананічным правам.
У 1798 годзе Папа Пій VI заснаваў Мінскую дыяцэзію, што сведчыць пра дынамічнае развіццё каталіцызму на беларускіх землях.
Аднак з часам адносіны паміж Касцёлам і царскім урадам пачалі пагаршацца. У выніку чаго цар Мікалай І у 1839 годзе забараніў Грэка-каталіцкую Царкву, а ў 1869 цар Аляксандр ІІ забараніў дзейнасць Мінскай дыяцэзіі, тэрыторыя якой была далучана да Віленскай.
Грамадска-палітычныя перамены 1917 года дазволілі папе Бэнэдыкту XV у 1918 годзе адрадзіць Мінскую дыяцэзію, ардынарыем якой быў прызначаны біскуп Зыгмунт Лазінскі.
У 1925 годзе была створана Пінская дыяцэзія, тэрыторыя якой была выключана з Віленскай.
3. Распачатыя пасля рэвалюцыі 1917 года жорсткія ганенні абезгаловілі Касцёл на Беларусі.
Магілёўскі арцыбіскуп Эдвард Роп у 1919 годзе быў арыштаваны і высланы за мяжу. Архідыяцэзію ўзначаліў арцыбіскуп Ян Цепляк, які таксама быў арыштаваны і ў 1924 годзе павінен быў выехаць за мяжу.
Мінскі біскуп Зыгмунт Лазінскі ў 1920 годзе быў арыштаваны і вымушаны быў выехаць у Навагрудак. У 1925 годзе ён быў прызначаны ардынарыем Пінскай дыяцэзіі.
З мэтай ратаваць сітуацыю Папа Пій ХІ у 1926 годзе прызначыў францускага езуіта біскупа Мішэля д’Эрбіні, Апостальскім легатам у Савецкім Саюзе з правам тайна рэарганізаваць касцёльныя структуры. Тэрыторыя Магілёўскай архідыяцэзіі была падзелена на пяць Апостальскіх адміністратур: Магілёўскую, Ленінградскую, Маскоўскую, Харкаўскую і Казанска-Самарска-Сімбірскую; тайна былі кансэкраваны біскупы для новаствораных структур.
Для Магілёўскай адміністратуры быў кансэкраваны біскупам Баляслаў Слосканс. Аднак у 1930 годзе ён быў арыштаваны і высланы. У 1933 годзе быў вызвалены па абмене вязьнямі паміж Савецкім Саюзам і Латвіяй.
У выніку ганенняў на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Касцёл у Беларусі застаўся без іерархіі: святароў арыштоўвалі, высылалі, касцёлы і кляштары зачынялі і бурылі.
4. Пасля Другой сусветнай вайны ганенні сталі яшчэ мацнейшымі. Колькасць святароў станавілася меншай, дзейнасць Касцёла абмежоўвалася сценамі святыняў, была забаронена катэхізацыя дзяцей і моладзі, не было каталіцкіх медыяў, дабрачыннай дзейнасці і гэтак далей. Кандыдаты да святарства павінны былі праходзіць фармацыю ў Рыжскай або Каўнаскай духоўных семінарыях, куды было вельмі складана паступіць.
Многія вернікі ездзілі на набажэнствы ў Літву і Латвію, дзе бралі шлюб, хрысцілі дзяцей, прыступалі да споведзі і гэтак далей.
Нешматлікія святары дваіліся і траіліся, каб забяспечыць духоўныя патрэбы вернікаў. Бабулі, дзядулі і бацькі вучылі дзяцей малітвам і рыхтавалі да першай Камуніі. Такім чынам, усе разам клапаціліся пра тое, каб агеньчык веры не згас. Дзякуючы гэтаму, прымушаны маўчаць і абмежаваны ў сваёй дзейнасці, Касцёл працягваў існаваць.
Трэба падкрэсліць, што ў такіх жорсткіх умовах ганенняў касцёльная іерархія тым не менш існавала ў асобах трох генеральных вікарыяў: адзін у Гродзенскай вобласці, другі — у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай, і трэці — у Брэсцкай і Гомельскай. Хаця яны былі моцна абмежаваны ў сваёй дзейнасці і не маглі прызначыць святара на парафію без дазволу ўлады, аднак дэкрэты аб прызначэнні падпісвалі яны, што важна з кананічнага пункту гледжання.
5. Такі стан Касцёла заставаўся да другой паловы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, да часоў так званай гарбачоўскай перабудовы.
Ватыкан, аднак, шукаў магчымасцяў дапамагчы Касцёлу. Наш земляк францішканін айцец Мар’ян Блажэй Крушыловіч OFMConv, як супрацоўнік Францішканскай Генеральнай курыі ў Рыме, з волі Апостальскай Сталіцы маніторыў сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Таксама капуцын айцец Антоні Пацыфік Дыдыч OFMCap як супрацоўнік Генеральнай курыі капуцынаў у Рыме наведваў Савецкі Саюз і Беларусь. Таму Апостальская Сталіца была інфармавана пра складаны стан Касцёла ў нашай краіне.
Святкаванне юбілею 1000-годдзя хросту Русі ў 1988 годзе, у якім прымала ўдзел шмат замежных рэлігійных дэлегацый, у тым ліку і Ватыканская, стала знакам таго, што рэлігійнае жыццё выходзіць з падполля.
Грамадска-палітычныя перамены канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя давалі надзею на змены. У паветры лунала запаветнае і доўгачаканае слова «свабода» веравызнання.
І сапраўды, улады «памякчэлі» ў адносінах да рэлігіі. Тайна пасвячаныя святары пачалі атрымліваць дазвол на афіцыйнае служэнне. Пакрысе вярталіся канфіскаваныя касцёлы. Зазванілі званы, якія маўчалі дзесяцігоддзямі, што стала знакам новых часоў. Усё часцей падымалася пытанне аб прызначэнні біскупа і адраджэнні касцёльнай іерархіі.
Вялікае значэнне ў гэтым працэсе адыграў візіт Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа ў Беларусь па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта, які адбыўся з 5 па 7 верасня 1988 года. Мне давялося быць сведкам той гістарычнай падзеі.
Кардынал наведаў Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. Паўсюль яго сустракалі вялікія натоўпы вернікаў.
Падчас спаткання з Упаўнаважаным па справах рэлігіі БССР спадаром Аляксандрам Залескім у Епархіяльным упраўленні Праваслаўнай Царквы ў Мінску кардынал сказаў, што ўбачыў шмат вернікаў, якія прабываюць як авечкі без пастыра, таму ў Беларусі патрэбны біскуп і свая семінарыя для падрыхтоўкі святароў.
З упэўненасцю кардынал не паехаў у Беларусь без узгаднення гэтага візіту з папам Янам Паўлам ІІ. Таксама вядома, што потым ён інфармаваў Пантыфіка пра сітуацыю Касцёла ў нашай краіне.
Тым часам пастырскай працы станавілася ўсё больш, што было вельмі складана пры малой колькасці святароў. Праблему адчувалі таксама і ўлады.
Памятаю, як у Вялікую суботу 1989 года ў францішканскі касцёл у Гродне завітаў намеснік Упаўнаважанага Рады па справах рэлігій спадар Т. Купчэня. Ён убачыў велізарныя чэргі да споведзі і сказаў, што ў мяне шмат працы. На што я яму адказаў, што гэта здараецца па прычыне малой колькасці святароў. Тады ён нечакана запрапанаваў мне арганізаваць падрыхтоўку святароў. Я не згадзіўся, кажучы, што гэтым павінна займацца семінарыя і прыйшоў час яе адкрыць. Але яго зварот быў знакам таго, што хутка павінны наступіць змены.
6. І сапраўды, доўга чакаць не прыйшлося. У 1989 годдзе папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне Апостальскім адміністратарам Мінскай дыцяэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі.
Распачаўся час адраджэння і станаўлення Касцёла.
З аднаго боку вялікая радасць, а з іншага — велізарныя праблемы. Перш за ўсё — гэта катастрафічна малая колькасць святароў. Адкуль іх узяць? Як фармаваць на месцы? Як вярнуць раней канфіскаваныя касцёлы? Неабходна было адраджаць манаскае жыццё і катэхізацыю, рыхтаваць богаслужэбную літаратуру на беларускай мове, арганізаваць служэнне міласэрнасці, мас-медыя і гэтак далей.
З Божай дапамогай справы рушылі з месца. Удалося атрымаць дазвол уладаў на прыезд святароў з Польшчы, што было вельмі важна, бо адраджаліся парафіі, у якія трэба было прызначаць пастыраў. Да паловы 1991 года нам было перададзена каля ста раней канфіскаваных касцёлаў, так што колькасць парафій павялічылася амаль што ў два разы.
З мэтай падрыхтоўкі катэхетаў у Гродне былі заснаваны катэхетычныя курсы. Пачаў дзейнічаць Caritas — дабрачынная арганізацыя.
Вядома, што трансфузія крыві патрэбна для выздараўлення хворага, але для нармальнага жыцця патрэбна свая кроў. Такой трансфузіяй для моцна параненага арганізму Касцёла былі замежныя святары. Але для яго нармальнага функцыянавання павінны быць свае, для чаго парэбна семінарыя. Ідэю яе заснавання падтрымаў першы прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Савецкім Саюзе арцыбіскуп Франчэско Каласуонна.
Пасля доўгіх і складаных перамоваў з уладамі ўдалося атрымаць дазвол на адкрыццё семінарыі ў Гродна. Сэрца беларускага Касцёла пачало біцца.
З мэтай запоўніць прабел у богаслужэбнай літаратуры на беларускай мове быў падрыхтаваны і выдадзены ў колькасці 50 тысяч экзэмпляраў «Парадак святой Імшы» і «Кароткі катэхізіс» у колькасці 90 тысяч.
7. Касцёл пачаў дынамічна адраджацца і патрабаваў нармальных іерархічных структур на ўзроўні дыяцэзій са сваімі біскупамі. Арцыбіскуп Франчэско Каласуонна часта наведваў Беларусь і з вялікім энтузіязмам успрымаў працэс адраджэння.
Напрыканцы 1990 года ён паведаміў мне пра планы папы Яна Паўла ІІ адрадзіць іерархічныя касцёльныя структуры ў Беларусі, а таксама стварыць дзве Апостальскія адміністратуры ў Расіі з цэнтрамі ў Маскве і Навасібірску і заснаваць Апостальскую адміністратуру ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у Карагандзе. Пры гэтым ён мне сказаў, што Папа плануе перавесці мяне з Беларусі ў Маскву, што для мяне было «громам з яснага неба».
Рашэнне Папы адрадзіць іерархічныя структуры ў Беларусі для мяне было чаканым. У гаміліі падчас маёй кансэкрацыі ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане 20 кастрычніка 1989 года ён выказаў надзею на іх адраджэнне. І гэты час надышоў.
Арцыбіскуп Франчэско Каласуонна даручыў мне падрыхтаваць праект новых касцёльных структур.
На пачатку 1991 года ў маленькай плебаніі францішканскай парафіі ў Гродна я прадставіў Нунцыю гэты план. На стале разгарнуў карты Савецкага Саюза і Беларусі. Фламастэрам намаляваў межы дыяцэзій у Беларусі і Апостальскіх Адміністратур у Расіі і Сярэдняй Азіі. У Беларусі гэта Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі.
8. Чаму такія дыяцэзіі? Вядома, што раней існавалі гістарычныя Мінская і Магілёўская, таму лагічна было іх пакінуць, аб’яднаўшы ў адну, каб потым паглядзець, як будзе развівацца Касцёл і, магчыма, зрабіць адпаведныя змены.
Натуральна, што засталася гістарычная Пінская.
Перад Другой сусветнай вайной планавалася з часткі Віленскай дыяцэзіі стварыць Гродзенскую. Аднак ён не быў рэалізаваны па прычыне Другой сусветнай вайны і пасляваенных ганенняў на Касцёл. Акрамя таго, найбольшая колькасць католікаў у Беларусі знаходзілася ў Гродзенскай вобласці. Таму ў мяне не было сумненняў, што павінна быць Гродзенская дыяцэзія.
Пасля абмеркавання прадстаўленага плану арцыбіскуп Франчэска Каласуонна яго прыняў і прадставіў Пантыфіку, які яго ўхваліў.
Потым распачаўся складаны працэс пошуку кандыдатаў у біскупы. З-за малой колькасці святароў яго не ўдалося завяршыць у поўні і замест трох, былі прызначаны толькі два.
Адносна даты абвяшчэння заснавання новых касцёльных структур у мяне не было ваганняў. Фацімскае прароцтва аб навяртанні нашых зямель збывалася і таму я прапанаваў дату 13 красавіка 1991 года.
Так і сталася. У гэты дзень Папа Ян Павел ІІ булай Ex quadam заснаваў Мінска-Магілёўскую мітрапалітальную архідыяцэзію, ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай вабласцей.
Булай Quia ob rerum ён аднавіў Пінскую дыяцэзію ў межах Брэсцкай і Гомельскай вабласцей, як суфраганную Мінска-Магілёўскай архідыцэзіі.
Булай Qui operam заснаваў Гродзенскую ў межах аднайменнай вобласці, таксама як суфраганную Мінска-Магілёўскай.
У той самы дзень былі прызначаны біскупы паасобных дыяцэзій. Пробашч Пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк стаў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Аляксандр Кашкевіч — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.
Па даручэнні арцыбіскупа Франчэска Каласуонна 13 красавіка 1991 года я абвясціў гэтае рашэнне Пантыфіка ў касцёле святога Францішка Ксавэрыя ў Гродна. У той момант славутая гродзенская фара, якая 28 гадоў заставалася без сталага святара і, якую вернікі мужна абаранялі ад закрыцця, стала катэдрай.
У той самы дзень былі створаны адпаведныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі і Сярэдняй Азіі. Я атрымаў прызначэнне на пасаду Апостальскага адміністратара ў Еўрапейскай частцы Расіі ў годнасці арцыбіскупа.
Такім чынам у фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года была адноўлена гістарычная справядлівасць. Касцёл у Беларусі з яе багатымі каталіцкімі каранямі і традыцыямі ізноў атрымаў свае нармальныя кананічныя структуры — мітраполію і дыяцэзіі.
Сімвалічна, што той дзень выдаўся сонечным. Сама прырода быццам казала, што завяршыўся час цемры ганенняў і настаў час святла адраджэння.
З часам пачала адраджацца і Грэка-каталіцкая Царква. Два гады таму Апостальская Сталіца павысіла яе статус да Апостальскай адміністратуры.
У 1992 годзе былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Апостальскай Сталіцай, што адкрыла новую старонку ў гісторыі нашага Касцёла, ўмацавала яго пазіцыі ў нашай краіне і за мяжой, таксама дала новыя магчымасці непасрэдных кантактаў з Ватыканам праз Апостальскага нунцыя.
У 1999 годзе булай Ad aptius consulendum папа Ян Павел ІІ заснаваў Віцебскую дыяцэзію ў межах аднайменнай вобласці, выдзяляючы яе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У 1999 годзе таксама была створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі як калегіяльны орган для сумеснага ажыццяўлення пастырскіх заданняў.
9. Гэты кароткі экскурс у гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў часы Расійскай імперыі і Савецкага Саюза паказвае, што працэс адраджэння каталіцкіх іерархічных структур у нашай краіне заняў доўгі, напоўнены малітвамі, цярпеннямі, ахвярным служэннем нешматлікіх святароў у часы ганенняў, намаганнямі Апостальскай Сталіцы і смелым рашэннем папы Яна Паўла ІІ час. Гэтыя структуры не ўзніклі на пустым месцы, але маюць пад сабою гістарычны падмурак і служаць для духоўнага дабра вернікаў.
10. Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій і 450 парафій пры колькасці вернікаў каля паўтара мільёна. Пастрыскай дзейнасцю займаецца 440 святароў. Служаць прадстаўнікі 24 мужчынскіх і 32 жаночых манаскіх кангрэгацый, а таксама розныя касцёльныя рухі і малітоўныя суполкі.
Дзейнічае духоўная семінарыя ў Гродне, два тэалагічныя і адзін катэхетычны каледжы — адпаведна ў Мінску, Гродне і Баранавічах. Паспяхова працуе Caritas і выдавецтвы. У паасобных касцёльных структурах заснаваны свае медыя. Папулярнасцю цешыцца Радыё Марыя. Паспяхова дзейнічаюць спецыялізаваныя душпастырствы для розных катэгорый вернікаў. Развіваецца міжканфесійны і міжрэлігійны дыялог і адносіны з дзяржавай.
11. Кодэкс кананічнага права акрэслівае дыяцэзію як частку Божага народа, давераную пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем. У ёй існуе і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл.
Мітраполія складаецца з суседніх дыяцэзій з мэтай больш паспяховага падтрымання ўзаемаадносінаў і супрацоўніцтва паміж біскупамі.
Іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла — гэта не проста арганізацыйная сістэма, а адлюстраванне Містычнага Цела Хрыста. У ім кожная частка выконвае сваю функцыю, але ўсе яны дзейнічаюць супольна з мэтай праслаўлення Бога і будовы Яго Валадарства.
Яны арыентаваны на служэнне і пастырства. Іх мэта — учыніць Хрыста прысутным у жыцці людзей, пераказваць ім дэпазіт веры, навучаць праз абвяшчэнне Божага слова, асвячаць, кіраваць і аб'ядноўваць у супольнасць.
12. Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Гродзенская дыяцэзія годна і паспяхова прайшлі вялікі і складаны 35-гадовы марафон.
Сёння мы павінны дзякаваць Пану Богу і Марыі за апеку над намі, а таксама ўсім тым, хто спрыяў гэтаму працэсу.
13. Заснаваная 35 гадоў таму Гродзенская дыяцэзія займае асаблівае месца ў жыцці беларускага Касцёла і грамадства.
Католікі Гродзеншчыны адрозніваюцца сваёй моцнай верай, традыцыямі і пачуццём адказнасці за Касцёл.
Калі ў часы ганенняў на веру дзецям забаранялі хадзіць у касцёл і маліцца, то нашыя бацькі мужна супрацьстаялі гэтаму. Яны ясна казалі: «Мы веруючыя і хочам каб нашыя дзеці імі таксама былі».
Калі ў 1960 годзе ўлады выслалі пробашча фарнага касцёла святога Францішка Ксаверыя ксяндза Казіміра Шаняўскага з Гродна і хацелі закрыць святыню, вернікі ляжалі крыжом на падлозе і такім чынам не дазволілі гэтаму здарыцца. Каб не іх адвага і пачуццё адказнасці за Касцёл і веру, то невядома, ці яе лёс не падзяліў бы лёсу Фары Вітаўта, якая была ўзарваная ў 1961 годзе, і такім чынам, ці захаваўся б гэты шэдэўр сакральнага мастацтва.
Калі ў касцёлах не было святара, вернікі самі маліліся падчас так званай «народнай Імшы». На алтары раскладалі арнат, ставілі імшал і келіх, чыталі Божае слова, званілі на пачатак набажэнства, на ахвяраванне, на паднясенне, на Камунію, хаця на самой справе гэтага не было. Тым не менш, такая малітва падтрымлівала дух вернікаў і напаўняла іх надзеяй на адражэнне веры.
Дзякуючы такому стаўленню вернікаў ў часы ганенняў на Гродзеншчыне дзейнічала найбольшая колькасць касцёлаў і служыла найбольш святароў, што пазітыўна паўплывала на стан веры людзей.
Калі прыйшоў час свабоды веравызнання і скрытая рака веры вырвалася наверх, людзі з вялікім энтузіязмам аднаўлялі разбураныя святыні і будавалі новыя, імкнуліся да паглыбленя веры і захавання хрысціянскай спадчыны.
Таму смела можна казаць пра ўласцівы католікам Гродзеншчыны «ДНК» — генетычны код, які спрыяў захаванню веры ў часы ганенняў, хуткаму адраджэнню Касцёла, заснаванню яго структур і развіццю рознабаковай пастырскай дзейнасці.
14. За час адраджэння сфарміравалася асаблівая і ўзорная структура Гродзенскай дыяцэзіі. Яна складаецца з біскупскай курыі, адмысловых камісій і аддзелаў, пастырскіх рэгіёнаў, дэканатаў і парафій.
Курыю ўзначальвае ардынарый, якому дапамагаюць генеральны вікарый, канцлер і віцэ-канцлер, курыяльны сакратар, прэс-сакратар і юрыдычны кансультант. Да курыі належыць дыцяэзіяльны трыбунал, архіў, бугалтэрыя і сакратарыят першага дыяцэзіяльнага Сіноду.
Гродзенская дыяцэзія адзначаецца моцна распрацаванай сеткай розных напрамкаў душпастырства: сем’яў, моладзі і студэнтаў, службы здароў’я, цвярозасці, чыгуначнікаў, глухіх, літургічнай службы алтара, спорту і фізічнага выхавання, працаўнікоў адукацыі, пастаяннай фармацыі святароў і кансэкраваных асобаў, пакліканняў да святарства і кансэкравнага жыцця.
Душпастырства касцёльных рухаў і супольнасцяў займаецца арганізацыяй парафіяды дзяцей і моладзі, набажэнстваў у інтэнцыі душаў чыстцовых і свецкіх, развівае культ шкаплера, Маці Божай Апякункі добрай смерці, рыцарства Арханёла Міхала і Беззаганнай, клапоціцца пра дзейнасць евангелізацыйнай праграмы Курс Альфа, руху малітвы за святароў «Маргарытка», суполкі «Мужчыны святога Юзафа», ружанцовых колаў, Легіёну Марыі, Маці ў малітве, Апостальства дапамогі чыстцовым душам, скаўтаў і іншых.
У дыяцэзіі ёсць духоўны айцец, экзарцыст, катэдральны пенітэнцыярый, адказны за дыяцэзіяльныя місіі, інфармацыйны аддзел, выдавецтва, цэнзар кніг і свае медыя, існуе служба кардынатара да спраў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
У Гродне дзейнічае дыцяэзіяльны душпастырскі цэнтр і касцёльны музей. У Навагрудку — рэкалекцыйны дом. У Сапоцкіне і Няцечы — рэкрэацыйныя цэнтры для дзяцей.
У дыяцэзіі існуе 8 санктуарыяў, якія раздзелены на тры групы:
- Санктуарый Збаўцы: Езуса Журботнага ў Росі.
- Марыйныя санктуарыі: Божай Маці Каралевы сем’яў у Тракелях; Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі; Маці Божай Кангрэгацкай у катэдры; Маці Божай Суцяшальніцы ў Барунах; Маці Божай Цярпліва слухаючай у Капцёўцы; Маці Божай Фацімскай у Шчучыне.
- Санкутарый святых: Благаслаўлёных сясцёр назарэтанак-мучаніц у Навагрудку.
Санктуарыі адыгрываюць важную роль у рэлігійным выхаванні сучаснага чалавека і ўмацаванні яго веры.
Рады святароў і кансультантаў, а таксама Катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра дапамагаюць біскупу ў яго служэнні і арганізацыі пантыфікальных набажэнстваў.
Гродзенская дыяцэзія падзелена на тры душпастырскія рэгіёны — Гродзенскі, Лідскі і Смаргонскі. Кожны рэгіён узначальвае біскупскі вікарый, а дэканат — дэкан. У кожным рэгіёне ёсць свой духоўны айцец.
Як самая большая па колькасці вернікаў сярод дыяцэзій Беларусі, Гродзенская складаецца са 156 парафій. У іх працуе 207 святароў, 111 сясцёр і 3 законныя браты. У дыяцэзіі ёсць 5 кансэкраваных дзеваў і 3 кансэкраваныя ўдавы.
Духоўная семінарыя падрыхтавала 230 новых святароў, з якіх 5 сталі біскупамі, што нагадвае пра добрую святарскую фармацыю Гродзенскай Alma Mater.
Тэалагічны каледж святога Казіміра займаецца падрыхтоўкай і фармацыяй катэхетаў і каталіцкай інтэлігенцыі, што вельмі важна для працэсаў евангелізацыі, катэхзізацыі і далейшага развіцця Касцёла.
Служэнне розных манаскіх мужчынскіх і жаночых супольнасцяў, трэціх законаў свецкіх і харызматычных рухаў заслугоўвае асаблівай увагі, асабліва за іх працу ў галіне катэхізацыі, евангелізацыі, рэлігійнай фармацыі і дабрачыннасці.
Моладзь прымае актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, аб чым сведчаць дні моладзі, пілігрымкі, фармацыйныя спатканні, форумы, канферэнцыі, што дае новую надзею на духоўнае развіццё маладога пакалення.
Каталіцкія медыя — сайт grodnensis.by, газета «Слова жыцця», дыяцэзіяльнае выдавецтва, а таксама тэалагічы журнал Studia theologica grodnensia — гэта магутны голас у справе новай евангелізацыі. Як новыя сучасныя арэапагі, яны адыгрываюць сутнасную роль у інфрамацыі пра жыццё беларускага і паўсюднага Касцёла і рэлігійнай фармацыі людзей.
Дабрачынная арганізацыя Caritas сваім ахвярным служэннем патрабуючым таксама евангелізуе, бо нішто найлепей не прамаўляе як дабро.
За 35 гадоў у дыцяэзіі было пабудавана больш за 40 новых касцёлаў і капліц, адноўлена больш за 60 разбураных і спустошаных святыняў.
15. Важнай пастырскай падзеяй з’яўляецца распачаты ў 2017 годзе першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам: «Жыць Евангеллем», у якім прымаюць удзел біскуп, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
Сінод з’яўляецца ключавым інструментам для аднаўлення рэлігійнага і пастырскага жыцця дыяцэзіі згодна з духам Другога Ватыканскага Сабору. Ён пакліканы спрыяць удзелу ўсяго Божага народа — духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў — у падтрымцы дыяцэзіяльнага біскупа ў яго місіі кіравання і навучання.
Галоўная мэта Сінода як новай Пяцідзесятніцы мясцовага Касцёла, які чытае знакі часу — укараніць вучэнне Касцёла ў рэальнасць дыяцэзіі ў наш секулярны час. Для гэтага ён павінен аднавіць рэлігійнае жыццё і дыяцэзіяльнае заканадаўства з мэтай новай евангелізацыі.
Рэалізацыяй гэтага задання займаюцца 18 адмысловых камісій, якія вырашаюць вельмі шырокі спектр праблем з жыцця і дзейнасці дыяцэзіі. З упэўненасцю Сінод з’яўляецца новым этапам далейшага дынамічнага разіцця дыяцэзіі і дапаможа ў вырашэнні існучых пастырскіх і арганізацыйных праблем.
Вялікае духоўнае значэнне мае перэгрынацыя копіі цудадзейнага абраза галоўнай апекункі Гродзенскага Касцёла — Божай Маці Вострабрамскай па парафіях дыяцэзіі, якую смела можна назваць дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі.
16. Гэтыя і іншыя шматлікія плёны адраджэння і дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі сталі магчымымі дзякуючы ахвярнаму служэнню першага яе ардынарыя Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча, які мудра кіраваў гродзенскім Касцёлам, якому мы ўсе шчыра дзякуем.
Яму дапамагалі біскуп Антоні Дзям’янка і цяперашні арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, якія адпаведна 6 і 7 гадоў былі дапаможнымі біскупамі Гродзенскай дыяцэзіі.
Галоўны цяжар на свае плечы ўсклалі святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты і звычайныя вернікі, якія ахвярна і мужна адраджалі Касцёл на працягу ўсіх гэтых 35 гадоў. Мы павінны ўсім ім дзякаваць, бо яны пакінулі пасля сябе не толькі мураваныя касцёлы, але і жывыя, якія складаюцца з чалавечых душаў.
Працу біcкупа Аляксандра Кашкевіча паспяхова працягвае яго пераемнік біскуп Уладзімір Гуляй, якому мы жадаем поспехаў у служэнні Богу, Касцёлу, людзям і Айчыне.
17. Гродзенскі Касцёл, таксама як і Касцёл у Беларусі не толькі адрадзіўся пасля трох пакленняў ганенняў, але моцна стаў на ногі і разам з Праваслаўнай Царквой і іншымі веравызнаннямі, адыгрывае ключавую ролю у духоўным адраджэнні і евангелізацыі нашага грамадства і адказвае на шматлікія выклікі сучаснасці.
Галоўны выклік — гэта крызіс веры. Чалавек адкідвае Божы закон і замест яго ўводзіць свой.
Але вера не паўстае з перакананняў людзей і іх поглядаў, бо яна з’яўляецца Божым дарам. Аб’яўленая Богам праўда не з’яўляецца ўласнасцю чалавека, якой ён можа свабодна распараджацца і яе змяняць. Наадварот, яна павінна змяняць нас.
Таму нельга дапусціць дэвальвацыі аб’яўленай Богам праўды. Яна з’яўляецца каштоўным скарбам, які мы атрымалі, якім павінны жыць і пераказваць новым пакаленням у непарушным стане.
Сучасныя маральныя праблемы нашага грамадства азначаюць, што само аднаўленне касцёльных структур і інстытуцыянальныя рэформы недастаковы для аднаўлення веры. Патрэбна глыбокая духоўная фармацыя, евангелізацыя і сведчанне хрысціянскага жыцця. Гэта заданне стаіць перад беларускім і гродзенскім Касцёлам, якія распачынаюць пісаць новую старонку сваёй гісторыі.
Адметна, што 35-годдзе адраджэння касцёльных іеірахічных структур у нашай краіне і заснавання Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца ў юбілейным годзе святога Францішка, якому Езус даў заданне аднавіць Касцёл.
Як Бог вечны, таксама і вечны працэс аднаўлення, бо з’яўляюцца новыя выклікі і праблемы.
18. Гродзенскі Касцёл! Твая веліч і моц — у скарбе веры, якую табе пераказалі продкі. Яна вытрымала выпрабаванні ганненнямі і умацоўвалася ў часы адраджэння. Заставайся верным ёй і захавай свой духоўны імунітэт!
Ад усяго сэрца віншую Гродзенскую дыяцэзію з 35-годдзем яе заснавання. Як ураджэнец Гродзеншчыны і той, якому Божы Провід даручыў стаяць ля вытокаў яе заснавання, разам з ёю спяваю гімн Te Deum laudamus — «Цябе, Божа, праслаўляем».
Няхай добры Бог заступніцтам Нябеснай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі — Божай Маці Вострабрамскай, беларускіх мучанікаў за веру і яе сведкаў благаславіць цябе і вядзе ў напоўненай моцнай верай і новай надзеяй будучыню. Ad multos annos!
Дзякую за ўвагу!
Гродна, 19 верасня 2026 года

























