Пошук

12.02.2026 19:26   Фота: кс. Чэслаў Ладыка / Catholic.by

12 лютага ў катэдральнай базіліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося ўрачыстае літургічнае развітанне з біскупам Казімірам Велікасельцам, пасля чаго цела біскупа было перавезена у яго родную парафію ў Шэрашаве (Пружанскі раён) — месца яго вечнага спачынку.

Пахавальная ўрачыстасць распачалася спевам Ютрані з афіцыя за памерлых.

Пахавальную літургію святой Імшы ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама ў Эўхарыстыі прынялі ўдзел Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскi SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары, браты і сёстры законныя, а таксама вернікі. З прысутнымі духоўна злучаўся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які знаходзіўся ў шпіталі.

Пасля гэтага канцлер Пінскай курыі ксёндз Андрэй Рылка зачытаў спачуванне ад Дзяржаўнага Сакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П’етра Параліна ад імя Папы Льва XIV.

Біскуп Антоні Дзям’янка падзяліўся сваімі  ўспамінамі пра спачылага біскупа Казіміра.

«Дзякуем Пану Богу за дар жыцця гэтага добрага пастыра, а таксама за ўсё, што ён зрабіў для Пінскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі»,

—  падкрэсліў ён.

Распачынаючы літургію святой Імшы, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нагадаў прысутным, што біскуп Казімір быў добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але таксама і па-за яе межамі.

«Каб Езус Хрыстус змёртвыхпаўсталы, якому служыў біскуп Казімір і якога ён паслухаў: "Пайдзі за Мною і будзь мне верны", прыняў яго ў сваё Валадарства і ўзнагародзіў жыццём вечным», — агучыў прысутным сваю малітоўную інтэнцыю іерарх.

У гаміліі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да біяграфіі памерлага біскупа Казіміра і падкрэсліў, што сваім служэннем ён пакінуў знак вернасці святарскаму служэнню: «Ён заўсёды заставаўся верным свайму пакліканню і быў святаром і біскупам паводле Сэрца Езуса. Ён любіў людзей і ахвярна служыў кожнаму».

Арцыбіскуп падкрэсліў, што біскуп Казімір пакінуў адметны след на Палескай зямлі: ён дапамагаў бедным, будаваў касцёлы, праводзіў шмат рэкалекцый. Таксама ён смела падымаў вострыя маральныя і сацыяльныя праблемы сучаснасці і адказваў на іх згодна з вучэннем Евангелля, адзначаючыся пры гэтым эўхарыстычнай і марыйнай пабожнасцю, сціпласцю і пакорай.

«Яго смела можна назваць голасам сумлення нашага часу. Ён быў як пражэктар, які асвячаў людзям шлях іх жыцця»,

— дадаў арцыпастыр.

На смерць біскуп Велікаселец глядзеў не як на завяршэнне жыцця, а на яго новы пачатак і гэтай праўдзе вучыў людзей.

Божы Провід так распарадзіўся, што біскуп Казімір адыйшоў па нябесную ўзнагароду ў пабудаванай ім капліцы побач распачатага ім жа будаўніцтва новага касцёла. Пасля Імшы ў касцёле Нараджэння Марыі сам за стырном прыехаў да капліцы і пайшоў спавядаць. Там яму стала дрэнна.

«Яго марай было пабудаваць новы касцёл Унебаўзяцця Насвяцейшай Паныы Марыі ў Гомелі. Не паспеў. Таму завяршэнне будовы — гэта заданне нам, каб увекавечыць яго памяць»,

— такі заклік арцыпастыр накіраваў да абсалютна кожнага верніка і проста чалавека добрай волі, выражаючы жаданне, каб у гэтую справу ўключылася літаральна ўся Беларусь.

Сваю гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч скончыў словамі падзякі спачыламу субрату за яго служэнне: «Дзякуем табе, наш верны брат, паплечнік і супрацоўнік біскуп Казімір. Ты згарэў на алтары служэння Богу, Касцёлу і людзям, як згарае свечка. Табе можна адрасаваць словы святога апостала Паўла: “Бег скончыў, веру захаваў; нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці” (пар. 2 Цім 4, 7-8). Няхай Усемагутны і міласэрны Бог праз заступніцтва Маці Божай Міласэрнасці ўвядзе цябе ў радасць вечнага шчасця ў небе».

Напрыканцы Імшы слова ўзяў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, які таксама выказаў спачуванні: «Многія ведалі біскупа як пастыра, здольнага цярпліва слухаць, падтрымліваць без асуджэння, захоўваць надзею нават тады, калі яе не заставалася. У нялегкія часы ён умеў быць трывалай апорай дзякуючы моцы сваёй веры».

Ксёндз Андрэй Рылка выступіў ад імя святароў і вернікаў Пінскай дыяцэзіі. Таксама да прысутных звярнулася прадстаўніца вернікаў Пінскай дыяцэзіі. Асаблівым чынам і святар, і верніца падкрэслівалі малітоўны характар жыцця біскупа Казіміра і тое, што ён заўсёды заахвочваў да супольнай малітвы.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі зачытаў спачуванні, якія ён атрымліваў на працягу гэтых дзён ад тых, хто разам з усімі смуткаваў і перажываў страту біскупа Казіміра.

«Наш біскуп Казімір быў светачам, які цяплом сваёй малітвы саграваў сэрцы святароў і вернікаў. Яго мудрасць, мужнасць, духоўнасць, адданасць і вернасць Богу былі каштоўнымі дарамі для Пінскай дыяцэзіі і ўсёй нашай краіны»,

— сказаў напрыканцы іерарх.

Святая Імша скончылася пастырскім благаслаўленнем, якое ўдзялілі ўсе іерархі.

Пасля святой Імшы адбыліся абрады апошняга развітання з памерлым іерархам, якія узначалій біскуп Андрэй Зноска, які разам з біскупамі, святарамі і манаскімі асобамі у жалобнай працэсіі правёў труну з целам спачылага біскупа Казіміра да брамы касцёльнага пляцу, адкуль яно вырушыла ў свой апошні шлях да месца пахавання ў мястэчку Шарашова Пружанскага раёна.

Абноўлена 12.02.2026 23:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа