Пошук

28.10.2026 15:12   Тэкст і фота: удзельнікі «Альфа Курса» / Catholic.by

 

25 кастрычніка ў касцёле Божага Цела ў мікрараёне Ангарская (Мінск, вул. Герасіменкі, 6) адбылася важная падзея для каталіцкай супольнасці Беларусі. Тут прайшла першая фармацыйная сустрэча супрацоўнікаў евангелізацыйнага Альфа-курсу, якая аб’яднала ўдзельнікаў з Мінска і Навагрудка.

Каля 100 чалавек сабраліся, каб распачаць сумесны шлях служэння. Такая вялікая колькасць удзельнікаў стала яркім сведчаннем жывога водгуку на пакліканне Хрыста і жадання несці святло Евангелля ў сучасным свеце.

Аб’яднанне сталічнай і навагрудскай супольнасцяў падкрэсліла галоўнае: місія евангелізацыі не ведае межаў, яна будуецца на адзінстве сэрцаў і агульнай мэце.

Альфа-курс — гэта вядомы ва ўсім свеце інструмент новай евангелізацыі, які дапамагае людзям задаць галоўныя пытанні пра сэнс жыцця, веру і асобу Езуса Хрыста.


Служэнне супрацоўніка курса на абшары Новай Евангелізацыі патрабуе глыбокай укаранёнасці ў веры і валодання якаснай тэалагічнай базай. Менавіта таму першым этапам фармацыі служачых Альфы стала «Школа вучня Хрыста», якая разлічана на 16 сустрэч і пабудавана па прынцыпе цэласнага духоўнага і інтэлектуальнага росту.

Праграма кожнай сустрэчы «Школы вучня Хрыста» ўключае ў сябе: 

  • праслухоўванне тэматычных лекцый, якія раскрываюць асновы каталіцкай веры і духоўнага жыцця;
  • працу ў малых групах, дзе адбываецца абмен досведам веры і будуюцца братэрскія адносіны;
  • індывідуальную працу з Божым словам, якая дазваляе асабіста сустрэцца з Богам у малітве і разважанні над Святым Пісаннем;
  • вывучэнне Настаўніцтва Каталіцкага Касцёла, што дапамагае сфарміраваць цэласнае, глыбокае і сістэмнае разуменне веры, абапіраючыся на вучэнне і мудрасць Касцёла.

Першая сустрэча стала толькі адпраўной кропкай. Наперадзе месяцы паглыблення неабходных адмысловых ведаў і ўнутранай трансфармацыі. Але галоўнае — гэта падрыхтоўка да таго, каб у будучыні прыняць у свае супольнасці новых людзей, спадарожнічаць ім на шляху веры і дапамагчы асабіста сустрэцца з жывым Богам.

Падрабязнасці пра тое, як арганізаваны курс і як стаць яго ўдзельнікам ТУТ>>>.

Альфа-курс у Мінску праводзіцца з дазволу і благаслаўлення арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Духоўнае кіраўніцтва Альфа-курсам у сталіцы ажыццяўляе ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

 

Абноўлена 28.10.2026 15:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця