Пошук

27.05.2026 11:56   Тэкст і фота: Аркадзь Куляха OCD / Catholic.by

26 мая ў Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) распачаў працу III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (кармэлітаў босых) у Беларусі. Гэтая сустрэча склікаецца рэгулярна раз у тры гады і збірае разам братоў кармэлітаў босых з усіх супольнасцей краіны.

Дзень малітоўнага засяроджання і духоўнага роздуму

Першы дзень сустрэчы меў выключна малітоўны характар. Браты цалкам прысвяцілі час медытацыі і духоўным разважанням. Дзень засяроджання правёў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На працягу дня іерарх выступаў перад братамі з дзвюма канферэнцыямі, а таксама ўзначаліў святую Імшу і звярнуўся да прысутных з гаміліяй.

Падчас першай канферэнцыі біскуп засяродзіў увагу на супольным жыцці, звяртаючыся да настаўленняў святых айцоў Касцёла — Базыля Вялікага, Аўгустына і Пахомія.

Ён адзначыў, што манаская супольнасць — гэта прастора пераадолення эгаізму, пошуку супольнага дабра і еднасці ў любові. У такім жыцці браты становяцца люстэркам для ўласных паводзін, а размеркаванне матэрыяльных дабротаў адбываецца паводле патрэбаў кожнага.

Спасылаючыся на вопыт егіпецкага пустэльніка святога Яна Касіяна і старца Макарыя, біскуп нагадаў пра важнасць паслухмянасці, адрачэння ад свету, памірання для ўласных жаданняў і поўнага даверу волі настаяцеляў. Асобна была падкрэслена неабходнасць і важнасць духоўнага кіраўніцтва.

Выклікі сучаснага свету і лек ад «віртуальных уцёкаў»

Аналізуючы актуальны стан манаскага жыцця, біскуп акрэсліў сучасныя выклікі часу, сярод якіх — імклівыя змены ў грамадстве, узнікненне змешаных манаскіх інстытутаў, новыя экуменічныя тэндэнцыі, а таксама ўплыў тэхналогій і інтэрнэту. Іерарх заклікаў прысутных шукаць унутраны баланс у лічбавай сферы, звяртаць увагу на годнасць чалавечай асобы і пры патрэбе звяртацца па псіхалагічную падтрымку. Гэта дапаможа не страціць уласную харызму і ідэнтычнасць, каб быць «не з гэтага свету», але заставацца зразумелымі і адкрытымі для людзей.

Цэнтрам дня стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас літургіі браты асаблівым чынам маліліся з нагоды 35-й гадавіны святарскага пасвячэння айца правінцыяла Лукаша Кансы OCD і выказалі шчырую падзяку айцу вікарыю Пятру Фроштэгу OCD за яго служэнне.

У сваім слове, заснаваным на закліках «Радуйцеся ў Пану... Лагоднасць ваша хай будзе вядомая ўсім людзям» (пар. Флп 4, 4-5) і «Каб яны былі адно... Каб паверыў свет» (пар. Ян 17, 21), біскуп Юрый адзначыў, што заклік да хрысціянскай радасці звернуты да кожнага чалавека. Іерарх адкрыта закрануў праблемы канфліктаў, выгарання ў супольнасцях, розніцы паміж пакаленнямі і ізаляцыі праз «віртуальныя ўцёкі». Сапраўдным лекам ад гэтых небяспек пастыр назваў супольную Літургію Гадзінаў і як супольную, так і асабістую малітву, якія заўсёды важнейшыя за працу і актывізм, а таксама шчырасць, адкрытасць, любоў і супольны адпачынак (рэкрэацыю). Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый падзякаваў кармэлітам босым за іх сведчанне ў Беларусі і заахвоціў да далейшай вернасці.

Улада як служэнне і распазнанне Божай волі

Пасля абеду біскуп Юрый Касабуцкі прадставіў другую канферэнцыю, прысвечаную будучым выбарам новага кіраўніцтва Вікарыяту і іншых настаяцеляў. Спасылаючыся на словы святога Аўгустына аб тым, што Дух Святы з’яўляецца для Касцёла тым, чым душа для цела, іерарх адзначыў, што манаскае жыццё і Капітул — гэта цалкам вынік дзеяння Духа Святога, які непасрэдна кіруе прыняццем рашэнняў.

Біскуп падкрэсліў, што улада ў Касцёле — гэта не сродак рэалізацыі ўласных амбіцый, а дыяконія (служэнне), гэта значыць канал Божай любові і гатоўнасць аддаць жыццё за бліжніх. Абапіраючыся на пасланні святога апостала Паўла, які заклікаў дбаць пра сябе і пра даручаны статак, і на правілы святога Базыля Вялікага, ён нагадаў крытэрыі выбару настаяцеля. Выбар у Касцёле павінен быць распазнаннем Божай волі праз малітву, цішыню і пост, як вучыў святы Ігнацый Лаёла, інакш ён рызыкуе ператварыцца ў галасаванне паводле чалавечых сімпатый. Біскуп перасцярог ад падзелаў і стварэння груповак, якія сее д’ябал, і заклікаў прыняць вынік выбараў у духу вернасці і паслухмянасці, бо Бог кіруе супольнасцю нават праз абмежаваных людзей.

Напрыканцы разважанняў біскуп Касабуцкі пакінуў братам тры пытанні для медытацыі: Ці ўмеюць яны суцішыць свае эмоцыі, каб пачуць Духа Святога? Чаго менавіта яны шукаюць у кандыдатах на настаяцеляў? Як яны могуць падтрымаць новых настаяцеляў як супольнасць і кожны асабіста?

Гэты насычаны малітоўны дзень завяршыўся супольнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, ціхай медытацыяй, Нешпарамі і Камплетай. На працягу гэтага часу браты таксама збіраліся разам за супольным сталом.

Працоўны рытм і бліжэйшыя планы Кангрэсу

У праграме Кангрэсу прадугледжана, што 27 мая распачнецца працоўная частка форуму. Пасля Ютрані і ватыўнай святой Імшы да Духа Святога, якую ўзначаліць айцец Правінцыял, адбудзецца першая працоўная сесія. На ёй пройдуць афіцыйнае адкрыццё Кангрэсу, уводзіны, выбар сакратара, а таксама будуць прадстаўлены справаздачы за мінулае трохгоддзе Рэгіянальнага вікарыя, эканома і настаяцеляў супольнасцяў, пасля чаго запланавана дыскусія. Пасля абеду браты збяруцца на другую сесію, галоўнай падзеяй якой стане выбар новага Рэгіянальнага вікарыя і зацвярджэнне гэтага выбару Правінцыялам.

Працоўныя сесіі працягнуцца таксама 28 мая. Дзень распачнецца з Ютрані, ранішняй святой Імшы, а таксама медытацыі.

Трэцяя сесія будзе прысвечана выбару дарадчыкаў Рэгіянальнага вікарыяту, а таксама супольнай працы ў групах.

Пасля абеду браты збяруцца на заключную, чацвёртую сесію, падчас якой адбудуцца выбары настаяцеляў асобных супольнасцей кармэлітаў босых у Беларусі і зацвярджэнне прынятых рашэнняў. Разгледзеўшы бягучыя справы і зацвердзіўшы выніковы пратакол, III Капітулярны Кангрэс завершыць сваю працу. Удзельнікі просяць аб малітоўнай падтрымцы.

Абноўлена 27.05.2026 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця