Пошук

11.03.2026 15:32   Тэкст і фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

10 сакавіка ў Пружанах (Пінская дыяцэзія) біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся на супольную малітву ў 30-ы дзень пасля смерці спачылага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца OP.

Нагадаем, што іерарх назадзіўся ў вёсцы Стараволя на Пружаншчыне, быў ахрышчаны ў касцёле ў Шарашове непадалёк ад Пружанаў і там жа знайшоў сабе месца вечнага спачынку.

Напачатку сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы, якія добра ведалі біскупа Казіміра, падзяліліся пра яго сваімі ўспамінамі. Затым прысутныя ў духу засяроджанасці мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзякуючы Богу за дар біскупа Велікасельца для Касцёла на Беларусі.

Кульмінацыяй стала святая Імша, ахвяраваная за спачылага, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў святароў з Пінскай і іншых беларускіх дыяцэзій. Разам з імі маліліся законныя браты і сёстры, вернікі і людзі добрай волі — знаёмыя спачылага біскупа.

Прывітаўшы прысутных, галоўны цэлебрант біскуп Дзям’янка выразіў перакананне, кажучы пра біскупа Велікасельца, што «яго жыццё было святым», і заахвоціў усіх да супольнай малітвы.

Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Напачатку ён адзначыў, што спачылы іерарх увесь час быў з’яднаны з Богам на малітве, звяртаючыся да Яго «ў радасці і ў горы», таму меў сілу перажыць розныя часы. Гэтая лучнасць з Творцам натхняла яго на думку пра жыццё пасля смерці, ужо ў іншым вымярэнні.

Прамоўца нагадаў пра сведчанне святара, аднаго з найбліжэйшых супрацоўнікаў біскупа Казіміра, якому ў дзень святога Казіміра прысніўся спачылы іерарх і сказаў: «Я не памёр, я жывы».

Тым не менш, па словах пастыра, у сітуацыі, калі памерлы не можа сам сабе дапамагчы ў справе збаўлення пасля смерці, бо час заслугаў ужо прайшоў, ён чакае дапамогі тых, хто памятае пра яго. Іерарх назваў некалькі дзейсных спосабаў такой дапамогі:

  • ахвяраваная Імша,
  • малітва,
  • учынак міласэрнасці,
  • акт прабачэння бліжняму.

Далей біскуп Касабуцкі раскрыў тэму багатага малітоўнага жыцця свайго спачылага субрата, адзначаючы, што акрэсленне «чалавек малітвы» гучыць адусюль і быццам бы прыстала да яго асобы.

Прамоўца ўспомніў і доўгія гадзіны штодзённай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, і няспынную малітву Ружанца падчас душпастырскіх выездаў, і некаторыя малітвы больш прыватнага характару, якіх біскуп Велікаселец вучыўся ад людзей, а потым прапаноўваў іншым, напрыклад, Вяночак да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Узгадваючы гісторыю жыцця біскупа Казіміра, напоўненага малітвай, пастыр падкрэсліў неад’емную ролю яго мамы ў ягоным малітоўным выхаванні, а затым «школу жыцця» падчас навучання ў ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага і ў рыжскай семінарыі. Менавіта адсюль, па меркаванні іерарха, паходзілі рашэнні спачылага біскупа Велікасельца, калі ён быў Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante, увесці штодзённую вячэрнюю адарацыю ў мінскай катэдры, на якой ён заўсёды прысутнічаў, а таксама яго здольнасць адкласці любую, нават найбольш пільную курыяльную справу, і адправіцца ў вызначаны час на малітву.

Адносячы словы псальму: «Руплівасць аб доме Тваім з’ядае мяне» (Пс 69 (68), 10) да асобы спачылага іерарха, прамоўца падкрэсліў, што ён быў «як жар, палаючы ў печы». Доказам гэтаму служыць справа будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі, якую біскуп вёў сам, ездзячы па парафіях, шукаючы ахвярадаўцаў і збіраючы ахвяраванні. З іншага боку, яго руплівасць праяўлялася ў тым, што ён як біскуп быў заўсёды гатовы служыць людзям у святых сакрамэнтах, таксама і ў сакрамэнце пакаяння. Менавіта ў канфесіянале распачаўся яго шлях непасрэднага пераходу ў вечнасць. Таму, як сцвердзіў прамоўца, біскуп Казімір захаваў «дух святара, дух сапраўднага слугі Хрыста».

«Сапраўды, гэта вялікі, моцны чалавек, які прайшоў багатае жыццё, напоўненае рознымі падзеямі, нялёгкае жыццё, якое было жыццём з Хрыстом»,

— такім было завяршаючае гамілію сведчанне біскупа Касабуцкага.

Напрыканцы Эўхарыстыі сваімі ўспамінамі аб біскупе Велікасельцы з часу святарскага служэння іерарха ў Брэсце падзяліўся архімандрыт Сяргей Гаек, адзначыўшы асаблівую пашану спачылага да Маці Божай у малітве Ружанца і яго заахвоту, каб грэка-католікі як найчасцей спявалі Акафіст да Маці Божай.

Біскуп Антоні Дзям’янка, падкрэсліваючы, што спачылы пастыр «заўсёды ішоў туды, дзе было цяжка», даверыў яго «нябесным» малітвам бягучыя цяжкія справы мясцовага Касцёла.

Супольны спеў малітваў «Анёл Панскі» і «Вечны адпачынак» за біскупа Казіміра Велікасельца завяршыў малітоўную сустрэчу ў пружанскім касцёле.

Абноўлена 11.03.2026 18:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.