Пошук

28.10.2026 12:58   Catholic.by
Фота: Віктар Ведзень

28 кастрычніка, у свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, свае імяніны адзначае арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. З гэтай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, разам са сваім сакратаром, ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам, кіруе да імянінніка словы віншаванняў.

Ваша Эксцэленцыя,
Глыбокапаважаны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч!

З Зальцбурга, дзе ў гэтыя дні мы разам з маім сакратаром, ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам, прымаем удзел у сустрэчы Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, духоўна яднаемся з Вамі і шлём нашы самыя цёплыя і сардэчныя віншаванні з нагоды дня Вашых імянінаў — свята Вашага нябеснага заступніка, святога апостала Юды Тадэвуша.

Святы Юда Тадэвуш на працягу стагоддзяў шануецца вернікамі як заступнік у самых цяжкіх і безнадзейных справах, як мужны сведка веры і Хрыста.

Ваша шматгадовае, ахвярнае і руплівае служэнне на ніве Пана, Ваш удзел у справе адраджэння Касцёла на нашай роднай зямлі і нястомная пастырская праца з’яўляюцца жывым прыкладам такой жа апостальскай палымянасці і бязмежнага спадзявання на Божы Провід.

У гэты святочны дзень, дзякуючы Богу за дар Вашага жыцця і паклікання, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і святога апостала Юды Тадэвуша, выпрошваем для Вас моцнага здароўя, душэўнага спакою, невычэрпнай радасці ў Пану і багацця Ягоных дароў. Няхай Міласэрны Бог умацоўвае Вашыя сілы ў Вашым далейшым служэнні Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі.

Запэўніваем Вас у нашай няспыннай малітоўнай памяці.

З павагай і братэрскай любоўю ў Хрысце,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Ксёндз канонік Юрый Ясевіч
Прэс-сакратар ККББ
Абноўлена 28.10.2026 13:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа