З 25 па 28 мая ў Рыме праходзіць 82-я Генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі. У ёй у якасці запрошанага госця прымае ўдзел прадстаўнік з Беларусі — Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Асаблівасцю апошняга дня асамблеі стаў удзел біскупаў у аўдыенцыі Папы Льва XIV у ватыканскай Сінадальнай зале.
На пачатку звароту Пантыфік заклікаў не паддавацца песімізму перад абліччам выклікаў сучаснага грамадства і Касцёла, сярод якіх згадаў пра «стомленасць, раздробненасць і адзіноту», адчуванне «цяжкасці з перадачай веры і прыцягненнем новых пакаленняў».
«Езус, гледзячы на натоўп, бачыць не праблему, якую трэба вырашыць, а жніво — Божую ніву: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё“ (Лк 10, 2). Нястомны Сейбіт, Бог кожны дзень выходзіць у свет і шчодра сее ў сэрцах тугу па бясконцасці, па паўнаце жыцця і па збаўленні, якое вызваляе.
Так, дзякуй Богу, жніво вялікае. Наша першая задача — пераняць позірк Пана. Не проста скардзіцца на зацвярдзелую глебу і не проста спыняцца на статыстычных дадзеных, але ўмець бачыць вачыма Уваскрослага тое жніво, якое рыхтуе нам cам Бог»,
— сказаў Папа.
Святы Айцец заклікаў біскупаў надаць прыярытэт Евангеллю, бо менавіта «з Евангелля нараджаецца вера, як жывая сустрэча з Хрыстом». Таксама Леў XIV падкрэсліў важнасць абнаўлення ўвагі да працэсу хрысціянскага ўтаямнічання, якое не павінна разумецца толькі як падрыхтоўка да сакрамэнту. «Яно з’яўляецца “ўлоннем”, у якім супольнасць нараджае веру і ўводзіць у пасхальнае жыццё, еднасць з Панам, касцёльнае братэрства», — сцвердзіў Пантыфік.
«Вера перадаецца і расце там, дзе ёсць жывыя і гасцінныя супольнасці, здольныя маліцца і слухаць; супольнасці, у якіх Божае слова не застаецца на ўзбочыне, а асвятляе выбар; дзе Эўхарыстыя сапраўды з’яўляецца крыніцай і вяршыняй; дзе бедныя — гэта не знешнія адрасаты нейкага служэння, а браты і сёстры, у якіх да нас прамаўляе Пан; дзе моладзь — гэта твары, галасы і гісторыі, з якімі вядзецца дыялог; дзе сем’і не застаюцца пакінутымі сам-насам і раны не хаваюцца, а з пакорай прыносяцца да Пана; дзе вера становіцца дзейснай залучанасцю ў жыццё грамадства, палітыкі і культуры»,
— дадаў ён.

Святы Айцец заклікаў прысутных біскупаў «не вымяраць плённасць Касцёла крытэрыямі колькасці, бачнасці ці ўплыву». «Калі глядзім вачыма Бога, заўважаем, што Ён выбраў шлях маласці, каб сысці да нас. Логіка маласці — гэта сапраўдная сіла Касцёла. Яна не заключаецца ні ў яго рэсурсах ці структурах, а плёны яго місіі не паходзяць ад колькаснай згоды, эканамічнай моцы ці сацыяльнай значнасці. Касцёл жыве святлом Ягняці і, сабраны вакол Яго, накіроўваецца па дарогах свету моцаю Духа Святога», — дадаў Папа.
На заканчэнне прамовы Леў XIV звярнуўся да іерархаў з моцным місіянерскім заклікам.
«Майце адвагу выбіраць істотнае! Адвагу супольнасцяў, якія менш заклапочаныя захаваннем усяго і больш свабодныя ў абвяшчэнні Хрыста. Адвагу катэхізацыі, як шляху ўтаямнічання і пастаяннага фармавання ў хрысціянскім жыцці. Адвагу гасцінных і місійных парафій, у якіх сем’і знаходзяць сябе і аднаўляюцца жыватворным сокам Евангелля. Адвагу жывых органаў удзелу. Адвагу слухаць моладзь, не згладжваючы вастрыні яе пытанняў. Адвагу дазваляць бедным евангелізаваць нас. (...) Народ нараджаецца ад маці і бацькоў у веры, ад супольнасцяў, якія ўмеюць сказаць найперш сваім жыццём, а ўжо потым словамі: “Мы знайшлі Месію” (Ян 1, 41)»,
— сказаў Папа.





















