Пошук

17.04.2026 09:28   Catholic.by
Ксёндз інфулат Станіслаў Кучынскі. Фота з прыватнага архіва

У чацвер 7 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Альковічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат) пройдзе святая Імша за спачылага ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага з нагоды 30-годдзя з дня яго смерці.

Жалобную Імшу ўзначаліць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня ККББ.

Пачатак у 12.00.

Перад Імшой у 11.30 будзе прачытаны даклад пра жыццё і дзейнасць святара.

Даведка

Ксёндз Станіслаў Кучынскі нарадзіўся ў 1914 годзе ў фальварку Марыямпаль, які належаў парафіі Альковічы. Пасля вучобы ў вілейскай гімназіі паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. У 1939 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне і быў скіраваны на душпастырскую працу ў якасці вікарыя ў парафію ў Свіры (сёння гэта Мядзельскі дэканат). Падчас Другой сусветнай вайны ён быў пераведзены ў Шэметава для дапамогі пажылому святару. Пасля смерці апошняга ў 1943 годзе стаў пробашчам парафіі і нёс служэнне на працягу доўгіх 47 гадоў. У 1973 годзе прызначаны генеральным вікарыем усходняй часткі Віленскай архідыяцэзіі, а ў 1979 атрымаў ганаровы тытул прэлата.

У 1990 годзе прыняў запрашэнне тагачаснага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і стаў першым рэктарам новастворанай Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Затым выконваў функцыю генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, спаведніка семінарыстаў і мадэратара некалькіх касцёльных рухаў. За вернае нястомнае служэнне Касцёлу ў 1991 годзе атрымаў тытул папскага протанатарыя (інфулата).

Святар памёр 8 мая 1996 года ў Гродне. У сваім тэстамэнце ён выразіў жаданне быць пахаваным у сваёй роднай парафіі ў Альковічах, дзе ён быў ахрышчаны і прыняў першую Святую Камунію. Пахаванне ксяндза Кучынскага адбылося 10 мая. Яго цела было перавезена з Гродна ў Альковічы і спачыла на касцёльнай тэрыторыі за апсідай касцёла.

Абноўлена 17.04.2026 11:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця