
28 мая завяршыў сваю працу ІІІ Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту святога Рафала Каліноўскага ордэна кармэлітаў босых у Беларусі. Трэці дзень форуму быў напоўнены супольнай малітвай, выбарамі дарадчыкаў Вікарыяту і настаяцеляў кляштараў, шчырымі размовамі, а таксама падвядзеннем вынікаў працы.
Святая Імша і братэрскае служэнне
Заключны дзень працы кангрэсу распачаўся з літургічнай малітвы Ютрані і супольнай медытацыі, якія падрыхтавалі братоў да цэнтральнай падзеі раніцы — святой Імшы. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліў новавыбраны Рэгіянальны вікарый айцец Генрых Валэйка. Глыбокі эклезіяльны кантэкст гэтай літургіі задавала свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, якое адзначалася ў гэты дзень.
Багатая літургія слова стала трывалым падмуркам для асэнсавання манаскага паклікання. Праз першае чытанне з Паслання да Габрэяў перад удзельнікамі форуму раскрылася таямніца ахвярнасці Сына Божага, Які прынёс Сябе за грахі свету.
Матыў адзінай і вечнай ахвяры Новага Запавету знайшоў сваё рэха ў словах рэспансарыйнага псальма і спеву перад Евангеллем, якія абвясцілі глыбокую праўду святарскага паклікання: «Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка».
У сваёй гаміліі айцец Генрых засяродзіў увагу на сутнасці святарскай ідэнтычнасці ў святле Хрыстовага служэння. Крочачы за літургічнымі тэкстамі, цэлебрант нагадаў братам, што Хрыстус, устанавіўшы сакрамэнт Эўхарыстыі, паклікаў сваіх вучняў да ўдзелу ў Ягоным Келіху. Гэты Келіх — не толькі знак выбрання, але і гатоўнасць да супольнага ахвяравання. Як святары, мы штодзённа стаім перад алтаром у гэтым ахвярным служэнні. На заканчэнне гаміліі Рэгіянальны вікарый паставіў перад супольнасцю выразны аскетычны акцэнт, адзначыўшы, што шлях да хрысціянскай дасканаласці вядзе праз поўную адданасць Богу, калі мы жывём дзеля Яго ва ўсім. Менавіта там, дзе ёсць прабачэнне грахоў, нараджаецца сапраўдная, трывалая згода.
ІІІ Сесія: Выбары дарадчыкаў Вікарыяту і праца ў групах

Пасля супольнай Эўхарыстыі і снедання распачалося пасяджэнне ІІІ сесіі кангрэсу. Браты заслухалі і зацвердзілі пратакол папярэдняга дня, пасля чаго прыступілі да выбараў дарадчыкаў, якія на працягу наступнага трохгоддзя будуць дапамагаць Рэгіянальнаму вікарыю ў служэнні кіравання.
У склад Рады былі выбраны айцец Юрый Кулай і айцец Павел Герман.
Наступны этап працы прайшоў у групах, дзе браты засяродзіліся на актуальных пытаннях жыцця паводле кармэліцкага харызмату. Удзельнікі глядзелі ў мінулае, каб убачыць і захаваць усё добрае, аналізавалі сучаснасць і разважалі, на чым трэба зрабіць акцэнт у будучыні. Падчас агульнай дыскусіі браты абмеркавалі існуючыя праблемы і шукалі спосабы іх выпраўлення. Пасля падсумавання працы ўдзельнікі кангрэсу памаліліся Гадзіну чытанняў, Малітву апоўдні і «Анёл Панскі».
Выбары настаяцеляў супольнасцяў і заключнае пасяджэнне

Пасля абедзеннага перапынку праца форуму працягнулася ў межах IV Сесіі, падчас якой адбыліся выбары настаяцеляў мясцовых манаскіх супольнасцяў Рэгіянальнага Вікарыяту на наступнае трохгоддзе.
Па выніках галасавання настаяцелямі ў кляштарах былі выбраны:
- айцец Аркадзь Куляха — у Гудагаі;
- айцец Павел Леліта — у Нарачы;
- айцец Аляксандр Стока — у Мядзелі;
- айцец Пётр Фроштэга — у Мінску.
Завяршыўшы выбары, браты разгледзелі бягучыя справы Вікарыяту. Далейшая праграма дня ўключала супольную вячэрнюю медытацыю і Нешпары ў капліцы.
На заключным пасяджэнні адбылося прачытанне і прыняцце выніковага пратаколу, пасля чаго ІІІ Капітулярны кангрэс быў афіцыйна закрыты. Завяршэннем працы форуму стала супольная рэкрэацыя братоў.































