
22 красавіка 2026 года ў Пастаральным цэнтры імя святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах адбыўся Форум касцёльнага права, арганізаваны Беларускай асацыяцыяй касцёльнага права. Сустрэча была прысвечана тэме: «Касцёльнае права ў сучасным кантэксце: паміж кананічнай нормай і пастырскай рэальнасцю».
Форум сабраў іерархаў Касцёла, святароў, кананістаў, прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў, а таксама ўсіх, хто зацікаўлены ў актуальных пытаннях функцыянавання касцёльнага права.
На пачатку сустрэчы старшыня асацыяцыі, ксёндз канонін доктар Віктар Гайдукевіч SDB, які быў адначасова мадэратарам спаткання, прывітаў усіх удзельнікаў форума, асаблівым чынам ганаровых гасцей: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які адначасова з'яўляецца ганаровым старшынёй Асацыяцыі, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноску, сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ксяндза прэлата Кшыштафа Сэроку, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, ксяндза Яна Раманоўскага, рэктара міждыяцэзіяльнай семіанрыі ў Гродна, а таксама ўсіх прысутных.
Ганаровы старшыня асацыяцыі, арцыбіскуп Юзаф, распачаў форум малітвай і такім чынам надаў працы духоўны накірунак.
У сваім уступным слове старшыня Асацыяцыі, ксёндз Віктар Гайдукевіч, вітаючы ўдзельнікаў падкрэсліў, што
цяперашні форум з’яўляецца лагічным працягам дзейнасці Беларускай асацыяцыі касцёльнага права пасля апошняга пленарнага пасяджэння ў 2024 годзе. За гэты час былі вызначаны асноўныя напрамкі працы, а сама сустрэча стала спробай напоўніць іх жывым зместам і канкрэтнай дыскусіяй.
У працоўнай часцы ўдзельнікі форуму засяродзіліся на найбольш актуальных сферах, у якіх напружанне паміж кананічнай нормай і пастырскай практыкай праяўляецца найбольш выразна, перадусім у справах аб сцвярджэнні нядзейнасці сужэнства — сферы, дзе кананічная норма непасрэдна сустракаецца з канкрэтнымі чалавечымі гісторыямі, часта складанымі, балючымі і неадназначнымі.
Другім напрамкам у тым жа самым кантэксце была перадшлюбная падрыхтоўка, асаблівым чынам перадшлюбны пратакол. Ён быў прадстаўлены не проста як фармальная працэдура, але як важны пастырскі і кананічны інструмент, які дазваляе загадзя выявіць магчымыя перашкоды і забяспечыць сапраўднасць сужэнскай згоды. Такім чынам, паміж судовай практыкай і перадшлюбнай падрыхтоўкай існуе глыбокая ўнутраная сувязь: адна паказвае наступствы, другая працуе на ўзроўні прафілактыкі.
Асобным блокам была разгледжана тэма рэгістрацыі манаскіх супольнасцяў у беларускім заканадаўстве. У гэтым кантэксце кананічнае права сустракаецца ўжо не толькі з унутраным жыццём Касцёла, але і з вонкавымі юрыдычнымі і сацыяльнымі ўмовамі. Гэтае пытанне адкрывае новае вымярэнне напружання — паміж ідэнтычнасцю і адаптацыяй, паміж вернасцю і магчымасцю дзейнічаць, дзе простых рашэнняў не існуе.
У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў:
«Разважанні пра права і праўду не могуць абмяжоўвацца выключна тэарэтычным узроўнем, але павінны знаходзіць сваё рэальнае ўвасабленне ў жыцці Касцёла. Праўда паклікана асвятляць кожнае дзеянне чалавека і здзяйсняцца ў любові, якая вядзе да сапраўднай справядлівасці і заўсёды скіравана да збаўлення чалавека ў Хрысце».
Тэма форуму — «Паміж кананічнай нормай і пастырскай рэальнасцю» — паводле арцыбіскупа, не азначае супрацьпастаўлення, але ўказвае на жывую напружанасць, у якой Касцёл штодзённа ажыццяўляе сваё служэнне. Гаворка ідзе не пра выбар паміж нормай і рэальнасцю, але пра неабходнасць шукаць гармонію паміж юрыдычнай дакладнасцю і пастырскай адказнасцю.
У развіцці сваёй думкі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да навучання Папы Льва XIV, прадстаўляючы яго як важны арыенцір для разумення сучаснай кананічнай і пастырскай рэчаіснасці.
Спасылаючыся на зварот Папы да Трыбунала Рымскай Роты, ён падкрэсліў, што ў аснове дзейнасці Касцёла знаходзіцца глыбокая і непарыўная сувязь паміж праўдай, справядлівасцю і любоўю. Гэтыя вымярэнні не супрацьпастаўляюцца адно аднаму, але ўтвараюць унутрана едную рэальнасць, якая павінна знаходзіць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў жыцці.
Перадаючы думку Папы, арцыбіскуп адзначыў, што ў судовай і пастырскай практыцы нярэдка ўзнікае напружанне паміж патрабаваннем аб’ектыўнай праўды і клопатам пра канкрэтнага чалавека. З аднаго боку, існуе рызыка размывання праўды праз празмернае спачуванне і неўраўнаважаную пастырскую блізкасць; з іншага — небяспека фармальнага, «халоднага» прымянення нормы без уліку жыццёвых абставін. Абедзве крайнасці, як было падкрэслена, могуць адхіляць ад сапраўднай справядлівасці.
У якасці ключа да правільнага разумення гэтай напружанасці арцыбіскуп прывёў словы апостала Паўла — «veritatem facientes in caritate» (Эф 4, 15), на якія звяртае ўвагу Папа. Гаворка ідзе не толькі пра абвяшчэнне праўды, але пра яе здзяйсненне ў любові, якая становіцца крыніцай сапраўднай справядлівасці. У гэтым святле праўда павінна шукацца і выяўляцца ў логіцы любові, а любоў — асэнсоўвацца і ўвасабляцца ў святле праўды.
Такім чынам, як было падкрэслена ў выступленні, агульны гарызонт кананічнай дзейнасці Касцёла вызначаецца прынцыпам salus animarum як найвышэйшым законам, які надае сэнс усяму служэнню праўдзе і справядлівасці.
Ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, перадаў словы прывітання і пастырскае благаслаўленне ад Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, які сардэчна вітае ўсіх удзельнікаў і жадае плённай працы.
У сваім звароце ён падкрэсліў, што развіццё кананічнага права мае асаблівае значэнне як у кантэксце паўсюднага Касцёла, так і на ўзроўні мясцовай рэчаіснасці.
У якасці духоўнага імпульсу да ўдзельнікаў прагучалі словы Папа Льва XIV з прамовы з нагоды інаўгурацыі судовага года 26 студзеня гэтага года ў Клеменцінскай зале. Звяртаючыся да прэлатаў Рымскай Роты, Папа падкрэсліў, што служэнне суддзі ў Касцёле мае глыбокае эклезіяльнае значэнне, бо служыць не толькі справядлівасці, але перадусім збаўленню чалавека. Ён адзначыў, што ўласны досвед служэння ў судовай сферы дазваляе яму лепш разумець адказнасць і місію касцёльных судоў, і заклікаў, каб уся іх дзейнасць заўсёды кіравалася сапраўднай любоўю да бліжняга, якая непарыўна звязана з вернасцю праўдзе Евангелля.
Завяршаючы гэты зварот, ксёндз Прэлат даручыў працу ўсіх удзельнікаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі — Speculum iustitiae (Люстэрка справядлівасці), як дасканаламу ўзору еднасці праўды і любові, жадаючы ўсім плённай і натхнёнай працы.
У асноўнай частцы форуму былі прадстаўлены даклады і адбыліся інтэнсіўныя дыскусіі. Першы даклад у анлайн-фармаце прадставіў ксёндз прафесар Лешэк Адамовіч, кіраўнік катэдры права Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта. Яго выступленне было прысвечана тэме: сужэнства ў святле апошніх выказванняў Апостальскай Сталіцы.
Даклад паказаў сучасны кірунак развіцця кананічнага права: не змяненне дактрыны, а яе паглыбленае разуменне ў святле пастырскіх выклікаў. У цэнтры застаецца праўда як мэта касцёльнага працэсу, які разглядаецца як служэнне справядлівасці і чалавеку.
Было падкрэслена нязменнае вучэнне пра сужэнства як саюз мужчыны і жанчыны, заснаваны на адзінстве, непарыўнасці і адкрытасці на жыццё. Асобная ўвага была нададзена сувязі паміж верай і сужэнскай згодай: адсутнасць веры сама па сабе не робіць шлюб несапраўдным, але можа ўплываць на інтэнцыю бакоў.
Таксама былі закрануты актуальныя этычныя пытанні і рэформы, уведзеныя дакументамі Mitis Iudex Dominus Iesus і Mitis et Misericors Iesus, якія спрасцілі працэдуры і ўзмацнілі ролю біскупа.
У выніку было адзначана, што кананічнае права ў гэтай сферы развіваецца як прастора сустрэчы праўды і міласэрнасці, дзе норма і пастырская рэальнасць узаемна дапаўняюць адна адну.
Другі даклад, прадстаўлены айцом Яўгенам Усошыным, протасінкелем Апостальскай адміністратуры для грэка-католікоў, канцлера курыі Апостальскай адміністратуры, быў прысвечаны перадшлюбнай падрыхтоўцы. У ім было паказана, што перадшлюбны пратакол застаецца важным інструментам распазнання, адказнасці і пастырскага суправаджэння, а не толькі фармальнай умовай перад заключэннем сужэнства.
Трэці даклад, прадстаўлены біскупам Андрэем Зноскам, быў прысвечаны канкрэтнай і надзвычай актуальнай тэме — рэгістрацыі манаскіх супольнасцяў у сучасных умовах.
У сваім выступленні біскуп Андрэй прадставіў дзеючае беларускае заканадаўства, якое дакладна рэгулюе паняцці, формы і межы дзейнасці розных відаў рэлігійных арганізацый.
Асаблівая ўвага была звернута на значэнне афіцыйнай рэгістрацыі, якая забяспечвае юрыдычную суб’ектнасць і адкрывае магчымасць для паўнавартаснай дзейнасці ў прававым полі дзяржавы. Было падкрэслена, што гаворка ідзе не толькі пра фармальную працэдуру, але пра неабходную ўмову стабільнага існавання і развіцця супольнасцяў, а таксама пра гарантыю іх прававой абароненасці.
Біскуп Андрэй не толькі акрэсліў існуючыя патрабаванні і абмежаванні, але і паказаў практычныя аспекты іх прымянення, звяртаючы ўвагу на тыя цяжкасці і выклікі, з якімі сутыкаюцца манаскія супольнасці ў працэсе рэгістрацыі. У гэтым кантэксце прагучаў выразны заклік да большай адказнасці і актыўнасці: манаскія супольнасці былі заахвочаны смялей і больш свядома ўваходзіць у прававую прастору, выкарыстоўваючы існуючыя магчымасці для ўмацавання сваёй прысутнасці і служэння.
У выніку даклад адкрыў шырэйшую перспектыву разумення ўзаемасувязі паміж кананічнай і грамадзянскай рэальнасцю, паказваючы, што эфектыўнае функцыянаванне манаскіх супольнасцяў сёння патрабуе не толькі вернасці свайму пакліканню, але і дакладнай арыентацыі ў прававым кантэксце.
Пасля кожнага выступлення адбывалася жывая дыскусія, якая сведчыла пра актуальнасць закранутых пытанняў і глыбокую зацікаўленасць удзельнікаў.
Падводзячы вынікі форуму, ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB падкрэсліў, што касцёльнае права нельга разумець ні як чыстую тэорыю, ні як выключна практычны інструмент. Яно жыве там, дзе кананічная норма сустракаецца з канкрэтным чалавекам, і таму патрабуе не толькі ведаў, але і пастырскай чуласці, а таксама здольнасці глыбока бачыць рэальнасць.
Таму галоўны вывад сустрэчы можна сфармуляваць наступным чынам: касцёльнае права — гэта форма адказнага служэння праўдзе, справядлівасці і дабру душаў.
Форум выразна паказаў, што ў сучасных умовах Касцёл стаіць перад пастаяннай неабходнасцю шукаць раўнавагу паміж вернасцю кананічнай норме і адказам на рэальныя выклікі жыцця.
І хоць не ўсе пытанні атрымалі канчатковыя адказы, былі выразна акрэслены кірункі далейшай працы, што само па сабе з’яўляецца важным вынікам і сведчаннем жывога развіцця касцёльнага права ў Беларусі.
Сустрэча завяршылася супольнай малітвай падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Напрыканцы літургіі Мітрапаліт, арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, ад імя ўсіх прысутных павіншаваў з імянінамі — напярэдадні ўспаміну святога Юрыя — біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, а таксама ксяндза каноніка Юрыя Ясевіча, прэс-сакратара Канферэнцыі.





















































