Пошук

30.05.2026 08:09   Catholic.by
Новаабраны Рэгіянальны вікарый Ордэна Кармэлітаў Босых у Беларусі айцец Генрых Валейка OCD. Фота: karmel.by

З 26 па 28 мая ў Мядзелі праходзіў III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Кармэлітаў Босых у Беларусі, якому патрануе святы Рафал Каліноўскі. У другі дзень Кангрэсу, 27 мая, сабраныя браты кармэліты выбралі новага Рэгіянальнага вікарыя, якім стаў айцец Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста (Генрых Валейка OCD). З нагоды абрання на высокую пасаду Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе ў адрас айца Генрыха Валейкі OCD словы віншаванняў.

Глыбокапаважаны айцец Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад сябе асабіста шчыра віншую Вас з абраннем на адказнае служэнне Рэгіянальнага вікарыя Ордэна Кармэлітаў Босых у Беларусі.

Кармэліты босыя маюць глыбокія гістарычныя карані на нашых землях і з даўніх часоў уносяць неацэнны ўклад у духоўнае адраджэнне, евангелізацыю і развіццё няспыннай малітвы сярод вернікаў Касцёла.

Ваша новае прызначэнне гэта знак вялікага даверу з боку кіраўніцтва Ордэна і Вашых субратоў, а таксама сведчанне Вашага дбайнага пастырскага служэння, узорнага манаскага жыцця, мудрасці і адданасці Касцёлу.

У час, калі Бог выбраў і паклікаў Вас на ​​гэты шлях адказнасці і кіраўніцтва Вашымі субратамі і супольнасцямі, жадаю Вам шчодрых дароў Духа Святога, духоўнай моцы, патрэбных Божых ласкаў і глыбокага супакою ў сэрцы. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя з гары Кармэль, Заступніца вашага Ордэна, заўсёды ахінае Вас сваім матчыным плашчом, засцерагае ад усялякіх нягод і натхняе на плённую працу на хвалу Божую і на карысць Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі.

Запэўніваю Вас у малітоўнай падтрымцы і братэрскім супрацоўніцтве.

З малітвай і благаслаўленнем,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 30 мая 2026 г.

Абноўлена 30.05.2026 09:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа