Пошук

07.11.2026 23:02   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Аляксандр Панчанка / Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Фота: Vatican Media / Catholic.by

6 кастрычніка — першы дзень апостальскага падарожжа Папы Льва XIV у краіны Лацінскай Амерыкі — адзначыўся сустрэчамі ў сталіцы Уругвая Мантэвідэа з кіруючымі элітамі, семінарыстамі, навіцыямі і адказнымі за іх фрамацыю, законнікамі і законніцамі, а таксама моладдзю.

Папа — элітам: даваць Хрыста і супрацоўнічаць дзеля дабра людзей

Сустрэча з уругвайскім істэблішментам адбылася на Плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэа побач з велічным помнікам генералу Хасэ Хервазіа Артыгасу — ключавой постаці ў гісторыі барацьбы за незалежнасць краіны.

«Маючы шматвяковую гісторыю веры і служэння, Касцёл жадае і надалей прапаноўваць уругвайскаму народу тое, што сам атрымаў — Езуса Хрыста і надзею Яго Евангелля, а таксама супрацоўнічаць у межах сваёй місіі з усімі, хто дзейнічае дзеля агульнага дабра і годнасці кожнага чалавека»,

— сказаў Папа ў звароце да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ва Уругваі.

Папа нагадаў элітам Уругвая пра важнасць абароны жыцця, падтрымкі сям’і, клопату пра уразлівых, справядлівага эканамічнага развіцця і міру. Ён запэўніў, што Касцёл хоча служыць усяму ўругвайскаму народу і несці яму надзею Хрыста.

Папа ў катэдры Мантэвідэа: малітва і пост за пакліканні і прыклад тых, «што састарэлі, робячы дабро»

Вечарам Леў XIV узначаліў Нешпары з біскупамі, святарамі, дыяканамі, законнікамі, законніцамі і семінарыстамі ў катэдры Мантэвідэа.

У казанні ён нагадаў, што ў 2024 годзе міждыяцэзіяльная семінарыя не прыняла ніводнага новага кандыдата, і тады вернікі пачалі збірацца на дні малітвы і посту за пакліканні.

Сёння некалькі маладых людзей ужо вучацца ў семінарыі або выбралі законнае жыццё, і яны былі ў катэдры. Папа ўбачыў у гэтым доказ таго, што Бог чуе малітву свайго народа, і папрасіў біскупаў усяго свету ладзіць такія дні ў сваіх дыяцэзіях. «Няхай парафіі, сем'і і манаскія супольнасці далучацца да гэтай малітвы, а прыклад гэтай зямлі натхніць многіх маліцца з такім жа даверам», — сказаў ён.

Любоў Хрыста дасягнула многіх людзей і праз святароў і кансэкраваных асоб, звярнуўся Біскуп Рыма да прысутных. Іх вочы бачылі, як растуць цэлыя пакаленні, і заўважалі слёзы, якіх ніхто не бачыў. Іх вушы чулі прызнанні, якія цяжка вымавіць. Колькі людзей прыходзіла да споведзі са страхам, а выходзіла з радасцю ад атрыманага прабачэння! Іх рукі ўздымалі Цела Хрыста, даглядалі хворых, гатавалі ежу і падтрымлівалі тых, хто ўжо не мог ісці. Праз харызмы законных супольнасцей гэтыя рукі неслі людзям Божую ласкавасць. На многіх з іх засталіся сляды гадоў і працы.

«Якія прыгожыя рукі, што састарэлі, робячы дабро!»

— усклікнуў Святы Айцец.

Пад скляпеннямі катэдры пахаваны благаслаўлёны Хасінта Вера. Яго ногі хадзілі па дарогах Уругвая з Евангеллем, а рукі благаславілі, дапамагалі бедным і ўдзялялі сакраманты. Законніца, якая доўгія гады яго ведала, успамінала: «Дастаткова было паглядзець на яго, каб здалося, што ён заўсёды моліцца». Сувязь з Богам сфарміравала яго твар, жэсты і тое, як ён абыходзіўся з людзьмі.

«Вось адзін з сакрэтаў евангелізацыі: быць падобнымі да Таго, каго мы абвяшчаем», — падкрэсліў Пантыфік.

Семінарыстам і навіцыям Леў XIV параіў глядзець на тых, хто ішоў гэтым шляхам раней: на іх зношаныя рукі, нязменную любоў і блізкасць да Езуса.

Тых, хто ўжо шмат гадоў служыць, ён заклікаў вяртацца да галоўнага — да цішыні малітвы, слухання Божага слова і сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі. Менавіта там абнаўляецца любоў, дзеля якой яны аддалі Яму жыццё.

Леў XIV — моладзі: Спявайце колькі заўгодна

Увечары пасля Нешпараў з біскупамі, святарамі, дыяканамі, законнікамі, законніцамі і семінарыстамі ў катэдры Беззаганнага Зачацця і святых Філіпа і Якуба ў Мантэвідэа, Папа накіраваўся ў апостальскую нунцыятуру, дзе ён будзе пражываць падчас свайго візіту ва Уругвай.

Прыбыўшы ў нунцыятуру, Леў XIV нечакана выйшаў на балкон і звярнуўся да людзей, якія сабраліся перад сядзібай дыпламатычнага прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы.

«Бачу, што Уругвай — краіна моладзі з верай»,

— сказаў ён.

Пантыфік падзякаваў прысутным за цёплы прыём, які яму аказалі ў першы дзень падарожжа ва Уругвай, і падкрэсліў прысутнасць моладзі, якая прыйшла яго прывітаць.

«Мне вельмі прыемна вітаць вас усіх. Спадзяюся ўбачыць вас зноў у гэтыя дні. Нунцый кажа, што хоча спаць, але спявайце колькі заўгодна. Добра, можа, не зусім да раніцы, бо суседзі таксама захочуць спаць, але вялікі дзякуй вам, дзякуй за ваш энтузіязм, дзякуй, што вы тут. Няхай Бог благаславіць вас усіх, і няхай благаслаўленне Бога Айца, Сына і Святога Духа заўсёды сыходзіць на вас. Дабранач!» — сказаў Папа.

Абноўлена 08.11.2026 00:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.